pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Папяровая кніга

Папяровая кніга

04.03.2020, 11:58 Просмотров 1191

Гэтай цёплай восенню выйшаў з пад’езда і заспеў на лавачцы сваю старую-старую суседку з яе, не ведаю нават, як правільна назваць... не з “бойфрэндам” – гады ўжо не тыя. Дзядуля-фрэнд за восемдзесят з каларытнай барадой гучна чытаў сваёй бабульцы-сяброўцы дамскі раман, чытаў пранікнёна. А бабулька слухала пра рамантычнае каханне з летуценна заплюшчанымі вачыма, паклаўшы галаву яму на плячо. Я міжволі затрымаўся, з замілаваннем глядзеў на гэтую рамантычную пару. Даўно такога не бычыў, каб дарослыя людзі голасна чыталі адзін аднаму кнігу. Звычайна чытаюць на адзіноце, моўчкі, проста слізгацяць позіркам па радках. А некалі “чытаць” азначала менавіта “чытаць у голас”. Раней і кніг не было. Так, знакамітыя творы старажытнага паэта Гамэра былі створаныя, калі ў грэкаў не існавала пісьмовасці. На рынках вандроўныя артысты чыталі народу па памяці “Іліяду” і “Адысею”. Нават, калі з’явілася пісьмовасць, то вельмі мала людзей умелі чытаць. Таму, як і раней, нехта адзін – адукаваны, чытаў у голас для іншых. Ды і кніг было вельмі мала. Пісалі іх ад рукі на пергаменце – спецыяльна вырабленай скуры. Звычайна гэтым займаліся мніхі пры манастырскіх крыпторыях. На тое, каб перапісаць кнігу, сыходзіў год, ці нават болей. Потым каліграф-мастак размалёўваў загалоўныя літары, рабіў ілюстрацыі. А за ім пераплётчык сшываў старонкі, рабіў вокладку, якую нярэдка ўпрыгожвалі ювелірнымі сашчэпкамі, накладкамі. Таму далёка не кожны сярэднявечны храм меў сваё Святое пісанне. На выраб адной кнігі сыходзіў вялізны статак. З адной скуры можна было зрабіць толькі адзін якасны аркуш пергаменту. Дарэчы, менавіта з тых часоў прыйшоў да нас вельмі папулярны сёння ў справаводстве папяровы фармат А-4. Які азначае, што цэльны вялікі аркуш (які адпавядае ранейшаму пергаментнаму, зробленаму з адной скуры) складзены ў чатыры разы. Усходнеславянскі першадрукар Францыск Скарына змяніў сітуацыю на нашых землях. Следам за нямецкімі і італьянскімі друкарамі ён распачаў выданне папяровай Бібліі ў прамысловым маштабе. Кнігі атрымліваліся дастаткова таннымі, каб іх мог набыць кожны адукаваны чалавек. Але Францыск пайшоў далей за заходніх першадрукароў. Па-першае, ён зменшыў фармат кнігі, каб яе можна было браць у дарогу – аркушы складаў у адну чвэрць, а не напалам, па-другое, распрацаваў новы, лёгкі для чытання шрыфт. Бо ў той час для духоўнай літаратуры выкарыстоўвалі або мудрагелісты “гатычны шрыфт”, альбо не менш мудрагелістую “царкоўна-слявянскую вязь”. Скарына ж на аснове лацінскай “антыкі” стварыў свой шрыфт, тую кірыліцу, якой з невялікімі зменамі мы карыстаемся і сёння. З таго часу ў беларусаў і з’явілася звычка чытаць кожны для сябе – не ў голас. Адно ў храмах ранейшая традыцыя працягваецца. Колькі ўжо прадракалі, што, напрыклад, кінематограф знішчыць тэатр, а тэлебачанне і інтэрнэт у сваю чаргу – кінатэатры. Аўдыёзапіс нібыта знішчыць канцэрты “ўжывую”. Так прадракаюць і знікненне папяровых кніжак. Бо ў мабільны тэлефон можна лёгка запампаваць змест усіх кніг буйной бібліятэкі. Аднак, як высвятляецца, усе гэтыя з’явы працягваюць існаваць паралельна. Людзі ходзяць і ў тэатры, і на канцэрты, каб паглядзець на артыстаў-куміраў, прыходзяць у кінатэатры, каб разам з іншымі гледачамі перажываць за герояў фільмаў. Чытаюць папяровыя і электронныя кніжкі ў смартфонах. Хаця… цяпер мы нярэдка слухаем у дарозе, на шпацыры і аўдыёкнігі, начытаныя добрымі акторамі, амаль, як у часы Гамэра, калі людзі збольшага не чыталі, а слухалі.

Расскажем о Вас всему городу