Школьны званок
Пачатак навучальнага года закранае, лічы, кожнаю сям’ю. Дзяцей збіраюць, выпраўляюць у школу. Падручнікі, сшыткі, альбомы, алоўкі, пэндзлі, вопратка, абутак. Але ж галоўнае ў школе -- гэта настаўнікі. Якія трапяцца, такім і будзе вынік. Сёлета мой унук пайшоў у пяты клас, і цяпер у яго замест адной настаўніцы – асобныя настаўнікі па кожнаму прадмету. Вось я і пачаў міжволі параўноўваць іх з тымі, якіх меў у сваім школьным жыцці, што прыпала на сярэдзіну 1960-1970-х. А да гэтага меў магчымасць параўнаць сваю першую настаўніцу з той, што чатыры гады вучыла ўнука. Маю першую настаўніцу звалі Марыя Іванаўна. Была яна казачкай з Дону, удавой савецкага генерала. Відаць, таму і ўжывала ў нашым выхаванні брутальныя метады. Сшыткі з падручнікамі мусілі ляжаць дакладна на самым краі парты. Калі ж яны вытыркаліся, то Марыя Іванаўна без лішніх словаў кідала іх на падлогу з такім імпэтам, што яны заляталі пад вешалку. Здаралася, драла сшыткі напалам. Лупіла ўказкай па парце перад самымі рукамі. Вінаватых ставіла ў кут каля веніка, швабры і урны для смецця. Калі біліся хлопец з дзяўчынкай, прымушала іх цалавацца перад усім класам. Беларускай мовы не ведала цалкам, а таму слова “кравец” перакладала на рускую, як “кровельщик”. Пасля Марыі Іванаўны мая першая “класная” у пятым класе падалася верхам дэмакратычнасці. Праўда, яна мела манеру зневажаць двоечнікаў. Называла іх “тупымі дэбіламі”. Хлопец, якога яна зневажала больш за іншых і прадракала яму страшнае дарослае жыццё, як паказаў час, зрабіўся з нашага класа самым паспяховым. Экзатычным у паводзінах быў і мой настаўнік працы Мікалай Адамавіч. Калі заўважаў, што нехта не слухае яго на ўроку, хапаў драўляны малаток-кіянку, які заўсёды трымаў пад рукой, і шпурляў без папярэджання, не раўнуючы, як індзеец, тамагаўк. Малаток пралятаў у колькіх сантыметрах над галавой няўважлівага вучня і ляскаў у сцяну. Яшчэ запомніўся настаўнік пачатковай вайсковай падрыхтоўкі – лётчык-франтавік. Імя яго не памятаю, бо звярталіся да яго выключна “таварыш падпалкоўнік”, а паміж сабой называлі Фантамасам, бо быў ён абсалютна лысы. Першы свой урок ён распачаў не тыпова. Зайшоў у клас, не павітаўся, а з парога пачаў лаянку: “Сволачы, ідыёты, уроды…” Клас заціх. Толькі праз якую хвіліну высветлілася, што Фантамас меў на ўвазе не нас – вучняў, а “амерыканскіх агрэсараў”, якія яму зноў не дагадзілі. Ён любіў расказваць пра вайну. Распавядаў пра тое, як разбамбіў у Фінляндыі грэблю вадасховішча, і агромністай хваляй змыла цэлы гарадок разам з жыхарамі. Пра тое, як перад вылетам пазычаў на кухні чыгуновую патэльню і падкладаў яе на сядушку, “каб не адарвала асколкам, самі ведаеце, што”. Пасля восьмага класа на вакацыях, хто хацеў са школьнікаў, паехаў у працоўны летнік дапамагаць калгаснікам. Кіраваць вучнямі прызначылі Фантамаса. Пасялілі нас у драўлянай вясковай школе. Фантамас у першы ж дзень па-вайсковаму пашыхтаваў нас у школьным двары, дастаў з планшэткі аркуш паперы і ўзяўся голасна спіскам зачытваць з яго пакручастыя мацюкі. Некаторыя мудрагелістыя словаўтварэнні мне давялося пачуць упершыню. Спачатку нам падалося, што настаўнік проста звар’яцеў. Але апошнія яго словы ўсё праяснілі: “Каб я ад вас такога ніколі не чуў! Разысціся!” Тады такія паводзіны настаўнікаў былі ці не нормай. Прынамсі, нікому не прыходзіла ў галаву пісаць на іх скаргі. Цяпер падобнае проста немагчыма. Вучні знялі б на мабільны тэлефон і вывесілі б ў інтэрнэце. Так што прагрэс у лібералізацыі школы за паўстагоддзя навідавоку.
- Осторожно, TikTok: ИИ-врачи заполонили соцсети сомнительными советами
- Пропавшая в Пинском районе Куницкая Нина Степановна спустя 14 суток найдена живой
- В Пинске мать с годовалым ребёнком распивала алкоголь на скамейке — начата проверка
- МТС изменит стоимость международной связи и интернета с 3 августа
- С 1 августа вырастут пенсии и детские пособия: новые суммы
- В Пинске за полгода зарегистрировали 324 брака: свадебный бум пришёлся на июнь








