Сакрэтны настаўнік
На мінулых выходных у Беларусі адсвяткавалі Дзень настаўніка. Асабіста віншаваў тых, хто некалі вучыў мяне, сяброў-сябровак, якія працуюць у школах ды ўніверсітэтах. І тут мне згадалася фальклорная гісторыя, якую мы па-сакрэце пераказвалі ў дзяцінстве адзін аднаму школьнікамі. І, зразумела, казалі, што яе героя – хлопчыка, ведалі асабіста. Вось яна… “Аднаго хлопчыка выпадкова зачынілі ў настаўніцкім пакоі. Пачаў ён корпацца ў настаўніцкіх паперах і знайшоў дакумент, які называўся “Самы поўны спіс сўпрацоўнікаў школы”. У ім былі прозвішчы і пасады. І там у апошнім радку было напісана: “X. Y. Z -- сакрэтны настаўнік”. Хлопчык адразу ўзрадаваўся, гэта ж трэба такое! Ён даведаўся, што ў школе працуе сакрэтны настаўнік! Пасля перапынку яго выпусцілі. Хлопчык адразу ўзяўся ўсім распавядаць, што ў школе працуе сакрэтны настаўнік. Ніхто не верыў, усе вырашылі, што ён выдумляе. Ад таго часу хлопчык стаў уважліва сачыць за настаўнікамі. У нататнік запісваў усіх педагогаў і тое, чаму яны вучаць дзяцей. Так ён вылічыў маладую жанчыну. Яна штодня прыходзіла ў школу, размаўляла з іншымі настаўнікамі, але ніколі не вяла ўрокаў. Ніхто не ведаў, што і каму яна выкладае, не ведаў як яе завуць. Гэтая настаўніца ніколі не заходзіла да дзяцей у класы. Так хлопчык і зразумеў, што яна і ёсць сакрэтная настаўніца. Як не імкнуўся хлопчык, ён ніяк не мог высветліць, чаму вучыць гэтая сакрэтная настаўніца. Тады ён падумаў пра тое, а што ж ведаюць такога дзеці, чаму іх не вучаць ў школе? Аказалася, шмат чаго: ну, напрыклад, як ездзіць на ровары, страляць з рагаткі, гуляць у карты, ну… і кепска лаяцца ў школе таксама нікога не вучаць. Хлопчык добра запомніў твар сакрэтнай настаўніцы. Аднойчы ён праходзіў паўз суседні пад’езд і заўважыў хлопцаў-падлеткаў – двоечнікаў са старэйшых класаў, якія сядзелі на лаўцы, гралі ў карты і лаяліся. Хлопчык заўважыў, што ў аднаго хлопца твар нейкі вельмі знаёмы. Тут ён зразумеў, што гэта і ёсць сакрэтная настаўніца! Яна пераапранаецца ў хлопца-падлетка і нечаму вучыць. Толькі вось чаму? Хлопчык прыслухаўся, прыгледзеўся і заўважыў, што сакрэтная настаўніца лаецца больш за іншых, і так па-майстэрску, пакручаста, што хлопцы рагочуць і зайздросцяць, таму што самі так не ўмеюць. Хлопчык прасачыў за сакрэтнай настаўніцай, высветліў дзе яна жыве. Наступным вечарам ён прыйшоў у гэтую кватэру. Дзверы адчыніла сакрэтная настаўніца. Хлопчык не павітаўся і адразу з парога спытаў: - Навошта вы гэта робіце? Навошта вучыце дзяцей кепскім словам?! Сакрэтная настаўніца адразу спахмурнела, запрасіла хлопца ў кватэру, згатавала гарбату і расказала яму пра тое, што дзецям, пачынаючы з дзесяці гадоў, абавязкова трэба вывучыць кепскія словы. Калі яны не разумець іх сэнс, то могуць загінуць у гэтым свеце, бо ёсць рэчы, якія іначай і назваць нельга. Можна і не лаяцца голасна, але вывучыць гэтыя словы неабходна. Хлопчык спытаў, ці нельга вучыць кепскія словы адкрыта на уроках, навошта сакрэтнічаць? Сакрэтная настаўніца пасмяялася і сказала, што тады б двоечнікі не навучыліся гэтым словам. А двоечнікі таксама людзі, іх шкада, даводзіцца іх вось так – таемна вучыць, каб яны не здагадаліся, што гэта ўрок. І самае дзіўнае, што двоечнікі па іншых прадметах -- самыя паспяховыя яе вучні”. Вось такая дзіўнаватая гісторыя з дзяцінства згадалася мне на педагагічнае свята. Не я прыдумаў яе, а самі школьнікі, гэта дзіцячы гарадскі фальклор сярэдзіны 1970-х гадоў. Усяму, што мы ўмеем, нехта нас некалі навучыў. І добраму, і кепскаму. Максім КЛІМКОВІЧ
- «Арт-объект» за 120 рублей: во сколько обойдётся владельцу брошенный автомобиль
- Смартфоны серии Huawei Pura 90s показали на Неделе Моды в Париже. Предзаказы в Беларуси уже стартовали
- В Пинске с 3 августа перекроют перекрёсток Завальной и Зои Космодемьянской
- Вы всё равно идёте за покупками. Почему бы не вернуться со 150 000 рублей?
- В Пинске пьяная женщина повредила припаркованный на ночь автомобиль (видео)
- Turkish Airlines возвращается в Минск спустя 4 года: рейсы начнутся с 21 сентября








