pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Людзі і птушкі

Людзі і птушкі

13.04.2020, 11:55 Просмотров 1102

Успаміны дзяцінства збольшага светлыя. Памяць старана адсейвае моманты, калі цябе пакрыўдзілі, падманулі, спрычынілі боль. Памятаеш, калі быў шчаслівы, калі атрымаў падарунак, які доўга чакаў. Кожны ўзрост па-свойму добры, але мне даспадобы згадваць пяты-шосты школьныя класы. Да цябе яшчэ ставяцца, як да дзіцёнка, але ты ўжо можаш сам выходзіць на вуліцу, бегчы да крамы. У цябе з’яўляюцца першыя сакрэты ад бацькоў. Ты яшчэ верыш у шчырасць сяброўства, непарушнасць дадзенага слова, але ўжо ведаеш, што жыццё не вечнае. А таму пакрысе прымяраеш на сябе свет дарослых. А дарослымі табе здаюцца старшакласнікі з іх спатканнямі з дзяўчынкамі, уяўнай самастойнасцю, пэўнай грубасцю і ўменнем рабіць сваімі рукамі нешта сур’ёзнае. Аднымі з самых прыемных для мяне, менавіта, прыемных, а не цікавых, былі ўрокі працы. Выкладаў нам негаваркі стары настаўнік ў выцвілым сінім халаце, якога мы звалі проста Акімыч. Пад яго кіраўніцтвам мы засвойвалі ўмельства працаваць з драўнінай. Дагэтуль, варта заплюшчыць вочы, і згадваецца пах смалістых дошак у школьнай майстэрні. Пругкія звівы габлюшак, залаты россып пілавіння. Дагэтуль стаяць у вушах амаль містычныя назвы рыштунку: шархебель, фуганак, стусла. Мы рабілі на ўроках працы розныя карысныя рэчы: рамкі з багету, каб потым у іх уставілі партрэты літаратурных класікаў ці сусветна вядомых фізікаў-хімікаў; дзвярныя ручкі; выпілоўвалі лобзікам лапаткі для гатоўкі. Іх Акімыч дазволіў нам забраць дадому, як падарунак бацькам на кухню. І нікога тады не хвалявала, што выпілоўвалі мы іх з фанеры. Пра экалагічнасць тады асабліва не дбалі. Ды і клеілі фанеру ў тыя часы не эпаксідкай, як цяпер, а сталярным ці казеінавым клеем, практычна, уежнымі. Сталярны з костак жывёл вараць, а казеінавы робяць з казінага малака. Так што мае маці з бацькам той лапаткай на кухні карысталіся, як дранікі гатавалі ці мяса смажылі, і ўсе засталіся жывыя. І вось аднойчы, прыкладна такімі ж сонечнымі вясновымі днямі настаўнік прынёс на ўрок плакат з малюнкам, павесіў яго навідавоку і абвясціў, што мы будзем рабіць шпакоўні, маўляў, птушкі ўжо прыляцелі. Схема нескладаная – шэсць дошак, дзірка і палка. На дваіх вучняў трэба было змайстраваць адну шпакоўню. Я ўзяўся за працу са сваім сябрам. Вымяралі па сем разоў і толькі потым адпілоўвалі. Прасвідравалі дзірку. Потым старана прайшліся наждачкай. Гэта ж не абы што майстравалі, а жытло для жывых істот – для птушак, каб маглі птушанят выводзіць і гадаваць. Збілі нарэшце цвікамі дошкі і нават стыкі трэсачкамі ўшчыльнілі, каб малых не прадзьмула, накідалі ўсярэдзіну габлюшак, каб мягчэй было. Хацелі яшчэ зверху лакам пацягнуць, але ж Акімыч папярэдзіў, што шпакі рэзкія пахі не любяць, і за зробленую працу паставіў мне з сябрам па “пяцёрцы”. Нават пасля таго, як атрымалі адзнакі, мы з сябрам не супакоіліся, вырашылі шпакоўню ўдасканаліць, зрабіць тое, чаго на схеме не было -- жэрдачку перад уваходам. Ставіць крывы дручок – галінку з дрэва, не хацелася. Таму я наважыўся ахвяраваць шпакам свой “казырны” аловак знакамітай чэха-славацкай фірмы “Koh-i-noor” з ласцікам на канцы. Павешаныя Акімычам на дрэвы каля школы шпакоўні перажылі нават самога настаўніка. Я беспамылкова пазнаваў свой выраб па алоўку-жэрдачцы і, калі вучыўся ў інстытуце, і калі пайшоў працаваць. Старыя шпакоўні чарнелі, адна за адной знікалі, але на іх месцы штовёсну з’яўляліся новыя. Знікла нарэшце і мая. Здаецца, і нямала зрабіў у жыцці, але, відаць, лепшае – гэта тая шпакоўня. Бо не дзеля грошай, не дзеля кар’еры, не дзеля славы.

Расскажем о Вас всему городу