pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Нашай дзяржаве 29 гадоў!

Нашай дзяржаве 29 гадоў!

31.08.2020, 10:58 Просмотров 985

25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. Нехта называе гэта Днём незалежнасці, нехта Днём аднаўлення незалежнасці. І ўсе маюць рацыю. У гэты дзень на палітычнай карце Еўропы аднавілася нашая нацыянальная дзяржава. Гэтым разам пад назвай Рэспубліка Беларусь. Гісторыя нашай дзяржаўнасці сыходзіць у сівую даўніну. Генетыкі ўжо давялі, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі пражывае адзін і той жа народ вось ужо каля 5 000 гадоў. То бок, мы – сучаснікі, прамыя нашчадкі тых, хто жыў тут пяць тысячагоддзяў таму. Гэта вельмі працяглы тэрмін, бо ў Еўропе адбывалася вялікае перасяленне народаў. Некаторыя, такія, як сённяшнія венгры, прайшлі тысячы кіламетраў, перш чым знайсці сабе новую радзіму. Першую протадзяржаву ў першай палове першага тысячагоддзя на нашых землях утварылі готы – продкі сучасных немцаў. Потым частка з іх скіравалася ў Крым, частка пайшла на захад, ну, а частка засталася, як засталіся і мясцовыя – хутчэй за ўсё, балцкія плямёны. Не дарма ж нашы суседзі – сучасныя літоўцы называюць беларусаў гудамі. І не ад таго, як кажуць некаторыя, што “беларусы вельмі спеўныя – гудуць”, а проста, гэта крыху змененае слова “готы”. Назвы рэк, азёр у нас даволі часта маюць гоцкае паходжанне. А ў сучаснай беларускай мове вельмі шмат германізмаў. Часам кажуць, нібыта яны трапілі да нас з ідышу – мовы еўрапейскіх габрэяў, але цалкам верагодна, што яны дасталіся нам у спадчыну ад готаў-германцаў. Першымі ўласна беларускімі паўнавартаснымі дзяржавамі нашы гісторыкі вызнаюць Полацкае і Турава-Пінскія княствы, што паўсталі на стыку тысячагоддзяў. І не важна, што іх засноўвалі вікінгі – малодшыя сыны скандынаўскіх каралеўскіх і княскіх радоў. Так было шмат дзе ў тагачаснай Еўропе, нават у Міжземнамор’і. Праз пару дзясяткаў гадоў аснову дружын ўжо складалі мясцовыя людзі, а дзеці варагаў пераймалі мясцовыя звычаі, культуру і мову. Напачатку рэлігійным і культурным апірышчам нашых княстваў была Візантыя, адтуль прыязджалі святары, дойліды. Аднак, з заняпадам Канстанцінопаля нашыя продкі сталі наладжваць больш шчыльныя стасункі з Захадам. Так на нашых землях паўстала Вялікае Княства Літоўскае, да стварэння якога спрычыніліся ўцекачы з Усходняй Прусіі, іх выціскалі з узбярэжжа Балтыйскага мора германцы. Адступілі князі са сваімі дружынамі. І нам разам удалося адбіцца ад нямецкіх рыцарскіх ордэнаў. Але ж пагрозы з Захаду і Усходу прымусілі нашых продкаў аб’яднацца з Польскім Каралеўствам у канфедэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую. У канцы XVIII стагоддзя адбыліся яе падзелы паміж суседнімі дзяржавамі – Расійскай і Аўстрыйскай імперыямі, Прусіяй. Так, больш чым на стагоддзе была ліквідаваная нашая і палякаў незалежнасць. Праўда, прыкладна праз кожныя трыццаць гадоў адбываліся паўстанні, калі падрастала новае пакаленне патрыётаў. Першая сусветная вайна, еўрапейскія рэвалюцыі далі новы штуршок. Спачатку была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Потым ССРБ – Савецкая Сацыялістіычная Рэспубліка Беларусь. Яна і стала пераходным мастом да сапраўды незалежнай Рэспублікай Беларусь. За гады незалежнасці цяпер ужо вырасла новае пакаленне беларусаў, якія не жылі ў Савецкім Саюзе, для якіх Другая сусветная вайна – нагода аддаць даніну памяці гераічным дзядам-прадзедам, а не уласныя жахлівыя ўспаміны. Беларусы нарэшце сталі мадэрнавай еўрапейскай палітычнай нацыяй. Пераважная бальшыня іх жыве ў буйных гарадах, а не ў вёсцы. А гэта новы погляд на тое, якім мусіць быць дзяржаўнае жыццё.

Расскажем о Вас всему городу