Размовы з батанікам
Яшчэ ў дзяцінстве нейкі добры чалавек расказаў мне, што ўзрост дрэва можна палічыць па кольцах на спіле. Колькі іх – столькі дрэву гадоў. Вось тады я і зразумеў, што ўзрост маюць не толькі людзі, жывёлы, будынкі, але і дрэвы. Я лічыў кольцы на кожным пні, і рабілася неяк не па сабе з таго, што, каб даведацца ўзрост дрэва, яго трэба спілаваць -- забіць. І толькі гадоў дзесяць таму знаёмы навуковец-батанік растлумачыў мне, што ўсе мае дзіцячыя падлікі былі хібнымі, бо за год у дрэва насамрэч нарастае не адно кальцо, а два, і іх трэба ўмець адрозніваць. Сапраўды, кожнай справай мусіць займацца чалавек спецыяльна навучаны. Знаёмы батанік расказаў мне і пра тое, як разам з археолагамі даставаў з муроў полацкага Сафійскага храма кавалкі рыштаванняў ХІ стагоддзя, каб дакладна вызначыць год пабудовы першага беларускага каменнага сабора. Рэч у тым, што год на год па надвор’і не прыпадае. У адзін -- дрэвы растуць хутчэй, у другі павольней. Вось па гэтым чаргаванні таўсцейшых, сярэдніх і вузейшых кольцаў можна дакладна зразумець, якое кальцо да якой гістарычнай даты адносіцца, даведацца канкрэтны год, калі дрэвы былі спілаваныя, і з іх зрабілі будаўнічыя рыштаванні. Нажаль, паведаміў мне батанік, выявілася, што дрэвы для рыштаванняў Сафійскага сабора ў Полацку спілавалі даволі маладымі, кольцаў на іх было небагата, таму і не ўдалося ўстанавіць дакладную дату пабудовы. Мой бацька прывозіў мяне ў сваю родную вёску Забалацце на Уздзеншчыне, любіў расказваць, што яна ўнікальная. Пра яе пабудову засталіся звесткі ў гаспадарчых інвентарах каралеўскіх эканомій. Загадала яе пабудаваць наша каралева Бона з міланскага роду Сфорцаў у XVI стагоддзі, калі ссялялі мясцовых людзей з лясных хутароў. Каб энергічная іншаземка не лезла ў справы знешняй палітыкі, яе муж кароль Жыгімонт Стары дазволіў жонцы праводзіць зямельную і гаспадарчую рэформу. Забалацце, як і іншыя навакольныя вёскі, узводзілася па апошнім слове еўрапейскай навукі. Па адзін бок прамой вуліцы стаялі хаты на такой адлегласці, каб не мог перакінуцца пажар. Па другі бок дарогі -- гаспадарчыя пабудовы з хлявамі. Гэта, каб жыхарам не замінаў пах гною, рохканне, мэканне і бэканне свойскай жывёлы, не дапякалі мухі. Дарэчы, некалькі сялянскіх гаспадарак у вёсцы дагэтуль захавалі такую кампаноўку з XVI стагоддзя. Ну, і для прыгажосці, камфорту абапал вясковая вуліца была абсаджана вязамі. Бацька вадзіў мяне малога па вуліцы роднай вёскі і паказваў з дзясятак вязаў не на адзін чалавечы абхват, узнёсла казаў, што яны захаваліся з часоў каралевы Боны. З дзесяцігоддзямі старых вязаў рабілася меней, пайшоў з жыцця мой бацька. Калі я адзін прыехаў у Забалацце, то ўбачыў на месцы апошняга вяза сухую абпілаваную кульцю з садранай карой. Калі пры чарговай сустрэчы я паскардзіўся на спілаваныя вязы каралевы Боны свайму прыяцелю-батаніку, ён сказаў, што дарма перажываю. Маўляў, вязы столькі не жывуць, а тыя, што паказваў мой бацька, пасадзілі самае даўняе ў пачатку ХХ стагоддзя на месцы старых. І ўвогуле, нават самы стары дуб у нас – 280 гадоў. А вось сосны, асабліва ў неспрыяльных умовах, жывуць доўга. Самае старое дрэва ў краіне – сасна на балоце Ельня. 560 гадоў і 25 сантыметраў у дыяметры. Тады я спытаў у батаніка, чаму мы моцна смуткуем, калі памірае малады чалавек, а пра старога кажам, што пажыў і хопіць. А вось з дрэвамі -- наадварот. Абураемся, калі спілуюць старое, і не зважаем, як зламаюць маладое дрэўца. “Табе з такім пытаннем да культуролагаў. А я – батанік”, -- адказаў прыяцель, і мы развіталіся.
- «Арт-объект» за 120 рублей: во сколько обойдётся владельцу брошенный автомобиль
- Смартфоны серии Huawei Pura 90s показали на Неделе Моды в Париже. Предзаказы в Беларуси уже стартовали
- В Пинске с 3 августа перекроют перекрёсток Завальной и Зои Космодемьянской
- Вы всё равно идёте за покупками. Почему бы не вернуться со 150 000 рублей?
- В Пинске пьяная женщина повредила припаркованный на ночь автомобиль (видео)
- Turkish Airlines возвращается в Минск спустя 4 года: рейсы начнутся с 21 сентября








