pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Крывыя вечары

Крывыя вечары

20.12.2019, 12:37 Просмотров 1629

Набліжаюцца Каляды. Не буду спыняцца на іх хрысціянскім змесце. Храм, у які чалавек ходзіць маліцца – гэта пытанне веры, свядомага выбару. Святары ўсё дакладна растлумачаць пра Божае нараджэнне. Але апроч веры ёсць традыцыя. Раней, яшчэ гадоў сто таму ўсе ў Беларусі ведалі, як правільна трэба адзначаць вяселле, Вялікдзень, Дзяды, Каляды. І самае цікавае, што ніхто нікога не вучыў, як гэта трэба рабіць. Проста, кожны чалавек з самага маленства быў уцягнуты ў каляндарны цыкл святаў, станавіўся ўдзельнікам абрадаў, застолляў. Кожнаму дзейству мелася сваё дакладнае месца ў часе. Цяпер традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне хіба што ў кулінарыі, калі дзяўчынка вучыцца гатаваць ад маці, ад бабулі пэўныя ўлюбёныя ў сям’і стравы, паўтарае іх рэцэпты, прыёмы, нават капіруе рухі. Народны каляндар насамрэч прывязаны толькі да астранамічных бегаў. Калядныя песні праслаўляюць сонца, зоркі, месяц, зямлю. Так, у іх прысутнічаюць анёлы, Сын Божы, Божая Маці, але гэта пазнейшы хрысціянскі уплыў, якому на нашых землях крыху больш за тысячу гадоў. А шляхі нашых продкаў, іх архаічная культура сыходзіць куды глыбей. Навукоўцы стагоддзямі шукаюць так званую нацыянальную ідэю. Нехта бачыць яе ў мове, нехта ў традыцыі, нехта ў хрысціянскіх каштоўнасцях. Але насамрэч, мне падаецца, яна ў еднасці. Зразумела, што сённяшнія беларусы ўжо не жывуць архаічным жыццём. Нарадзіцца ў адным горадзе ці мястэчку зусім не азначае, пражыць там усё жыццё. Мы даволі лёгка пераязджаем у іншыя гарады, краіны. І разам з гэтым губляем пераемнасць традыцый, так губляецца і еднасць. Бо яна і ёсць спалучэнне мовы, рэлігіі, светапогляду на грунце традыцыі. Каляды адныя з нямногіх дзён, калі гэтая еднасць аднаўляецца. Калі мы радуемся, святкуем усе разам. Калі збіраемся на плошчах побач з упрыгожанай елкай, шчыра віншуем адзін аднаго, не пытаючыся пра сацыяльны статус, палітычныя погляды, пра тое, што нас раз’ядноўвае ў іншыя дні. У народнай традыцыі гэтыя дні называюцца Крывымі вечарамі. Крывымі не таму, што яны нейкія кепскія. Проста ў іншыя дні час, прастора просталінейныя, а на Каляды яны робяцца “крывымі”. Гэта, як скажоны люстраны адбітак рэчаіснасці. Таму і верым, што на Каляды магчымыя цуды. Можам рабіць неадэкватныя для дарослых учынкі, скажам, катацца, як дзеці, з горак у пластыкавым тазіку. Слова “крывы” для нашых продкаў мела сакральны характар. Згадаем нашу першую дзяржаву – Полацкае княства. У старажытным Полацку самы цэнтр, адкуль ажыццяўлялася вярхоўная ўлада ў краіне, называўся Крывец-пасад. У наступнай сталіцы нашай старажытнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, старая частка паселішча называлася Крывы горад. І апошняе. Язычніцкі першасвятар, чыя духоўная ўлада распаўсюджвалася і на Полацк, і на Вільню, і далей, насіў тытул Крыва-Крывейтэ. Гэта была дынастыя святароў, якая да канчатковай перамогі хрысціянства налічвала сорак восем пакаленняў. Цяжка ўявіць сабе такую лічбу ў людской памяці. Памножым яе на дваццаць – прыкладна столькі аддзяляе адно пакаленне ад наступнага. Атрымаем дзевяцьсот шэсцьдзесят гадоў. Практычна столькі, колькі ў нас ужо існуе хрысціянства. І гэтыя святары памяталі сваіх продкаў, маглі назваць іх імёны яшчэ ў дапісьмовы перыяд нашай гісторыі. Парадаксальным чынам традыцыі кропкава вяртаюцца. Так яшчэ нядаўна ўчарашнія сяляне, якія пераехалі ў гарады, казалі, што яны з “Мінска-Пінска”. Цяпер жа, нават народжаныя ў вялікіх гарадах, звычайна з гонарам дадаюць, з якой мясцовасці паходзяць іх продкі.

Расскажем о Вас всему городу