Манахі і піва
Сярод служыцеляў рэлігіі большасць – сумленныя, глыбока-веруючыя. Аднак, яшчэ ў XVI стагоддзі заснавальнік лютэранства – Марцін Лютэр пісаў, што, калі вакол звычайнага чалавека круціцца адзін чорт, то каля святара -- сто чартоў. Бо д’яблу прэстыжна і важна завалодаць душой таго, хто пакліканы служыць Богу, а не простага верніка. Калі азірнуцца ў гісторыю, то мы ўбачым, што са святароў і манахаў кпілі не толькі ў атэістычным Савецкім Саюзе, а і значна раней. У фальклоры і ў аўтарскай літаратуры вялікі корпус тэкстаў прысвечаны гэтым паважаным асобам. І няма там знявагі самога сану, толькі высмейванне тых самых заган, што ўласцівыя і свецкім людзям, але недапушчальныя для духоўных асоб: п’янства, хцівасць, юрлівасць, крывадушнасць, разбэшчанасць. Ну, а калі народ смяецца, то і выправіцца лягчэй… Нядаўна пераканаўся, што і навуковыя даследаванні на гэтую тэму можна рабіць займальныя, нават вясёлыя. Лёс звёў мяне са знаўцам дзейнасці Базыліянскага манаскага ордэну на тэрыторыі Беларусі гісторыкам Дзянісам Лісейчыкавым. Ад яго і дазнаўся цікавыя падрабязнасці, якія ён “накапаў” у архівах. Ва ўсім свеце вельмі папулярныя гатункі піва, назвы якіх звязаныя з манахамі. Розныя “бернардынскія”, “францысканскія”, “дамініканскія”. Нават у нашых суседзяў-украінцаў ёсць гатунак, які называецца “вясёлы манах”. У манастырах раней, сапраўды, масава варылі піва, як на продаж, так і для ўласных патрэб. У 1617 годзе на першым жа сходзе новаўтворанага Базыліянскага ордэну ўся яго дзявятая сесія, а гэта цэлы дзень, была прысвечаная піву. Царкоўныя іерархі імпэтна абмяркоўвалі, колькі ж піва можна манаху выпіць у абед. Відаць, праблема, сапраўды, была для манастыроў актуальнай. Спрэчкі зацягнуліся, але ж пад вечар кіраўніцтва ордэну прыйшло да высновы, што манаху можна выпіць падчас абеду, а гэта значыць, у кампаніі ўсёй браціі і настаяцеля, дзве кварты піва. Гэта было самаабмежаванне мніха. Мог выпіць і больш, але гэта лічылася ўжо дурным тонам. Зразумела, увечары можна было без страты для сваёй рэпутацыі, выпіць за агульным сталом яшчэ. Асуджалася піццё на адзіноце. Трэба ўдакладніць адпаведнасць тагачасных мераў аб’ёму сённяшнім. Кварта – гэта не 0,5 літра, а 0,8. Такімі ёмістымі кухлямі карысталіся продкі. Да таго ж у дакументах сходу Базыліянскага ордэну ўдакладнялася, што гаворка вядзецца пра “піва моцнае”. То бок, па сённяшніх мерках манах мог у абед спакойна “бахнуць паўтарачку strong” у прысутнасці настаяцеля і братоў. Дзеля справядлівасці варта дадаць, што піва ужывалі не толькі для хмяльной весялосці, але і як гігіенічны сродак, бо піццё вады, набранай у рацэ ці ў крыніцы, здароўе не паляпшала. Піва вараць, потым у ім утвараецца пэўная доля спірту, так што кішэчная зараза там знішчаная адназначна. Справядлівасць гэтага можна адшукаць у хроніках Быценьскага базыліянскага манастыра на сённяшняй Івацэвіччыне. Манах-летапісец з пэўным зларадствам пісаў, што быў тут у нас адзін такі італьянец з герцагства Парма Іясафат Палавічыні, пляменнік нунцыя -- пасла Папы Рымскага ў Рэчы Паспалітай. Прыехаў апрануты па апошняй модзе. І моцна яму не падабалася наша грубая ежа, розныя грэчкі-пярлоўкі. І нашага піва ён моцна гідзіўся, бо яно яму смярдзела кісляцінай. Нічога з напояў ён не ўжываў, піў толькі анісавую ваду. І вось нашая грубая ежа стала моцна замінаць далікатнаму страўніку. На другі тыдзень, як піша манах-летапісец, памёр Іясафат Палавічыні, і пахавалі яго тут пад Быценем. Маўляў, што быценцам добра, тое падуанцам смерць.
- Положен ли молодым специалистам отдых перед началом работы? Ответ Минтруда
- У ведущего Top Gear Джереми Кларксона выявили агрессивную форму рака
- Киноафиша Пинска: «Властелины Вселенной», «Майкл», «Холоп 3» и новые мультфильмы
- В Брянской области под удар беспилотника попал автобус с детской футбольной командой из Гомеля: погибла женщина, ранены дети
- «Друзья с характером»: в «Евроопт» и «Хит!» стартовала коллекция плюшевых героев с разными эмоциями
- С 8 июля в Пинске запретят установку антенн и конструкций на фасадах домов на главных улицах








