pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Пахі дзяцінства

Пахі дзяцінства

04.12.2020, 13:11 Просмотров 1143

Калі жывеш доўга, то паспяваеш убачыць, як вырастаюць і гінуць пасаджаныя табой таполі ў двары. Вось ужо і лаўкі зніклі з тых месцаў, дзе малымі гулялі ў хованкі. Цяжка пазнаць былое ў сучасных краявідах. Новыя дамы, новыя вокны, за якімі бачыў знаёмыя твары тых, хто паспеў адысці ў нябыт.   Але ёсць і такія ўражанні дзяцінства, якія ўсплываюць нечакана, яны нязменныя з часам. Пацягнуўшы за адно з сённяшняй рэальнасці, як за звяно ланцуга, выцягваеш ранейшыя адчуванні. Гэта пахі, водары, што аднойчы адкрыліся табе і засталіся нязменнымі. Для мяне і па-сёння “мандарын пахне елкай”. Бо іх пахі сыходзіліся ў адзін пад кожны Новы год. Мы ішлі з бацькам на рынак, куплялі елку, а часцей адразу дзве, каб звязаць іх разам. Тады калядная хвоя выглядала больш бухматай. Яшчэ заледзянелую ялінку бацька абчэсваў на лесвічнай пляцоўцы секачом для мяса, каб паставіць у драўляны крыж. Замерзлая елка паціху адыходзіла ў цяпле, і ад яе разыходзіўся незабыўны хвойны водар, які мяшаўся з пахам навагодніх мандарынаў. Вось і цяпер, калі абіраю мандарын, заплюшчваю вочы, чую пах, і адразу бачу ва ўспамінах і бацьку-нябожчыка, і калядную елку… Другі пах дзяцінства – водар кавы. Тады молатая, распушчальная кава былі дэфіцытам – не купіш. А вось зялёнае кававае зерне можна было вольна набыць, яго прадавалі на вагу ў бакалейным аддзеле гастранома. Малым я не піў гэты напой, але бацькі давяралі мне абсмажыць зялёныя кававыя бабы. Я сядзеў на нізкім зэдліку перад духоўкай на кухні і няспынна варушыў іх драўлянай лапаткай. Зялёны колер паступова знікаў, ператвараўся на цёмна-карычневы. А потым яшчэ гарачае зерне я засыпаў у ручны млынок, круціў ручку. Храбусцелі падсмажаныя зярняткі, і ад іх ішоў такі водар, што круцілася галава. Я і цяпер, калі замаўляю кубачак кавы, то не спяшаюся піць. Проста сяджу з заплюшчанымі вачыма, нюхаю, і згадваю дзяцінства. Раней увосень лісце з гарадскіх паркаў не вывозілі. Дворнікі зграбалі яго ў кучы і палілі на месцы. Мокрае лісце гарэла кепска, яно тлела адно з сярэдзіны. Я любіў у дзяцінстве гэты час. Прыходзіў у парк і закочваў у прысак колькі бульбін. Па парку плыў водар спаленага кляновага лісця, так падобны да паху свежаспечанага хлебу, які часам даносіла ў наш двор ад хлебазавода. І вось аднойчы, калі я прынёс дахаты печаную ў такім вогнішчы бульбу, загорнутую ў жоўты кляновы ліст, мая бабуля згадала, што ў часы яе дзяцінства хлеб у вясковай печы бацькі пяклі, падклаўшы пад яго для водару і, каб не падгарала скарынка, кляновыя лісты. Нават на зіму іх адмыслова нарыхтоўвалі. Так і сышліся ў маёй памяці пах падгарэлага кляновага лісця і пах гарачага хлеба. Выбраць “правільны” мёд яшчэ тая навука. А бацька вучыў мяне гэтаму з дзяцінства, браў з сабой на рынак. Мёд у слоіку не мусіў адрознівацца па паху ад мёду ў васковых сотах. Прайшлі дзясяткі гадоў. Неяк жонка прыяцеля-пчаляра з Лунінеччыны перадала мне ў падарунак колькі тонкіх самаробных свечак, якія яна робіць для мясцовай царквы. Ставіць іх на стол падчас якой вечарынкі было б для мяне блюзнерствам. Таму я прыхаваў іх да паходу ў храм. Немаладая жанчына ўжо паставіла свае свечкі “за памерлых” і малілася з ружанцам у руках, я стаў поруч, запаліў і ўваткнуў у жоўты пясок свае няроўныя ручной працы свечкі. Яны пырскалі жарынкамі, ад іх сыходзіў водар мёду. “Сапраўдны воск, -- прашаптала жанчына. – З кожнай жарынкай згарае нячысцік, або грэх. Вы цяпер разумееце, што смерць толькі спачатку пахне бальнічнымі лекамі і хлёркай. А потым яна пахне мёдам”. Сказала і сышла.

Расскажем о Вас всему городу