pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Дарога

Дарога

14.08.2020, 14:23 Просмотров 1858

Адзін з самых знакамітых архітэктараў свету – француз Ле Карбюзье пісаў, што ўсе вуліцы старых еўрапейскіх гарадоў пракладзеныя літаральна асламі. Маўляў, аслы, якія былі асноўнымі цяглавымі жывёламі ў мінулым, ішлі так, як ім было лягчэй – абыходзілі пагоркі, ішлі да тых берагоў рэк, дзе існаваў брод. Гарады паціху разрасталіся, і прылеглыя да іх кавалкі дарог станавіліся вуліцамі. Вось таму старыя вулачкі такія пакручастыя і нязручныя для сучаснага руху. Думка, вядома, эфектная. Атрымліваецца, планіроўка сярэднявечных гарадоў – творчасць аслоў. Ну, а калі гаварыць пра Беларусь, то коней і валоў. Але нельга забываць, што словы гэтыя належаць Ле Карбюзье – архітэктару, які з’яўляецца прабацькам архітэктуры ХХ стагоддзя. Менавіта ён у сваім так званым “мадулёры” распрацаваў і зрабіў стандартам дзвярныя праёмы ў 60 і 90 сантыметраў шырынёй, столі па 2,5 метры. Гэта ён увёў вольную забудову гарадоў, калі дамы стаяць паасобку ў сярэдзіне квартала, а не шчыльнай сцяной уздоўж вуліцы. Канечне ж, славуты архітэктар крыху схлусіў. Старыя дарогі пракладалі не аслы, а іх пагоншчыкі. Гэта яны вялі жывёл з паклажай з горада ў горад, з краіны ў краіну. Напрамкі дарог вызначалі патрэбы людзей, іх гандлёвыя і асабістыя кантакты, магчымасці тагачаснага транспарту, патрэбы перамяшчэння войскаў. Старыя гарадскія кварталы не ціснуць на чалавека, яны сувымяральныя з ім, бо будаваліся паступова, будаўнікі ўлічвалі патрэбу кожнага канкрэтнага ўладальніка зямельнага надзелу і яго суседзяў. Архітэктура ж пасляваенных гадоў збольшага ўвасабленне ганарлівых прэтэнзій саміх дойлідаў, разлічаная на тое, каб добра глядзелася ў макеце, які прадстаўляюць заказчыку -- уладам. Там пануе эстэтыка прамога кута. Нават пешаходныя сцежкі зварочваюць рэзка, так, нібыта ўсе людзі ходзяць, як салдаты пад каманды “на лева”, “на права”. Вось і атрымліваецца, што газоны ў такіх кварталах стаптаныя на паваротах. Адразу прыгадваецца гісторыя звязаная з адным з “бацькоў” савецкай атамнай бомбы акадэмікам Курчатавым. Яму даручылі кіраваць даследчым цэнтрам, дзе вяліся ядравыя распрацоўкі. Цэнтр будаваўся пад наглядам акадэміка. І вось Курчатаў пасля таго, як былі ўзведзеныя карпусы, загадаў не адразу пракладаць пешаходныя сцежкі. Праз нейкі час сцежкі ў даследчым цэнтры азначыліся, супрацоўнікі пратапталі іх, калі хадзілі па тэрыторыі. Вось тады на іх і паклалі асфальт. Пасля чаго ніхто газоны не таптаў. Цяпер на аслах, конях амаль не ездзяць. Таму сённяшнія дарогі, можна сказаць, пракладзены аўтамабілямі. З-за гэтага ў іх плаўныя павароты, пад’ёмы і спускі. Ну, а гарады растуць, і прылеглыя дарогі ператвараюцца ў вуліцы. Нашыя гарады па вялікім рахунку створаныя для машын, а не для людзей. Параўнайце вузкія ходнікі каля пад’ездаў, на якіх не размінуцца з сустрэчным дзіцячым вазком, з даволі шырокім дваравым праездам. Параўнайце плошчу, якую займае побач з домам аўтамабільная стаянка, з тэрыторыяй дзіцячай пляцоўкі. Большасць гарадскіх плошчаў насамрэч не плошчы, а проста нязручныя для пешаходаў аўтамабільныя развязкі. Бо плошча ў класічным разуменні, як гэта было ў старыя часы, месца сустрэч людзей, адпачынку, гандлю, рэлігійных святаў і працэсій, сустрэч манарха, замежных пасольстваў, вайсковых парадаў, збору гараджан для абмеркавання важных пытанняў у жыцці іх горада. Усё гэта напоўніцу ёсць толькі ў старых кварталах нашых гарадоў, дзе вулкі усё часцей пачынаюць рабіць пешаходнымі. Так што архітэктары будучыні будуць справядліва называць сучасную нам забудову забудовай для машын.

Расскажем о Вас всему городу