pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Запланаваныя падарожжы

Запланаваныя падарожжы

31.05.2020, 14:51 Просмотров 1320

На цяперашняе лета шмат у каго з беларусаў меліся свае планы на адпачынак. Нехта загадзя выкупіў туры на Міжземнае, Чырвонае, Чорнае, Балтыйскае мора, каб крыху зэканоміць. Рыхтаваліся пакаваць рэчы аматары перасоўвацца па замежжы аўтастопам. Студэнты лінгвістычных факультэтаў планавалі падацца на летнія заробкі. Гаспадары айчынных аграсядзіб рабілі рамонт, дабудоўвалі лазні і іншыя выгоды на сваіх сядзібах. А тут пандэмія кітайскага каранавіруса знянацку накрыла ўсе гэтыя чароўныя планы медным тазам. Раней, калі людзі падпісвалі дамовы з турыстычнымі фірмамі, то практычна не звярталі ўвагі на пункты, дзе згадваліся словы “фарсмажор, “падзеі непераадольнай сілы”. Цяпер, разумею, будуць звяртаць на іх увагу ў першую чаргу. Так што гэтая галіна эканомікі на пэўны час стала толькі тэмай для разваг. Турызм, як з’ява, здаецца нам нечым не вельмі далёкім у часе. Але насамрэч, ён толькі крыху маладзейшы, чым гісторыя нашай цывілізацыі. Першымі вядомымі навукоўцам турыстамі былі старажытныя рымляне. Яны любілі падарожжы. Самым улюбёным накірункам з’яўляўся Егіпет. У буйных старажытна-рымскіх гарадах працавалі нават, як бы цяпер сказалі, “турыстычныя фірмы”, якія ладзілі туры для аматараў паглядзець на піраміды, Сфінкса, закінутыя храмы, паўзанесеныя пяском пустэльні гарады. Турыстаў дастаўлялі морам на шыкоўных караблях, а далей па Ніле ў Егіпет. Не трэба здзіўляцца такой цікавасці людзей мінулай эпохі. Антычныя рымляне падарожнічалі, каб паглядзець насамрэч старажытныя руіны, бо егіпецкая цывілізацыя па часе адстаяла ад іх настолькі ж, наколькі яны самі адстаяць ад нас – прыкладна на паўтары тысячагоддзі. Так нашы суайчыннікі падарожнічаюць, каб паглядзець цяперашні Рым. Аднак турызм не знік разам з антычным светам. Ужо ў раннім сярэднявеччы стаў развівацца “рэлігійны турызм” – паломніцтвы ў святыя мясціны. Тысячы пілігрымаў адведвалі Гроб Гасподні, Бетлеем, Канстанцінопаль. Першай пісьмова зафіксаванай паломніцай з нашых земляў стала Святая Еўфрасіння Полацкая, якая жыла ў ХІІ стагоддзі. Яна і памерла ў Іерусаліме, дзе першапачаткова была пахаваная. Іншым знакамітым паломнікам стаў князь Радзівіл-Сіротка. Ён таксама здзейсніў пілігрымку ў Святую Зямлю ў ХVI стагоддзі, прывёз адтуль шмат артэфактаў і пакінуў дзённікі пра сваё падарожжа. Ужо ў часы Рэнесансу з’явіліся іншыя галіны турызму. Перш за ўсё адукацыйны турызм. З нашай дзяржавы ехалі здольныя юнакі з нябедных сем’яў, каб атрымаць вышэйшую адукацыю ў заходнееўрапейскіх універсітэтах. Рамеснікі, якія прэтэндавалі стаць сябрамі прафесійных цэхаў на Бацькаўшчыне былі абавязаныя колькі гадоў адпрацаваць на Захадзе, авалодаць перадавымі тэхналогіямі і прывезці рэкамендацыі знакамітых замежных майстроў. Турызм у сучасным разуменні пачаў развівацца ў Заходняй Беларусі пасля Першай сусветнай вайны, як частка агульнага турызму Другой Рэчы Паспалітай. І адным з яго цэнтраў стала Піншчына. Палессе вабіла турыстаў з Польшчы і з-за мяжы амаль некранутай прыродай, нацыянальнай экзотыкай, помнікамі гісторыі. Пасля Другой сусветнай вайны палескі турызм заняпаў, каб адрадзіцца ўжо ў нашы дні. І вось вымушаны перапынак з-за эпідэміі. Жонка аднаго майго сябра-экскурсавода, які да нядаўняга часу ўсе выходныя і святы вазіў па Беларусі турыстаў з Расіі і Польшчы, казала мне: “Раней у мяне амаль не было мужа, але былі грошы. Цяпер у сям’і амаль няма грошай, але затое ёсць муж пад бокам”. Беларусы яны такія, у кожнай жыццёвай сітуацыі імкнуцца знайсці лепшае.

Расскажем о Вас всему городу