pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Кім быў Каліноўcкі?

04.12.2019, 14:24 Просмотров 1135

Днямі адбылася знакавая падзея. У гістарычнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага – у Вільні, цяпер сталіцы Рэспублікі Літва -- Вільнюсе, прайшло ўрачыстае перапахаванне паўстанцаў 1863 года. Сярод іх аднаго з кіраўнікоў -- Кастуся Каліноўскага. 155 гадоў мінула з таго часу, як царскія ўлады пакаралі іх смерцю. Каго расстралялі, хто, як Каліноўскі, скончыў сваё жыццё на шыбеніцы. Царскія каты баяліся, што магілы герояў стануць месцам паломніцтва, таму іх таемна пахавалі на замкавай гары, дзе ў той час была крэпасць з вайсковым гарнізонам. То бок, рэжымны аб’ект, куды трапіць было няпроста. Закатаваных, можна сказаць, і не хавалі, іх проста скідалі ў неглыбокія ямы і засыпалі вапнай. Пахаванне зраўнялі з зямлёй і зрабілі на ім спартыўную пляцоўку. Віленчукі ведалі пра гэтае месца і таму адразу ж, як падчас Першай сусветнай вайны расійскія войскі пакінулі горад, паставілі там памятны драўляны крыж. У міжваеннай Польшчы, да якой адышла Віленшчына, гэтае месца даглядалі, а вось потым пры СССР крыж знік. Хаця паўстанцаў 1863 года камуністы шанавалі, як змагароў з царызмам. Выходзілі кніжкі ў папулярнай серыі “Жыццё знакамітых людзей”. Здымаліся фільмы пра тыя падзеі. Імя Кастуся Каліноўскага надавалі вуліцам у беларускіх гарадах. Насіла яго падчас Другой сусветнай вайны і партызанская брыгада. Пра месца пахавання памяталі ва ўсе часы, але пасля 1915-1916 гадоў ніякіх спробаў правесці раскопкі не рабілі. Пакуль у лютым 2016 на Замкавай гары не здарыўся апоўзень, які раскрыў частку пахаванняў. За працу ўзяліся археолагі і крыміналісты, бо трэба было ідэнтыфікаваць знойдзеныя парэшткі. Усяго было выяўлена і ідэнтыфікавана 20 пахаванняў. Кастуся Каліноўскага “пазналі” па метаду смяротнага пакарання – рукі звязаныя за спінай – яго павесілі. Таксама чэрап параўналі з прыжыццёвымі фатаграфіямі. Тады адпалі і апошнія сумневы. Адразу ж пасля знаходкі пахаванняў сярод спецыялістаў і проста абазнаных у тэме людзей пачаліся дыскусіі. Спрачаліся наконт таго, дзе мусі быць пахаваны Кастусь Каліноўскі, у сённяшняй Літве ці ў Беларусі? На якіх мовах павінен быць надпіс на новым пахаванні? І самае дзіўнае, выбухнула дыскусія, у якой узялі удзел і некаторыя гісторыкі: а ці быў Каліноўскі беларусам? Здавалася б, дзіўнае пытанне. Кім яшчэ мог быць аўтар і выдавец першай газеты на беларускай мове “Мужыцкая праўда”? Аднак, знайшліся тыя, хто сцвярджаў, нібыта, Кастусь Каліноўскі – паляк,  а беларускую мову ў сваіх адозвах выкарыстоўваў кан’юктурна, каб прывабіць у шэрагі паўстанцаў беларускае сялянства, а не толькі шляхту. Для мяне асабіста такога пытання не існуе. Варта згадаць апошнія дні жыцця зняволенага Кастуся Каліноўскага. Ужо практычна асуджаны да смерці, ён таемна перадае на волю тры тэксты, вядомыя зараз як “Лісты з-пад шыбеніцы”, іх выдалі ў друку ўжо ў 1867 годзе. Два з іх – бліскучая публіцыстыка, у іх кіраўнік паўстання дае запавет беларусам. Трэці – апошні тэкст, адзіны верш Каліноўскага, які захаваўся. І адрасаваны ён каханай дзяўчыне. Ён таксама напісаны па-беларуску. Няўжо ж і тут кан’юктура? З-пад шыбеніцы чалавек піша сваёй нарачонай і крывіць душой? Вядома ж, не! У такой сітуацыі будзеш максімальна шчырым. Пахаванне нашых агульных з палякамі і літоўцамі герояў адбылося на высокім узроўні ў гістарычнай сталіцы Вільні. На ім прысутнічала і беларуская ўрадавая дэлегацыя. Надпісы выканалі на трох мовах. Ну, а спрэчкі -- “хто такі Каліноўскі?” -- сціхлі самі сабой, варта было пабачыць тысячы беларусаў, якія прыехалі на ўрачыстую цырымонію.

Расскажем о Вас всему городу