pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Двубоі

Двубоі

14.12.2020, 13:00 Просмотров 1349

Традыцыя двубояў, калі радавітыя людзі высвятлялі паміж сабой адносіны з дапамогай зброі, верагодна сыходзіць у далёкія часы. І мелі такія парныя баі характар Божага суду. Маўляў, Бог дае перамогу таму, хто мае рацыю, за кім справядлівасць. Высокае Адраджэнне змяніла стаўленне да двубояў. Бо менавіта тады чалавечае жыццё было прызнанае найвышэйшай каштоўнасцю. Ужо ў ХVІ стагоддзі з’явіліся дзясяткі кніг, якія тлумачылі правілы правядзення двубояў. Іх аўтары больш інфармацыі давалі наконт вуснай пікіроўкі праціўнікаў, а не пра фізічны гвалт. Дыспут лепш за бойку.   Заканадаўча дуэлі былі забароненыя ў Еўропе ў 1564 годзе Трыдэнтскім Саборам. Парушальнікаў чакалі пазбаўленне шляхецкага статусу, выгнанне, канфіскацыя маёмасці, царкоўнае пракляцце. Бо смерць на дуэлі практычна прыроўнівалася да самагубства. Такія пакаранні распаўсюджваліся не толькі на ўдзельнікаў дуэлі, але і на секундантаў, памагатых, дарадцаў і нават на гледачоў. Аднак, такая забарона існавала збольшага толькі на паперы. Так, у нас кароль мог сваёй уладай дазволіць дуэль іншым ,калі тыя звярталіся да яго з просьбай. Мог і сам выклікаць на двубой, як зрабіў гэта Стэфан Баторы ў дачыненні да маскоўскага цара Івана Жахлівага. Той, праўда, адмовіўся ад выкліку, адпісаў, што нібыта не лічыць нашага караля сабе роўняй, бо ў нас манарха сабе выбіраюць смертныя людзі, а ён сам – Іван Васільевіч, на маскоўскім троне сядзіць, як памазаннік Божы. Самымі заўзятымі дуэлянтамі былі афіцэры. Таму ў 1609 годзе сойм Рэчы Паспалітай прыняў закон, згодна з якім парушальнікаў маглі караць турэмнай вязніцай і штрафам, альбо нават смерцю, калі дуэль адбывалася падчас вайны. Зрэшты, справядліва, бо адзін вайсковец забіваў ці раніў не ворага, а свайго саслужыўца, тым самым шкодзіў абароназдольнасці ўласнай дзяржавы. Не заўсёды дуэлі канчаліся смерцю аднаго з праціўнікаў, часам абмяжоўваліся звычайнай кулачнай бойкай, якая не падлягала пакаранню, калі адбылася па агульнай дамоўленасці. Галоўным было абараніць сваю годнасць. Ад самага з’яўлення на ўзбраенні ў нашай шляхты шаблі, якая выціснула з ужытку меч, менавіта яна стала ў ХVІ-ХVІІ стагоддзі ўлюбёнай зброяй дуэлянтаў. Па-першае, яна заўсёды была пад рукой. Нават бедны шляхціц, калі выходзіў у поле араць свой надзел, чапляў на пояс шаблю. Па-другое, шабля даволі “справядлівая” зброя, умельства валодаць ёю патрабуе трэніровак, майстэрства. Нарэшце, шабляй у асноўным сякуць, то бок, наносяць не вельмі глыбокія раны, а правіламі было заведзена біцца не абавязкова да смерці, а да першай крыві. Асаблівым шыкам у дуэлянтаў-фехтавальшчыкаў лічылася ювелірна адсекчы праціўніку кавалак вуха, ці параніць нос. Дуэль на шаблях не абавязкова адбывалася адзін на аднаго. Той, хто выклікаў, мог выклікаць адразу некалькіх праціўнікаў. Так, вядомы сваімі прыгодамі Ян Хрызастом Пассек аднойчы біўся адразу з трыма шляхціцамі і паспеў іх параніць. Праўда, даводзілася біцца дзвюма шаблямі адначасова. Усе засталіся задаволеныя, бо ніхто не загінуў. Беларускі шляхціц Тадэвуш Булгарын, больш вядомы, як рускі пісьменнік Фадзей Булгарын – асноўны літаратурны апанент Аляксандра Пушкіна, вельмі імпэтна адказаў на выклік паэта барона Дэльвіга: “Я ў сваім жыцці бачыў больш крыві, чым Вы чарніла”. Варта дадаць, што ў вайне 1812 года ён ваяваў на баку Напалеона Банапарта. Пісталет лічыўся зброяй слабых. Нават няўмелы стралок мог выпадкова пацэліць у праціўніка. Таму, паводле дуэльнага этыкету, выбар зброі заставаўся за тым, каго выклікалі на двубой.

Расскажем о Вас всему городу