Флоцкая нацыя
У беларусаў няма свайго мора. І тым больш, няма свайго ваенна-марскога флоту. Але ж на дзіва ў мінулую нядзелю карыстальнікі сацыяльных сетак масава пачалі згадваць, што такое свята, як Дзень ваенна-марскога флоту, існуе. І нават віншавалі адзін аднога з ім. Цікава, што практычна ніхто не пярэчыў віншаванням. Адразу пачыналі дзяліцца ўспамінамі, выкладаць старыя фота. Хто і сам на флоце служыў за часамі СССР, у каго сваякі служылі. А сапраўды, наколькі беларусы марская нацыя? Ці нават флоцкая? У самым пачатку сваёй дзяржаўнасці, а гэта Полацкае княства, мы ўжо мелі свой флот. Магістральных сухапутных дарог тады не існавала. Большасць грузаў і войскаў перамяшчалася па рэках. Полацкае княства цалкам кантралявала Дзвіну да самага яе ўпадзення ў Балтыйскае мора. На тэрыторыі сучаснай Латвіі стаялі полацкія замкі з гарнізонамі, каб ахоўваць караблі ад нападаў рабаўнікоў. Так цягнулася да таго часу пакуль немцы падманам, нібыта для падтрымкі хрысціянства не атрымалі ад нашых князёў дазвол на пабудову ў вусці Дзвіны Рыжскага замка, а потым проста перакрылі Полацку выхад у Балтыку. Яшчэ старажытна-грэцкі гісторык Герадот згадваў пра існаванне на тэрыторыі сённяшняга Палесся прэснаводнага мора. І гэта не міф. Рэшткі гэтага агромністага возера выразна праглядаюцца на геаграфічных картах XVII стагоддзя. Там намаляваныя і вялікія караблі. Яшчэ беларуска-польскі пісьменнік Ігнацый Крашэўскі згадваў, што ў ХІХ стагоддзі палешукі нярэдка выкопвалі на палях карабельныя якары. Зноў выхад да Балтыкі продкі беларусаў атрымалі пры праўленні вялікага князя Вітаўта. Пры ім таксама ў нас з’явіўся і выхад да Чорнага мора. Днястроўская затока атрымала тады назву Вітаўтава, а руіны візантыйскіх тэрмаў непадалёк ад Адэсы дагэтуль называюць Вітаўтавы бані, бо ў іх знаходзілася мытня, праз якую праходзілі тавары, што дастаўляліся морам. У XVI стагоддзі Рыга і Курляндыя сталі васаламі Вялікага Княства Літоўскага. Так што праблемы з выхадам у Балтыку зніклі. Тады ж разам з Курляндыяй да нашых уладанняў адышло і некалькі калоній у Ціхім акіяне. Ужо ў XVIІ стагоддзі падчас вайны са шведамі гетман Ян Караль Хадкевіч атрымаў і адзіную вядомую ў нашай гісторыю перамогу ў марской бітве. Ён вызваліў горад Парнаву – цяпер гэта эстонскі горад Пярну, і ішоў на дапамогу абложанай шведамі Рызе. Па дарозе Хадкевіч дазнаўся, што наперадзе яго чакае шведскі флот. Тады гетман пасадзіў частку свайго невялікага войска на караблі. Некалькі вайсковых ён раней захапіў у шведаў, некалькі гандлёвых купіў. Уначы нашыя непрыкметна наблізіліся да шведскага флоту. І пусцілі на яго падпаленыя вялікія чаўны з порахам, саломай і смалой. Некалькі шведскіх караблёў загарэліся. Ну, а артылерысты ў святле пажару здолелі даць колькі трапных залпаў. Ацалелыя шведы мусілі адступіць у адкрытае мора. Пра Пінскую флатылію ў міжваеннай Польшчы мы ўжо пісалі. Яе маракі шмат у чым вызначалі аблічча і жыццё нашага горада, мужна змагаліся з нацыстамі ў 1939 годзе. Пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі ўжо савецкія маракі неслі там службу. Вызначыліся яны і ў пачатку вайны, а ў канцы разам з маракамі Нёманскай флатыліі нават штурмавалі Берлін. У пасляваенны час ці не траціна асабовага складу ўсіх чатырох савецкіх ваенна-марскіх флатоў была ўкамплектаваная беларусамі. А ў Пінску быў створаны вучэбны атрад ВМФ, які рыхтаваў спецыялістаў для ўсяго Савецкага Саюза. Пасля 1992 года атрад-вучэбка быў аптымізаваны пад уласна беларускія патрэбы. Так што, беларусы дастаткова флоцкая нацыя.
- Положен ли молодым специалистам отдых перед началом работы? Ответ Минтруда
- У ведущего Top Gear Джереми Кларксона выявили агрессивную форму рака
- Киноафиша Пинска: «Властелины Вселенной», «Майкл», «Холоп 3» и новые мультфильмы
- В Брянской области под удар беспилотника попал автобус с детской футбольной командой из Гомеля: погибла женщина, ранены дети
- «Друзья с характером»: в «Евроопт» и «Хит!» стартовала коллекция плюшевых героев с разными эмоциями
- С 8 июля в Пинске запретят установку антенн и конструкций на фасадах домов на главных улицах








