pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Ці існуе д’ябл?

31.08.2020, 10:59 Просмотров 699

23 жніўня – Міжнародны дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму. Беларусам не варта тлумачыць, што азначаюць гэтыя дзве чалавеканенавісніцкія ідэалогіі. Мы ці не самая пацярпелая ад іх еўрапейская нацыя. хіба што украінцы ды палякі могуць у гэтым з намі параўнацца. У нас ёсць Хатынь, Трасцянец, Курапаты і яшчэ сотні не менш страшных месцаў, дзе ў розныя часы нацысты і сталіністы наладзілі канвееры смерці, катаванняў. На іх сумленні мільёны забітых. Забойцы, калі адчувалі, што іхняй беспакаранасці прыходзіць канец, імкнуліся схаваць сляды сваіх злачынстваў. Нямецкія нацысты перад сваім сыходам раскопвалі масавыя пахаванні вязняў і спальвалі трупы. Супрацоўнікі НКУС баяліся расследавання менш за немцаў, яны часцей за ўсё проста засаджвалі масавыя пахаванні ахвяр лесам. Каб ніхто там больш не араў, не капаў.   Знаёмы гісторык – даследчык сталінскіх рэпрэсій, расказаў мне, як вылічвае такія мясціны. Нідзе ў адкрытым доступе не знойдзеш дакумент, які сведчыць, што пэўны кавалак зямлі НКУС выкарыстоўваў пад расстрэльны палігон. Але ж савецкая бюракратыя пры Сталіне працавала спраўна. У архівах мясцовых уладаў можна знайсці дакументы пра зямельныя ўчасткі, якія перадаваліся ў карыстанне НКУС. Гэта яшчэ не значыць, што на іх абавязкова забівалі і хавалі ахвяр. Зямлю маглі выкарыстоўваць пад вучэбны палігон, пад стрэльбішча, пад піянерскі лагер. А вось, калі праз дзесяць-пятнаццаць гадоў зямлю перадавалі ад НКУС лясгасу, то гэта амаль гарантуе, што яе выкарыстоўвалі для расстрэлаў і пахаванняў. Яшчэ можна зразумець, калі забівалі сваіх ворагаў, сапраўдных ці ўяўных,. Дараваць нельга, хаця, зразумець мажліва. Але нашто вязняў, палонных часам страшна катаваць перад смерцю? Не так даўно я зацікавіўся гісторыяй шталага 352, што ў Мінску ў раёне Масюкоўшчына. Аднога з самых вялікіх і захаваных у сэнсе існавання аўтэнтычных будынкаў нямецкіх канцлагероў для палонных чырвонаармейцаў. З 1941 па 1944 год тут загінула сама меней 80 000 чалавек. Для параўнання – у сусветнавядомым Бухенвальде, каля 60 000. Мне расказвалі і паказвалі тыя аб’екты даследчыкі гісторыі гэтага сапраўднага “завода смерці”. Палонных, якія правініліся перад лагернай аховай, або кідалі ў карцар, альбо расстрэльвалі, альбо вешалі. Карцар абсталявалі ў жалезабетонных сутарэннях сховішча гародніны пры былой салдацкай сталоўцы. Налілі ваду па пояс, каб чалавек не мог сесці. А над ёй нацягнулі павуцінне з калючага дроту, каб немагчыма было выпрастаць спіну. Святло і паветра траплялі праз маленькія акенцы пад самай столлю. Вытрымаць там некалькі сутак было немагчыма. Людзі паміралі. Вешалі таксама не проста так. У шыбеніцы ўкруцілі сталёвыя крукі са скатабойні. Палонных чаплялі на іх за ніжнюю сківіцу. Людзі каналі ў страшных пакутах цягам гадзін альбо сутак. Калі ахова хацела пакараць цэлы барак, то палонных прымушалі гадзінамі з песняй маршыраваць па плацы на каленях. Савецкія НКУСаўцы ў сваіх садысцкіх фантазіях мала чым адрозніваліся ад нямецкіх калег. У такіх умовах вязень амаль заўсёды ўспамінае пра Бога. А каму яшчэ маліцца пра тое, каб захаваў табе жыццё, даў вярнуцца да родных? Не ворага ж маліць аб літасці. Але адразу ў ахвяры ўзнікае пытанне. Твае каты – служкі Д’ябла? То, чаму Бог дапусціў яго існаванне? Ён жа ўсемагутны. Гэтымі днямі я таксама шукаў адказ на тое пытанне. І знайшоў у аднога з бацькоў-заснавальнікаў хрысціянскай царквы Францыска Асізскага. Ён пісаў яшчэ ў прамінулым тысячагоддзі: “Дябла не існуе, але ёсць тыя, хто яму служаць”.   Максім КЛІМКОВІЧ

Расскажем о Вас всему городу