pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Вуліца “17 верасня”

Вуліца “17 верасня”

20.09.2019, 11:47 Просмотров 1414

У кожным горадзе, мястэчку Заходняе Беларусі знойдзецца вуліца “17 верасня”. Для замежных турыстаў назва незвычайная. Нават у Расіі не будзе вуліц з назвамі “22 чэрвеня”, “9 мая”, у палякаў “1 верасня”. А ў нас з датамі, прывязанымі да гісторыі Другой сусветнай вайны, такія ёсць. 17-га верасня 1939 года – дата для Заходняе Беларусі, і Беларусі ўвогуле, вызначальная. Хаця, у афіцыйным календары дзяржаўных святаў Рэспублікі Беларусь, яе цяпер не знойдзеш. “Дзень аб’яднання”, “Дзень вызвалення” называюць яе цяпер толькі  журналісты без адсылкі да афіцыйнага календара. Сапраўды, 17 верасня 1939 года Заходняя Беларусь атрымала магчымасць аб’яднацца з БССР у складзе Савецкага Саюза. Але ж варта згадаць абставіны. 1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу, што сталася пачаткам Другой сусветнай вайны. 17 верасня Чырвоная армія ўдарыла польскай дзяржаве ў спіну насуперак дамове аб узаемным ненападзе. Другая Рэч Паспалітая і так, ледзь трымалася супраць немцаў. Ваяваць на два франты было немагчыма. Яе камандаванне аддало няўцямны загад не ўвязвацца ў баявыя дзеянні з СССР, што аддавала ініцыятыву камандзірам на месцах. У неразбярысе нехта ўспрымаў савецкія войскі саюзнікамі. Войскі СССР выкарыстоўвалі гэты чыннік. Часам у беларускіх мястэчках з’яўляліся танкі з савецкімі і польскімі сцягамі абапал вежаў, маўляў, мы збіраемся ваяваць супраць немцаў разам. У іншых месцах завязваліся запеклыя баі. Так, напрыклад, здарылася з гарнізонам Брэсцкай крэпасці ў 1939 годзе. Спачатку яму, складзенаму ў асноўным з рэзервістаў-беларусаў, давялося адбівацца ад немцаў, забяспечваць эвакуацыю залатога запасу міжваеннае Польшчы ў Румынію, ну а пасля сыходзіць з цытадэлі пад націскам чырвонаармейцаў, якую немцы саступілі Саветам згодна Пакту Молатава-Рыбентропа. Угэты час СССР усё яшчэ з’яўляўся хаўруснікам Гітлера. Сталін віншаваў саюзніка з перамогамі ў Заходняй Еўропе. Савецкі Саюз выключылі з Лігі Нацый за напад на Польшчу. І як нам цяпер ставіцца да аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, калі гэта сталася пачаткам Другой сусветнай вайны? У мяне ёсць адказ. Раз’яднанне двух частак Беларусі, якую разарвалі паводле Рыжскай дамовы яшчэ ў 1921 года, адбылося без удзелу нашых прадстаўнікоў. Тым самым палякі заклалі міну запаволенага дзеяння. Беларусы не маглі спадзявацца ў міжваеннай Польшчы на паўнавартасную падтрымку развіцця сваіх адукацыі і культуры. Міністр, які адказваў ва ўрадзе Юзафа Пілсудскага за нацыянальныя меншасці, казаў, што яму спатрэбіцца дваццаць гадоў на тое, каб усіх “свядомых” беларусаў можна будзе пасадзіць на канапу ў ягоным прыёмным пакоі. У той самы час СССР прапаноўваў таемную фінансавую падтрымку антыпольскім арганізацыям. Вось так і паўсталі некаторыя прасавецкія арганізацыі беларусаў у міжваеннай Польшчы. Таму пачалася барацьба спецслужбаў Польшчы з беларусамі. Зачынялі, нішчылі школы, выдавецтвы, газеты, палітычныя партыі. У палякаў ёсць свой справядлівы погляд на тыя падзеі – акупацыя. У рускіх свой -- вызваленчы паход для абароны свабоды і маёмасці жыхароў Заходніх Беларусі і Украіны. У нас павінен быць свой – беларускі погляд на тыя падзеі. Дзве часткі Беларусі аб’ядналіся. Толькі не трэба гэты эпізод выторгваць з агульнай гісторыі Другой сусветнай вайны. Тыя падзеі не залежалі ад нас. На міжнароднай арэне гулялі звышдзяржавы. Ад нас нічога не залежала. Так што аб’яднанне Беларусі – толькі спрыяльны для нас у перспектыве эпізод той вайны. Так што і будзем яго ўспрымаць у такой якасці.

Расскажем о Вас всему городу