pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Фальшывыя грошы

Фальшывыя грошы

07.07.2020, 12:10 Просмотров 1488

Мне было гадоў дзесяць, калі аднойчы у бацькоў не хапіла грошай, каб купіць мне чарговую цацку, якую, цяпер і не згадаю. І вось тады я абсалютна шчыра сказаў маці, што дзяржава ў нас дурная. Ну чаму не надрукуюць грошай столькі, каб усім на ўсё хапіла? Чамусьці мне ўяўляліся менавіта купюры па аднаму рублю. Шмат купюр. Невялікіх “драўлянага” колеру, быццам зробленых са шпону. І вось тады мне давялося праслухаць першую лекцыю па эканоміцы. Мая маці выкладала гісторыю ў эканамічным тэхнікуме. Яна паклала на стол два папяровыя рублі, насупраць іх паставіла дзве крышталёвыя чарачкі, прапанавала мне ўявіць, што стол – гэта дзяржава, усіх тавараў на продаж у яе дзве чарачкі, а ўсіх грошай у людзей на руках – два рублі. Мне трэба было падлічыць -- колькі будзе каштаваць адна чарка? Адказ быў відавочны. Адзін рубель! На стале з’явіліся яшчэ два рублі, усяго чатыры. “Глядзі, дзяржава, як ты прапанаваў, надрукавала ў два разы болей грошай і аддала іх людзям, -- сказала маці. – Колькі цяпер будзе каштаваць адна чарка?” Адказ “адзін рубель” быў відавочным. Аднак, растлумачыла мне маці, тады на руках у людзей застанецца два незабяспечаныя таварамі рублі. То бок, утворыцца дэфіцыт. Грошы ёсць, купіць на іх няма чаго. І ў выніку гэтага неўзабаве адна чарка стане ўжо каштаваць два рублі. Так што ніхто ад гэтага багацейшым не стане. Вось таму кожная дзяржава і друкуе столькі грошай, колькі ў яе ёсць тавараў. Усе лішнія надрукаваныя грошы па сутнасці фальшывыя. У маёй дзіцячай галаве крыху пасвятлела, хаця і стала крыўдна, што мая геніяльная прыдумка з друкаваннем грошай не мае шанцаў увасобіцца ў жыццё. Маці, як кожны выкладчык, не магла абмежавацца дзесяццю хвілінамі лекцыі, яна прывыкла гаварыць перад студэнтамі як мінімум акадэмічную гадзіну – сорак пяць хвілін. Не памятаю цяпер пра што менавіта ішла гаворка, але ж сваю лекцыю яна дакладна закончыла наступным прыкладам. Маўляў, падчас вайны, каб падарваць эканоміку СССР, немцы друкавалі фальшывыя савецкія грошы. Адрозніць іх ад сапраўдных было практычна немагчыма, бо рабілі іх на прафесійным абсталяванні. Менавіта таму немцы і не забаранілі абарот савецкіх грошай на акупаваных тэрыторыях. На рынках, у крамах у Беларусі людзі расплачваліся купюрамі, пачынаючы ад чырвоных трыццацірублёвак з партрэтам Леніна. Меншыя былі выведзеныя з абароту. Немцы мелі магчымасць плаціць зарплаты, закупляць прадукты ў насельніцтва, не рызыкуючы, што лішнія грошы вернуцца ў Германію. Фальшывыя купюры рознымі шляхамі прасочваліся ў СССР і падрывалі яго эканоміку. Нягледзячы на тое, што гэта распавяла мая маці, мне было цяжка паверыць у тое, што пад акупацыяй мае землякі плацілі за пакупкі савецкімі рублямі з Леніным. Гэта здавалася мне такой жа фантазіяй, як і прыдуманая мной з сястрой гісторыя, нібыта акупанты забралі ў беларускіх дзяцей усе фарбы і каляровыя алоўкі, каб яны не маглі намаляваць прыгожы, вясёлы свет. Мінулі дзесяцігоддзі. І мне давялося браць інтэрв’ю ў ветэрана, які ваяваў ва Усходняй Прусіі. Ён расказаў, як нашы войскі занялі адзін невялікі нямецкі гарадок, які пакінулі жыхары. Артылерыстаў зацікавіў банк. Яны закацілі ў яго гармату і высадзілі снарадам дзверы сховішча. Там літаральна штабелем ляжалі пачкі навюткіх савецкіх чырвоных трыццацірублёвак. Салдаты набілі імі свае рэчмяхі. Зразумела, што праз пару дзён артылерыстаў “раскулачылі” спецслужбы. Але майму ветэрану пашанцавала. Яго паранілі ў баі, і разам са сваім рэчмяхом ён трапіў у тылавы шпіталь. Так што савецкія грошы ў акупаванай Беларусі не міф.

Расскажем о Вас всему городу