pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Усюдыіснае вока

Усюдыіснае вока

24.10.2018, 13:50 Просмотров 1160

Некалі зусім даўно, а дакладней, у 1964 годзе, пайшоў я ў першы клас. А гэта для дзіцёнка, які ані дня не хадзіў у дзіцячы садок, вялізны стрэс. І на адным з урокаў мая першая настаўніца сказала прыкладна наступнае. Маўляў, яна цяпер таксама, як і бацькі, адказвае за нашы паводзіны. Таму мы павінны дзесяць разоў падумаць, перш чым зрабіць нешта кепскае, нават тады, калі нам здаецца, што нас ніхто не бачыць. Бо ў яе дома ёсць такі спецыяльны тэлевізар, праз які яна можа за намі назіраць у любы момант, дзе б мы ні знаходзіліся. А, каб мы не сумняваліся, распавяла пра аднаго нашага хлопца, які пару дзён таму разам з другімі дзецьмі у двары ўдзельнічаў у спаборніцтве – хто далей плюне. Парушальнік пазашкольнай дысцыпліны мусіў публічна прызнацца, так і было, даць стандартнае абяцанне, што такое не паўторыцца. Шакаваныя, пасля школы мы сабраліся ў двары на лаўцы і ўзяліся абмяркоўваць пачутае. Жыццёвая логіка падказвала нам, што татальна сачыць за дзецьмі ў кожнай жыццёвай сітуацыі настаўніца не можа. Аднак, меўся неабвержны факт – яна распавяла пра канкрэтны выпадак. Ну а потым мы ў сваіх допусках верагоднага і фантастычнага зрабілі класічную памылку. Ніхто ж не вучыў нас у першым класе законам фармальнай логікі. А адзін з іх гаворыць: “калі прамое сцверджанне слушнае, то зусім не абавязкова будзе слушным і адваротнае сцверджанне”. Прывяду прыклад. Усе цырульнікі – людзі. Слушна! Але гэта не азначае, што ўсе людзі – цырульнікі. Дзеці вырашылі падобным чынам: калі мы праз тэлевізары ў кватэрах можам назіраць за светам, нават бачыць жыццё пінгвінаў у Антарктыдзе, то пры пэўным тэхнічным удасканаленні і наша настаўніца праз свой тэлевізар можа назіраць за намі. І самае жахлівае, што яна назірае за намі ў той самы момант, калі мы ўсё гэта абмяркоўваем, чуе кожнае наша слова, а заўтра на ўроку распавядзе ўсяму класу пра тое, што мы сумняваліся ў яе надзвычайных магчымасцях. Зрабілася няўтульна пад усюдыісным вокам настаўніцы, і мы паціху распаўзліся на хатах. Наўпрост спытаць у бацькоў я не здолеў, пачаў разважаць здалёк: ці можа нехта сачыць за мной у паўсядзённым жыцці, нават, калі я сам насам? Адказ збянтэжыў, маці расказала мне пра Бога і яго ўсюдыіснае вока. Маўляў Усявышні паводле хрысціянства прысутнічае паўсюль у сусвеце адначасова, усё ведае – і будучыню, у тым ліку, усё чуе – нават не прамоўленыя думкі, усё бачыць. Яна не сцвярджала, што Бог існуе, але ж і не адвяргала яго. Зняла з паліцы энцыклапедыю і паказала мне фотаздымак сярэднявечнага малюнка “усюдыіснага вока” ў трохкутніку, якое можна пабачыць у інтэр’еры шмат якіх касцёлаў. Гэта было страшней за тэлевізар маёй першай настаўніцы. Не памятаю, ці моцна паўплывала на мае паводзіны вера ў яго існаванне. Дзецьмі мы працягвалі майстраваць рагаткі і самапалы, кідаць з балконаў папяровыя бомбачкі з вадой, падпальваць у горадзе дымавыя шашкі. Час ад часу нас лавілі, рабілі ўшчуванні, скардзіліся бацькам. І з кожным школьным годам вера ў чароўны тэлевізар менела, пакуль не знікла… І вось у апошнія дзесяцігоддзі мара маёй першай настаўніцы, яе фантазія, стала ўвасабляцца ў рэальнасці. На вуліцах гронкамі вісяць камеры назірання, вахцёры ў сваіх шкляных кабінках лянотна разглядаюць на маніторах тое, што робіцца ў калідорах. Варта загнаць у пашукавік пытанне пра вайсковыя пахаванні, як потым табе на стужку ў сацыяльных сетках пасыплецца рэклама фірмаў па вырабе надмагілляў. Не ведаю, добра такое ці кепска? Стараюся проста не думаць пра гэта, як зрабіў у дзяцінстве.

Расскажем о Вас всему городу