Прысак
Ёсць у беларусаў ёмістае слова “прысак”. Часам яго перакладаюць на рускую як “горячий пепел”. Але ж прысак – іншае. Гэта жар, чырвонае вуголле, якое, здаецца, ужо згасла. Яго пацягнуў зверху шэры попел, але варта падзьмуць ветру, і полымя зноў шугане. Так і з заразнымі хваробамі. Да часу яны існуюць паміж людзей амаль незаўважна. Аднак, пры спрыяльных умовах даюць жахлівы сполах. Калі раскідаць вуголлі падалей, яны згаснуць самі сабой. Практычна так і змагаюцца з эпідэміямі. Людзі стараюцца менш кантактаваць, трымаюцца падалей адзін ад аднаго. У гэтыя дні толькі і размоў у грамадстве пра каранавірус. Так, ён сур’ёзная пагроза для жыццяў людзей, для эканомікі краін. Але за ім мы забываемся пра іншыя пагрозы, якія нікуды не падзеліся і рэгулярна нагадваюць пра сябе. Амаль штовёсну ў Беларусі пачынаюцца пажары, асабліва на Палессі. І далёка не ва ўсіх выпадках вінаватая сама прырода. Хаця і такое бывае. Можа ляснуць маланка, пачаць гарэць прэлае лісце. Але часцей за ўсё ў пажарах вінаваты чалавек. Калі ўзімку выпала мала снегу, ці яго, як сёлета, увогуле не было, то трава сухая і дастаткова незагашанага вогнішча, кінутага недакурка, каб пачаўся пажар. Вецер гоніць агонь. А ў яго на дарозе кінутыя хаты, лес. А яшчэ бывае, што сухую траву падпальваюць знарок, каб падрыхтаваць поле. Маўляў, рознае бадыллё згарыць, і не будзе потым пустазелля. Падобная практыка ўзнікла не сёння і не ўчора. Пра яе пісаў яшчэ ў ХІХ стагоддзі ў сваіх эсэ пра Палессе і Піншчыну беларуска-польскі пісьменнік Юзаф Крашэўскі. Пра тое, як кідаюцца ў ахопленых агнём сухіх чаратах казюлі, зайцы, лісіцы, як згараюць гнёзды вадаплаўных птушак. А яшчэ ў полымі згараюць мільёны жукоў, конікаў, слімакоў. У гэтую вёсну ўжо палалі прыпяцкія паплавы ў Столінскім і Жыткавіцкім раёнах, дняпроўскія ў Брагінскім. Раней зямля хаця б выгарала пэўнымі кавалкамі, бо існавалі неабсяжныя палескія балоты, што спынялі полымя. Але потым на Палессі распачалася меліярацыя. Будаўнікі спрамлялі рэчышчы, узводзілі дамбы, не давалі рэкам разліцца. Вада сышла з былых балотаў. А цяпер далося ў знакі і пацяпленне клімату. На Палессі цяпер нікога не здзівіш мясцовымі кавунамі і дынямі. Ужо палае і Украінскае Палессе, лясныя пажары падбіраюцца да Чарнобыльскай атамнай станцыі. Іх бачна нават з космасу. Пажары ў гэтых мясцінах страшныя не толькі для жывёл. Згадваю леташнюю прыгоду, калі з сябрамі выбраліся на Прыпяць непадалёк ад Чарнобыльскай зоны. Адзін з рыбакоў прыхапіў стары лічыльнік Гейгера, што вымярае ўзровень радыяцыі. Прыбор дастаўся яму пасля смерці сваяка, знайшоў у шафе, калі разбіраў рэчы. Мералі мы ім і ваду ў рацэ, і зямлю, і злоўленую рыбу, і сабраныя грыбы. Усё было практычна ў норме. Але варта было нам запаліць увечары вогнішча, як лічыльнік зашчоўкаў, нібыта звар’яцеў. І вось такі дым ад пажараў нясе ветрам на нашыя і ўкраінскія гарады. Рэцэпт паратунку прыроды вядомы, яна сама здольная супрацьстаяць пажарам. Толькі трэба ёй у гэтым дапамагчы. Шмат якія меліярацыйныя сістэмы на сённяшні дзень не эксплуатуюцца, іх закінулі і знялі з балансу яшчэ ў 1990-я гады. Але яны па-ранейшаму асушаюць зямлю. Цяпер у Беларусі распачаўся адваротны працэс – аднаўленне былых балот. На гэта таксама патрэбны грошы, рэсурсы. Дзякуй, што з гэтым дапамагаюць заходнія экалагічныя фонды. Мясцовыя ўлады таксама добра ўсведамляюць карысць паўторнага забалочвання земляў, на якіх не вядзецца гаспадарчая дзейнасць, падтрымліваюць і ініцыююць падобныя праекты.
- Положен ли молодым специалистам отдых перед началом работы? Ответ Минтруда
- У ведущего Top Gear Джереми Кларксона выявили агрессивную форму рака
- Киноафиша Пинска: «Властелины Вселенной», «Майкл», «Холоп 3» и новые мультфильмы
- В Брянской области под удар беспилотника попал автобус с детской футбольной командой из Гомеля: погибла женщина, ранены дети
- «Друзья с характером»: в «Евроопт» и «Хит!» стартовала коллекция плюшевых героев с разными эмоциями
- С 8 июля в Пинске запретят установку антенн и конструкций на фасадах домов на главных улицах








