Цуды на Каляды
Кажуць, што калі моцна верыш у нешта, то яно па тваёй веры і здарыцца. Адзін мой прыяцель верыць, што калі пабачыш вулічнага музыку, які выконвае тваю ўлюбёную мелодыю, абавязкова трэба аддаць яму ўсю дробязь, што знойдзецца ў кішэні. Вось пабачыў ён музыку з баянам, які граў паланэз Агінскага. Мой прыяцель высыпаў усю дробязь з кішэні ў футарал ад музычнага інструмента. Было яму праз месяц шчасце. Грашовы заказ падваліў, і жанчына, да якой ён ужо некалькі месяцаў заляцаўся, нарэшце здалася. Расказаў ён мне сваю шчаслівую гісторыю, і я таксама вырашыў уласную карму да Калядаў падправіць добрым учынкам. Яшчэ ў дзяцінстве чуў ад бацькі, што жабракам заўсёды трэба міласціну падаваць, бо гэтым ты адкупляешся ад іх незайздроснай долі. Па штодзённых справах нярэдка праходжу недалёка царквы. Ішоў на каталіцкія Каляды, прыгледзеўся, каля ўваходу на цвінтар побач дзве жабрачкі стаяць, на кійкі абапіраюцца, з пабожнымі словамі міласціну вымантачваюць. Я паводле бацькавага чароўнага рэцэпту скіраваўся да іх, руку ў кішэню сунуў, а там адна двухрублёвая манета, астатнія грошы на банкаўскай картцы. Падумаў, што не бяды, дастаў двухрублёвік і сказаў, каб яны паміж сабой яго сумленна падзялілі. Тая, якая стаяла бліжэй, спрытна манету выхапіла, а суседка накінулася на яе і стала грошы выдзіраць. “Ён мне даў!” “Не, мне!” Жабрачкі спачатку проста крычалі, а потым у паветры замільгалі кійкі. Лепш ніколі не бачыць, як б’юцца між сабой жанчыны, асабліва, калі гэта дзве старыя цёткі. Ад царквы спяшаліся людзі. Я хуценька падаўся прэч. Па дарозе разважаў – добры ці кепскі ўчынак за мной? Недалёка ад майго дома невялікі гастраном. Пад вечар каля ганку заўсёды таўчэцца кампанія выпівох, якую ў думках называю “Зомбі Апакаліпсіс”, бо паводзяць сябе неадэкватна, хапаюць людзей за вопратку і гундосяць страшнымі галасамі: “Дай дзесяць, пяцьдзясят капеек, рубель…” Сярод іх вылучаецца адзін, ён заўсёды звяртаецца да мяне па-беларуску, відаць, лічыць, так больш шанцаў атрымаць з мяне жаданае: “Сябра, дзядзька, ну, ратуй. Тры дні не еў…” Я ведаю яго гісторыю. Завуць Толікам, раней даглядаў маці, піў, але не крытычна, выводзіў хворую на двор, сядзеў з ёй на лаўцы, хадзіў па харчы. Гады са два маці памерла, вось ён і “сарваўся ў штопар”. Згубіў пашпарт, без дакументаў на працу не ўладкуешся. Настрой паправіць сабе карму ў мяне яшчэ не знік. Кажу Толіку, што наяўных няма, толькі картка, куплю адно паесці, ніякага спіртнога. Выношу, што прасіў – пачак самай таннай макароны і самых танных цыгарэт. Пытаюся, чаму не папрасіў большага? “Гэта ж твае грошы”, -- разважліва адказвае Толік. І тут ён знікае з майго далягляду на два тыдні. Познім вечарам іду ўжо на каталіцкую імшу да касцёла. І чую знаёмы голас: “Сябра, дзядзька, пастой…” Перада мной цалкам цвярозы Толік. Распавядае, што грошай і харчоў яму не трэба. Пасля мінулай нашай сустрэчы падаўся на рынак з нейкім Сашкам, і азербайджанцы ўзялі іх на працу без ніякіх дакументаў – цягаць скрынкі, перабіраць садавіну і гародніну. “Плоцяць не гнілымі памідорамі, а грашыма. Сашка праз два дні сарваўся, запіў, а я ўжо другі тыдзень трымаюся. Ведаеш, дзядзька, чаму азеры нас узялі? Мы з імі па-руску гаварылі, а калі яны нам адмовілі, што мы п’яніцы, то мы з Сашкам паміж сабой пачалі па-беларуску размаўляць, як і ты. Яны зацікавіліся і ўзялі працаваць. Цяпер просяць мяне вучыць іх беларускім словам. Ведаюць ужо: “Дзякуй”, “Калі ласка”, “Добры дзень”, “Заходзьце яшчэ”. Вось так на Каляды я падправіў сваю беларускую карму. Максім КЛІМКОВІЧ
- С 1 июля в Беларуси повышаются требования к качеству арендного жилья – с мебелью и техникой
- Велопробег «Пад сцягам Радзімы!» пройдёт в Пинске 10 мая
- Какие города Беларуси лидируют по числу жителей: рейтинг
- ПойМАЙте большую удачу! 2 КВАРТИРЫ, большие деньги, автомобиль!
- С 11 мая в Пинском районе меняются схемы пригородных автобусов — добавляются новые маршруты
- Выйти на воду по правилам: кому нужно регистрировать лодку и получать права








