pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Залаты “павук”

Залаты “павук”

16.01.2020, 14:51 Просмотров 1359

Я гэтым разам не пра экзатычных – трапічных павукоў, розных так званых птушкаедаў памерам з далонь, атрутных жоўта-чорных колераў, якіх некаторыя нашыя адчайныя суайчыннікі трымаюць дома ў тэрарыумах. Таксама цікавая тэма, але пра гэтых стварэнняў пагаворым як-небудзь іншым разам. Я распавяду пра нашага традыцыйнага беларускага “саламянага павука”. Цяпер іх можна пабачыць хіба толькі ў этнаграфічных музеях, у мастацкіх салонах і ў апантаных айчыннай даўніной людзей. А яшчэ зусім нядаўна па гістарычных мерках такі саламяны “павук” вісеў спрадвеку ў кожнай беларускай хаце. Калі у вас ёсць вельмі старыя суседзі ці сваякі, то можаце іх распытаць. І, калі тыя да вайны жылі не ў горадзе ці мястэчку, а ў вёсцы, то яны вам раскажуць, што раней на Каляды беларусы не ставілі ялінак, а спальвалі старога “саламянага павука”, рабілі новага і вешалі яго на пачэсным месцы. У Беларусі салому здаўна выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання. Ёй абклейвалі куфэрачкі-скарбонкі, вязалі вяночкі. Да нашага часу дайшлі нават царскія брамы ў праваслаўных цэрквах і кароны для вянчання, сплеценыя з жытняй саломы. Цяпер яны займаюць пачэснае месца ў сталічных музеях, і выклікаюць у турыстаў большую цікавасць, чым вырабы з каштоўных металаў. Адкуль было ўзяць сялянам золата для літургічных рэчаў у вясковым храме? Жытняя салома ззяе не горш за золата. Замест каштоўных каменьчыкаў сялянскія майстры і майстрыхі рабілі для пляцення ўстаўкі з рознакаляровых кавалачкаў фарбаванай ваўнянай тканіны ў саламянай аправе. Глядзяцца яны на адлегласці не горш за рубіны і смарагды. Аднак, самым першым упрыгожваннем з жытняй саломы ў нашых хатах былі “павукі”. Яны, хутчэй за ўсё, узніклі раней за хрысціянства, бо вядомыя не толькі ў нас – беларусаў, але і ў літоўцаў, і латышоў, народаў, якія атрымалі хрост значна пазней за нас. Літоўцы называюць яго на сваёй мове “сад”, латышы “пухір”. Сэнс “павука” даволі празрысты. На самым версе месціцца куб, падвешаны за адну з вяршыняў, пад ім на кожнай з чатырох гарызантальных вяршыняў падважаныя па адным удвая меншыя кубы, пад кожным з іх – яшчэ чатыры ўдвая меншыя, і так далей. Яны сімвалізуюць пакаленні роду. Ад чатырох дзядоў-бабуль нарадзіліся сыны-дочкі, ад іх – унукі… Можна сузіраць “павука”, як кінетычную скульптуру, якая круціцца пры павевах паветру пад столлю, можна проста разглядаць, як аб’ёмны нацыянальны арнамент. Але ж, чаму саламянага “павука” нашы продкі раз на год спальвалі і рабілі новага? Ёсць меркаванне, нібыта, “павук” цягам году збіраў на сябе негатыўную энергію падзей, што адбываліся ў сям’і. Вось яе разам з “павуком” і спальвалі, каб распачаць новы год “з нуля”. Так да нядаўняга часу думаў і я, пакуль лёс не звёў мяне з этнадызайнеркай Валянцінай Лойка. Яна ўжо гадоў трыццаць займаецца вырабам традыцыйных саламяных “павукоў”. Гэтую тэорыю майстрыха па вырабе “павукоў” назвала глупствам-спекуляцыяй. І растлумачыла – чаму. Калі нешта толькі назіраеш, вывучаеш, то не зразумееш сутнасці рэчы і за сто гадоў. А, калі робіш рэч сваімі рукамі, то за адзін цыкл зможаш дайсці да сутнасці. Яна сабралася сёлета зрабіць самага вялікага “павука” у сваім жыцці, але ж жыта ўрадзіла нізкім з-за летняга сухменю. Давялося рабіць меншага. Так і нашыя продкі. Для іх “павук” быў нечым кшталту календара. І таму леташняга “павука” трэба было спаліць, як мінулае. Так мы выкідаем леташні перакідны каляндар, каб павесіць на сцяну новы. Продкі ж вешалі пад столь новага -- актуальнага “павука”, сёлетняга, які сведчыў пра новы ўраджай. Максім КЛІМКОВІЧ

Расскажем о Вас всему городу