Прафесіі, якія знікаюць

Рымар, бондар, рамізнік, балагол, чумак, гарбар… падобны шэраг прафесій можна доўжыць. Не шмат нашых сучаснікаў упэўнена скажуць, чым канкрэтна ў мінулым займаліся гэтыя спецыялісты. Яшчэ каля ста гадоў таму чалавек мог у маладосці засвоіць пэўную прафесію і працаваць у ёй, не перавучваючыся, усё жыццё. Адно толькі ўдасканальваючы звыклыя прыёмы працы. Тэхналогіі з часам мяняліся, але гэты працэс займаў у больш, чым жыло адно пакаленне. Цяпер жа ўсё інакш.

Адзін мой аднакурснік, з якім мы разам закончылі політэхнічны інстытут, доўгі час працаваў у будаўніцтве, але на пачатку 2000-х сышоў у прыватны бізнес. Гадоў праз дзесяць нешта ў яго там не заладзілася, і ён вырашыў вярнуцца ў прафесію. Здавалася б, спецыяліста, які працаваў на ўзвядзенні ўнікальных аб’ектаў, у вядомых будаўнічых кампаніях прарабам, начальнікам участка, павінны ўзяць імгненна. Але ж не атрымалася – не прайшоў кваліфікацыйную камісію. Выявілася, што ён не мае ўяўлення пра добрую палову сучасных будаўнічых матэр’ялаў і тэхналогій. А прайшло толькі крыху болей дзесяці гадоў, калі ён апошні раз быў на будаўнічай пляцоўцы. Давялося садзіцца за вучобу. У выпадку з маім аднакурснікам хаця б прафесія засталася, а ёсць прафесіі, што зніклі на вачах цяперашніх пакаленняў. Дзе, напрыклад, сёння адшукаць майстра, здольнага зрабіць традыцыйны дах хаты з гонты – драўляных пашчапаных пласцін, а тым больш, саламяны ці чаратовы. Пара спецыялістаў на ўсю краіну пры музеях драўлянага дойлідства!

У савецкія часы, напрыклад, дэфіцытнай на рынку была прафесія пераплётчыка кніг. Шмат хто збіраў папулярныя раманы, што друкаваліся ў “тоўстых” часопісах з працягам, а потым аддаваў іх пераплесці ў адну кнігу. У мяне самога колькі такіх “самапальных” тамоў дагэтуль стаяць на паліцах. Дзе яны цяпер – тыя пераплётчыкі, якія добра зараблялі на аматарах пачытаць? Іх цяпер адзінкі, працуюць у буйных бібліятэках у аддзелах рэдкіх і старажытных кніг. А майстры па рамонце друкарскіх машынак? У дакампутарную эпоху яны таксама някепска зараблялі. Каб паставіць на друкарку беларускі шрыфт – дадаць у рускую кірыліцу “і”, “ў” ды апостраф, трэба было аддаць майстру трыццаць рублёў, па дзесяць за кожны знак.

Пад пагрозай знікнення ў бліжэйшай будучыні прафесіі бібліятэкара, архівіста – тых, хто выдае кнігі і дакументы. Уся наяўная інфармацыя неўзабаве будзе алічбаваная, і азнаёміцца з ёй можна будзе не выходзячы з дому. Знікне патрэба ў шэраговых музейных экскурсаводах, білецёрах, касірах.

Як ні дзіўна, але неўзабаве можа знікнуць і патрэба ў журналістах-рэпарцёрах. Інфармацыйныя тэксты ўжо і сёння здольныя пісаць кампутарныя праграмы. Ды і нядаўні фармат выданняў змяняецца. Навіны хутчэй, чым традыцыйныя СМІ, выкладаюць у сацыяльных сетках карыстальнікі. Так што паляваць за сенсацыямі робіцца бессэнсоўна. Вядома ж, журналістыка будзе існаваць, але працаваць у ёй застануцца толькі аналітыкі, калумністы, фельетаністы, тыя, хто стварае сапраўды ўнікальныя аўтарскія тэксты.

Не стане і турагентаў, усё часцей людзі самастойна знаходзяць гатэлі і курорты. Адамруць прафесіі вадзіцеляў, а з імі і інспектараў ДАІ, пілотаў, дыспетчараў, машыністаў. За чалавекам застанецца толькі кантроль за працай кампутараў і ўмяшальніцтва пры фарсмажоры.

Зразумела, што і ў будучым застануцца аматары рэстарацый з унікальнай кухняй, тыя, хто любіць сам сесці за руль аўтамабіля. Аднак, гэта будуць адзінкі. Як і цяпер ёсць аматары верхавой конскай выездкі. Так што маладым людзям трэба быць асцярожнымі пры выбары прафесіі.

Афиша города