Сакрэты старых фота
Першыя фотаздымкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явіліся ў 1860-я гады, практычна адразу, як гэтая тэхналогія ўзнікла ў свеце. Дзякуючы тагачасным фатографам, а гэта ад пачатку нешматлікія і аматары, і прафесіяналы, якія зараблялі сабе фатаграфіяй на жыццё, мы ведаем, як выглядалі тады нашы гарады, у што апраналіся людзі. Цікава, што пераважная большасць першых фота – партрэты ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў. Іх захавалася больш за восемдзесят. Частка знятая да паўстання. На адным з такіх фота і кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастусь Каліноўскі. Відаць, людзі прадчувалі, што іх неўзабаве чакае альбо загібель падчас бою, альбо страта на эшафоце, альбо смерць па дарозе ў сібірскую высылку, а ў лепшым выпадку эміграцыя. Вось і спяшаліся пакінуць па сабе памяць для нашчадкаў. Нажаль, мы не ведаем сёння імёны ўсіх, чый воблік застаўся на здымках, далёка не кожны падпісаны. За адным надпісам на абароце стаіць кранальная і адначасова страшная гісторыя. Гэта фотаздымак шляхцянкі Ванды Беляковіч -- жонкі закатаванага царскімі ўладамі ў віцебскай турме паўстанца. Надпіс такі: “Помещица Ванда Белекович. Витебская губерния. Карточка найдена в гробу ея мужа. Заплатила штраф 300 рублей”. Гэтай жанчыне давялося заплаціць у казну штраф 300 рублёў срэбрам толькі за тое, што ўдава паклала ў труну мужу-паўстанцу свой фотапартрэт. Сума на той час вельмі вялікая. Карова каштавала восем рублёў, конь дванаццаць. Мала таго, што мужа закатавалі, так яшчэ і развітацца з ім, як таго хацела, не далі. З надпісаў на іншым фота можна дазнацца, напрыклад, што з васьмі братоў-паўстанцаў у Сібір даехалі толькі двое, астатнія загінулі па дарозе ў ссылку. Іншыя фота зробленыя ўжо пасля паўстання, у эміграцыі. У іх адчуваецца туга па няздзейсненай мары пра волю для Бацькаўшчыны. Былыя паўстанцы пазіруюць у студыі фатографа ў той вопратцы, у якой ваявалі, з той зброяй, з баявымі сцягамі і харугвамі. І тут не ўсе здымкі падпісаныя. Таму і паўстанцы-эмігранты для нас сённяшніх збольшага безыменныя. Іх дзеці-унукі яшчэ пазнавалі іх на здымках, бо бачылі продкаў пры жыцці, а вось далёкія нашчадкі ўжо не. Чым бліжэй да нашых дзён, тым часцей фатаграфаваліся жыхары Беларусі. Здымкі звычайна рабілі прафесійныя фатографы ў гарадскіх студыях. На старых дарэвалюцыйных і міжваенных фота нашыя папярэднікі выглядаюць вельмі строга, яны па-святочнаму апранутыя, позіркі сур’ёзныя, калі і пасміхаюцца, то вельмі стрымана, глядзяць роўна ў аб’ектыў. Фота звычайна рабілі з нейкай важнай нагоды. Вяселле, хрост дзіцёнка, юбілей, павышэнне на працы, служба ў войску. Да паходу да фатографа рыхтаваліся загадзя, надзявалі самае лепшае... Таму і выгляд у людзей такі сур’ёзны, адухоўлены, бо ведалі, што яшчэ не скора пойдуць рабіць наступнае фота. І тут, шкада, не ўсе здымкі падпісаныя. Звычайна вядомая толькі студыя, бо яе назва ў рэкламных мэтах упісвалася ў віньетку самім фатографам. Крыху больш разняволена людзі фатаграфаваліся ўжо пасля апошняй вайны, калі у некаторых сем’ях з’явіліся свае фотакамеры, а карткі стала магчыма друкаваць у хатніх умовах. У нашыя дні мала хто захоўвае старыя сямейныя фотаальбомы. Адзін мой знаёмы фотамастак літаральна шукае іх на гарадскіх сметніках. Сабраў багатую калекцыю, і яго тэматычныя выставы са старых чорна-белых фота ахвотна выстаўляюць у еўрапейскіх галерэях. Цяпер мы фатаграфуем ледзь не штодня – у кожным тэлефоне ёсць фотаапарат. Вось толькі зноў не падпісваем здымкі і не вельмі дбайна іх захоўваем.
- Положен ли молодым специалистам отдых перед началом работы? Ответ Минтруда
- У ведущего Top Gear Джереми Кларксона выявили агрессивную форму рака
- Киноафиша Пинска: «Властелины Вселенной», «Майкл», «Холоп 3» и новые мультфильмы
- В Брянской области под удар беспилотника попал автобус с детской футбольной командой из Гомеля: погибла женщина, ранены дети
- «Друзья с характером»: в «Евроопт» и «Хит!» стартовала коллекция плюшевых героев с разными эмоциями
- С 8 июля в Пинске запретят установку антенн и конструкций на фасадах домов на главных улицах








