pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Падман

Падман

04.09.2020, 08:46 Просмотров 1837

Часам выхопліваеш фразу з размовы людзей на вуліцы. Пачуеш усяго некалькі слоў. І вы ўжо пайшлі кожны сваёй дарогай. А вось пачутае застаецца ў памяці. Так днямі я пачуў размову дзвюх жанчын. Прагучала: “Падманваць – грэх”. Здавалася б, абсалютна слушна. Аднак, давялося задумацца. Наўпроставай забароны падманваць, як я разумею, прынамсі ў хрысціянстве, няма. Ёсць: “Не сведчы крывадушна”. А гэта не адное і тое ж. То бок, калі ад твайго сведчання залежыць усталяванне праўды важнай для іншых людзей, для справядлівасці, то ты не мусіш маніць. У астатнім па сітуацыі?.. У мяне была цётка Святлана. Вельмі разумны і светлы чалавек – журналістка, пісьменніца. У пэўным сэнсе мне з дзіцячых гадоў было прасцей з ёй гаварыць пра жыццё, чым з бацькамі. Бацькі заўсёды размаўлялі са мной з пазіцыі дарослых. А вось Святлана выбудоўвала нашы размовы, як роўная з роўным. Часцей за ўсё такія размовы адбываліся летнім вечарам у вёсцы, дзе мы – унукі, жылі з нашай бабуляй – здымалі хату на час вакацый. Святлана прыязджала да нас на выходныя, і мы ішлі ў лес. Там яна вучыла нас распальваць вогнішча, смажыць на ражончыках сала з чорным хлебам. І гэта пад філасофскую размову. Яна разважала з намі пра тое, ці існуе канфлікт бацькоў і дзяцей? І падводзіла да думкі, што яго няма, ёсць толькі канфлікт дурняў і разумных, сумленных і нягоднікаў. Памятаю, як адзін раз гаворка зайшла пра праўду і падман. Ці заўсёды трэба гаварыць праўду, і ці можна падманваць? Я прыняў яе развагі, памятаю тыя правілы і трымаюся іх дагэтуль. Гаварыць праўду варта, але не ў кожным выпадку. Здараецца, лепш яе не агучваць. Скажам, нейкі чалавек насамрэч лысы і да таго ж дурань. То не варта штодзень без дай прычыны яму гэта агучваць: “ты -- лысы дурань”. Бывае, лепш проста не дагаварыць, асабліва, калі чалавек не вінаваты ў сваіх якасцях. Вось, калі ён пачне абражаць вас, ці вучыць жыць, то можна і намякнуць на такія акалічнасці. Што наконт падману, то Святлана падзяляла яго на бяскрыўдны і шкодны. Скажам, вучыла яна, маці дала табе рубель на тое, каб ты схадзіў у парк, але забараніла есці марозіва. Ты забарону парушыў, не ўтрымаўся. Вярнуўся дахаты і зманіў, што садануў грошы на атракцыён і коржык у буфеце. Ад такога падману няма ніякай шкоды, ты проста не хацеў хваляваць сваю маму. Усё, што тычыцца толькі цябе, можаш прыдумляць. Людзі ўсё адно складуць сабе ўражанне пра цябе па тваіх рэальных паводзінах. А вось, калі твая мана шкодзіць іншым, то катэгарычна нельга падманваць… Шмат было ў нас з цёткай падобных размоў. Мінулі гады, я быў ужо дарослым мужчынам, яна пастарэла. Неяк увечары я зайшоў да яе. Адчыніла мая стрыечная сястра, сказала, што Святлана на кухні. Цётка, якая ўжо перажыла першы інсульт, сядзела за сталом. Перад ёй стаяла “поўная, як вока” чарка брэндзі, у руцэ яна трымала запаленую цыгарэту. Я пачаў яе ўшчуваць. Маўляў, калі ты была здаровая, то магла сабе дазволіць часам спіртное і тытунь… Цётка спыніла мяне: “Ты не ўяўляеш, колькі мне давялося ўгаворваць доктара. І ён нарэшце дазволіў мне выпіваць адну чарачку брэндзі і выпальваць адну цыгарэту”. “Калі б ты яшчэ дала яму грошы, ён бы дазволіў табе палову пляшкі і пачак цыгарэт”, -- пажартаваў я. Мы пасмяяліся. Святлана знянацку пасур’ёзнела і сказала, нібыта працягвала тую старую размову з дзяцінства: “Так, можна як заўгодна доўга падманваць сваякоў, сяброў, мужа, жонку, каханкаў, але ніколі не трэба маніць самому сабе”. Гэта была нашая апошняя сустрэча, праз пару месяцаў цёткі не стала. А словы яе я запомніў.

Расскажем о Вас всему городу