Гадзіны і гадзіннікі
Памятаеце, якія ў дзяцінстве былі даўгія дні? А потым з узростам час пачынае сціскацца, ушчыльняцца. Дні робяцца карацейшымі. А чаму? Насамрэч, час -- гэта сукупнасць уражанняў, падзей у жыцці чалавека. І больш нічога. Таму дзіцёнку, які толькі спазнае свет, уражанняў і падзей стае вышэй галавы. А дарослы чалавек уцягнуты ў “канвеер” працы і сямейнага жыцця, дзе кожны дзень падобны да папярэдняга. Яны накладаюцца адзін на адзін, як старонкі старога папяровага адрыўнога календара. Памятаеце, што былі, ды цяпер яшчэ ў некаторых яны ёсць. На кожнае старонцы можна прачытаць анекдот, карысную параду, гістарычную даведку і інфармацыю пра фазы месяца. Вось і ўзнікае ўражанне, што толькі пачалося лета, ды адразу і скончылася. А у школьніка малодшых класаў летнія вакацыі -- гэта амаль бясконцасць. Першы гадзіннік у сваім жыцці, да стрэлак якога я пачаў прыглядацца ў дзяцінстве, быў гадзіннік-куранты, што вісеў і вісіць дагэтуль у нашай дзедавай кватэры ў пакоі бабулі. Дастаткова стары, з маятнікам, залачоным цыферблатам. Нямецкі, відаць, трафейны, куплены дзедам на пасляваеннай гарадской, на тагачасным слэнзе, “талкучцы”. Тады з пераможанае Германіі ў Савецкі Саюз эшалонамі вайскоўцы вывозілі рэчы, посуд, вопратку. Гадзіны на цыферблаце былі пазначаныя рымскімі лічбамі, таму мне ўдалося іх вывучыць раней, чым пайшоў у школу. Старадаўні гадзіннік-куранты ў чорным дубовым корпусе, аздобленым разьбой, вісеў пад самай столлю. Штотыдзень бабуля дабіралася да яго – ставіла стол, на стальніцу зэдлік, і накручвала згодна з інструкцыяй, якую ёй даў прадавец. Чатыры паўабароты спецыяльнага ключа-чатырохгранніка. І запісвала дату ў нататнік, што ляжаў усярэдзіне гадзінніка побач з алоўкам, каб не памыліцца з наступнай заводкай. Яна была пунктуальнай жанчынай. Аднак, узрост даваўся ў знакі. Пэўнага разу бабуля паклікала мяне, каб цяпер ужо ўнук паставіў на стол зэдлік, ускараскаўся на верхатуру і накруціў гадзіннік. Я стоіў дыханне, калі адчыняў святую-святых нашае кватэры. За цыферблатам зіхцела выціснутая на чорным аксаміце срэбрам назва фірмы-вытворцы. Але ж і сёння я не магу ўпэўнена расчытаць стылізаваны гатычныя шрыфт. Я накруціў, як загадала суворая бабуля, свае два поўныя абароты, але ж паспеў заўважыць, што ў курантах ёсць яшчэ адна адтуліна для ключа. Зразумела, я падцікаваў, калі бабуля сыдзе з дому, залез на верхатуру, уставіў ключ-чатырохграннік у другую адтуліну і зрабіў тыя самы чатыры паўабароты. Як высветлілася, гэта была адтуліна заводу бою курантаў. Яны пачалі вельмі гучна адбіваць кожныя чвэрць гадзіны. Адзін удар на пятнаццаць і сорак пяць, два на палову і, колькі трэба, на поўную гадзіну. Усю ноч наша сям’я не магла заснуць. Нямецкія куранты “лупілі” бомы кожную чвэрць гадзіны. Раніцай бабуля правяла допыт, і я расказаў праўду. У курантаў на сцяне выявіўся тросік, за які, калі пацягнеш, яны пачыналі адбіваць апошнюю гадзіну. Мяне пасадзілі на зэдлік пад столлю, і я торгаў той тросік, каб гадзіннік выпрацаваў свой рэсурс заводу. Тыдзень працы бою курантаў сціснуўся ў некалькі гадзін. Не стала бабулі. Насценны гадзіннік спыніўся праз год пасля яе смерці. Мінула дваццаць гадоў. Я прыйшоў у госці да сястры. Нямецкія куранты віселі на тым самым месцы. Мы селі піць каву. І тут раптам “мёртвы” гадзіннік аджыў. Маятнік заставаўся нязрушным, але куранты пачалі бой. Яны адбівалі не час, а столькі, колькі ім жадалася. На дванаццатым удары мы перасталі лічыць.
- «Белавиа» запустила онлайн-возврат билетов: как это работает
- О применении кассового оборудования, в том числе при реализации маркированных товаров, приема средств платежа отдельными субъектами хозяйствования
- Кому теперь можно не пристёгиваться в автомобиле? Перечень изменился
- До 8 «падающих звёзд» в час: когда белорусам смотреть Эпсилон-Персеиды
- Афиша кинотеатра «Победа» в Пинске на 10–16 сентября 2026
- С 1 октября в России вводится обязательная маркировка гигиенических товаров








