pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Наўскі Вялікдзень

06.05.2019, 08:44 Просмотров 2102

Вось і мінулі самыя важныя для беларускіх хрысціян святы. Вялікдзень адзначылі і каталікі, і праваслаўныя. І рэч не ў тым, што ёсць два ўваскрашэнні Божыя. Бог адзін. Якая дата правільная, а якая хібная, сказаць немагчыма. Пакінем гэтую спрэчку царкоўнікам. Варта памятаць, што хрысціянства на тэрыторыю сучаснай Беларусі прыйшло крыху больш за тысячу гадоў таму. Да гэтага ў нашых продкаў былі іншыя вераванні, іншыя багі. Да таго ж, хрысціянства спачатку вызнавалі ў буйных гарадах князі і іх набліжаныя, дружыннікі. У вёсках працэс хрысціянізацыі, хаця б знешняй -- на ўзроўні царкоўных абрадаў, завяршыўся ў XVI стагоддзі. Як любіць казаць адзін мой знаёмы археолаг: “Трэба вывучаць пахаванні. Калі людзям у труну нічога апроч нацельнага крыжыка не паклалі – гэта ўжо хрысціяне. Усё астатнія варыянты -- яшчэ язычніцтва”. Мяркую, кожны сучасны беларус сутыкаўся з тым, што нябожчыку і цяпер кладуць у труну ягоныя ўлюбёныя рэчы, цыгарэты, калі паліў пры жыцці, манеты ў кішэні, каб меў чым разлічыцца з перавозчыкам-лодачнікам на тым свеце, або, каб адкупіўся ад душаў нядобразычлівых мерцвякоў на могілках. Раней нярэдка клалі ў труну высушаную лапу мядзведзя, ваўка або рысі. Бо лічылася, што душы павінны караскацца да неба па шкляной або ледзяной гары, і кіпці дапамогуць пераадолець ім гэты няпросты шлях. Ну а потым на магілы прыносяць цукеркі, ежу, велікодныя яйкі, пралівалі, або ставілі ім у чарцы гарэлку. У той жа час хрысціянства па вялікім рахунку мае для ўратавання душы памерлага і ўшанавання яго памяці толькі малітвы. Усе астатнія абрады ў гонар памерлых прыйшлі да нас яшчэ з ранейшых часоў – так званае народнае хрысціянства, у якім былыя вераванні мірна спалучаюцца з навейшай рэлігіяй. І гэта добра -- з аднаго боку ў нашых продкаў з’явіліся Боскія запаветы, пералік смяротных грахоў, умацавалася разуменне таго, што ўсе роўныя перад Усявышнім, з іншага – не перапынілася сувязь з продкамі-язычнікамі. Культ продкаў быў вельмі важным для беларусаў. Ад яго засталіся святы Дзяды і Радаўніца, якія трывала спалучыліся з хрысціянскай абраднасцю. Назва Радаўніца першапачаткова была характэрная толькі для Цэнтральнай Беларусі, у іншых мясцінах яе называлі Наўскі Вялікдзень. У гэты дзень трэба было з вечара прапаліць лазню для памерлых продкаў, пакінуць ім там прылады для мыцця і паставіць пачастунак. Падлогу пасыпалі попелам. А раніцай глядзелі – калі на попеле чыталіся птушыныя сляды, то гэта азначала, што душы продкаў прыляталі прыняць падзяку ад нашчадкаў. Менавіта ў дахрысціянскіх вераваннях душу памерлага, які адведвае свет жывых, уяўлялі птушкай. З тых часоў паходзіць жывая яшчэ прыкмета – калі ў пакой заляціць, або б’ецца ў шкло птушка, то гэта дзяды папярэджваюць, што ў доме неўзабаве нехта памрэ. Само слова “наўе” мае яшчэ індаеўрапейскае паходжанне і цяпер у розных мовах у крыху іншым гучанні азначае і “маладзік”, і “карабель”, і “душы памерлых”… Упершыню наўі ў беларускай пісьмовай традыцыі згадваюцца пад 1092 годзе ў сувязі з іх нашэсцем на Полацк. Саміх наўяў у старажытным горадзе летапісец лічыў вешчунамі страшных бедаў для дзяржавы. Людзі бачылі, як на вуліцах Полацка з’яўляліся сляды наўяў, іх коней, але саміх істотаў гараджане не маглі згледзець, яны заставаліся нябачнымі. Шмат палачанаў тады захварэлі, на скуры з’яўляліся язвы, людзі паміралі. Але ж наўяў яны ўспрымалі не як прычыну хваробы, не як яе носьбітаў, а толькі як прадвеснікаў бяды – яны іх папярэджвалі пра Боскі праклён за пэўныя грахі.

Расскажем о Вас всему городу