pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

“Страшная” настаўница

06.02.2020, 14:33 Просмотров 1081

У кожнага былога школьніка засталася ў памяці “страшная” настаўніца, тая, якой баяліся ўсе дзеці у класе. І не таму, што не вывучылі ўрок, а таму, што яна мела здольнасць запалохаць без дай прычыны, толькі сваім з’яўленнем у класе. Была і такая ў маім школьным жыцці. Звалі “страшную” настаўніцу Фіра Навумаўна і выкладала яна ў нас замежную мову. Яна заўсёды спазнялася на ўрок. Заходзіла тады, калі мы ўжо лічылі, што заняткаў сёння не будзе – пускалі папяровыя самалёцікі і бегалі паміж партамі. І тут рэзка адчыняліся дзверы, заходзіла Фіра Навумаўна. Яе позірк праходзіў па вачах кожнага. Здавалася, што самалёцік, складзены з вучнёўскага сшытка, спыняўся ў палёце і мёртвым падаў на падлогу. Мы разбягаліся па сваіх партах і калаціліся ад страху. Фіра Навумаўна віталася, зрабіўшы тэатральную паўзу. Яна заўсёды была бездакорна апранутая, валасы, як праз гадзіну пасля цырульні. Высокія абцасы, прыгожая, здавалася, што сам вецер на вуліцы мусіць адбівацца ад яе твару. Яна была тады маладой, гадоў на пятнаццаць старэйшая за нас -- пяцікласнікаў. Яна сядала за стол, няспешна вяла пальцам па старонцы школьнага журнала. Усе спрабавалі здагадацца, каго яна выкліча. Некаторыя шчасліва выдыхалі, калі яе палец слізгацеў да канцу спісу. Але гэта зноў быў тэатр адной акторкі – палец нанізе, а выклікае да дошкі з пачатку спісу. Калі даводзілася выходзіць да дошкі, то пад яе суворым позіркам забываўся і тое, што ведаў. Выкладала яна ў нас нядоўга, у восьмым класе прыйшла іншая настаўніца. І мы былі шчаслівыя, што Фіра Навумаўна знікла з далягляду. Куды, не было цікава. Але знікла яна з майго жыцця не назаўсёды… Скончыў школу, адвучыўся ў інстытуце, ажаніўся, пайшоў працаваць. І неяк, мяне запрасіла на сваё вяселле былая аднакурсніца. Мая жонка захварэла, і на вяселле я пайшоў адзін. Вяселле, як вяселле. Сталоўка буйнога прадпрыемства ў выходныя дні. Госці з боку жаніха і з боку нявесты. Я адразу заўважыў сярод публікі Фіру Навумаўну. Яна амаль не пастарэла. Бывае такі перыяд, калі жанчыны “кансервуюцца”. Тое ж ідэальнае ўчасанне, бездакорная сукенка, высокія абцасы. З першых хвілін яна пачала пасміхацца мне, я адказваў усмешкай. Меркаваў, пазнала былога вучня. Калі тамада абвясціў “белы танец”, яна адразу падышла да мяне і запрасіла. З першага моманту вяла мяне, а не я яе, уладна, як і ў мае школьныя часы. Я хацеў павесці танец у бок гадзіннікавай стрэлкі, а яна павяла ў адваротны. Былая настаўніца глядзела мне з усмешкай у вочы. “Мы, дарэчы, яшчэ не пазнаёміліся. Як вас завуць?” -- нарэшце прамовіла яна чулліва падчас танцу. “Я парушу працэдуру, -- адказаў я, -- спачатку назаву вашае імя, а потым вы згадаеце мяне. Вас завуць Фіра Навумаўна, і вы выкладалі замежную мову мне ў пятай класе”. Прыязны твар імгненна вярнуўся да твару настаўніцы з майго школьнага дзяцінства. Зноў вецер адбіваўся ад яе аблічча. Мы нават не датанцавалі… Наступная сустрэча адбылася некалькі месяцаў таму. Я ўжо дастаткова стары, за шэсцьдзесят, а маёй настаўніцы замежнае мовы, мінімум семдзесят пяць гадоў споўнілася. Зайшоў у аўтобус і ўбачыў яе. Фіра Навумаўна стаяла каля кампосцера. Згорбленая, захутаная ў нейкае цёплае рыззё, распухлыя лыткі закручаныя ў рознакаляровыя шалікі, на нагах заношаныя буркі. На прыпынку “Паліклініка” яна пасунулася да выйсця, я дапамог ёй спусціцца. “Максім, -- сказала яна мне, -- дарма ты тады са мной так. Было б, што зараз згадаць і мне, і табе”. Яна пакалывала да клінікі, а я глядзеў ёй у плечы.

Расскажем о Вас всему городу