pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Чорныя капальнікі

Чорныя капальнікі

09.03.2020, 10:09 Просмотров 1125

Напэўна, кожны колькі раз бачыў на ўзараным полі чалавека з металашукальнікам у адной руцэ і рыдлёўкай у другой. Ён няспешна рухаецца па раллі, часам спыняецца, калі чуе сігнал, выбірае знаходку з зямлі і крочыць далей. Так хто ж яны – шукальнікі металічных артэфактаў, тыя, каго ў народзе называюць “чорнымі археолагамі”, “капальнікамі”, “капарамі”? Парушальнікі закону? Аматары гісторыі? Калекцыянеры? Да іх можна ўжываць усе гэтыя азначэнні разам, бо цяперашняе заканадаўства практычна не рэгламентуе такую дзейнасць. Адно, у Кодэксе аб культуры ёсць згадка, што пошук артэфактаў з выкарыстаннем металашукальніка патрабуе афіцыйнага дазволу. Аднак, што варта лічыць артэфактам? Адназначна законапарушальнікам будзе той, хто самавольна раскопвае, а тым самым нішчыць помнікі гісторыі і культуры, курганы-пахаванні, вядзе пошукі на тэрыторыі археалагічных запаведнікаў. Тут няма пытання. А, калі чалавек шукае гільзы, каскі, прадметы побыту на месцах былых баёў і дыслакацыі войскаў? Калі шукае ўздоўж сцежак і старых дарог згубленыя манеты, упрыгожванні? Варта прайсціся па старонках у інтэрнэце. Шмат сайтаў прапануюць купіць металашукальнікі, якія рэагуюць на чорныя і каляровыя металы. Яшчэ больш сайтаў прапануюць узяць такія металашукальнікі напракат. Зразумела, што ўся гэтая тэхніка актыўна выкарыстоўваецца ў пошуках. Пра гэта сведчаць інтэрнэт-аўкцыёны, дзе выстаўленыя на продаж, абмен археалагічныя знаходкі капароў, у буйных гарадах ладзяцца зборы клубаў калекцыянераў, а па сутнасці, пляцоўкі для продажу артэфактаў. Нічога кепскага ў гэтым няма, калі ўсё адбываецца ў межах закону, маралі і з захаваннем навуковых методык. У ідэале кожная знаходка павінна мець сваю гісторыю, чым яна і каштоўная. Напрыклад, у музеі-сядзібе Францішка Багушэвіча ў Кушлянах выстаўленая знойдзеная непадалёк пры земляных працах піўная бутэлька другой паловы ХІХ стагоддзя. Сама па сабе, як бутэлька, яна вялікай каштоўнасці не ўяўляе, але тое, што піва з яе хутчэй за ўсё піў класік літаратуры надае ёй вартасці, робіць паўнавартасным музейным экспанатам. І так з кожнай знаходкай. Важна ведаць, дзе і пры якіх абставінах яе знайшлі. Таму, калі глядзіш на сайты з артэфактамі, то часам злуешся. Скажам, выстаўлены лот-манета – арабскі дэрхем ранняга сярэднявечча. Калі яна была знойдзеная ў адной з арабскіх краін і проста перавандравала праз іншых калекцыянераў у Беларусь, гэта адно. А, калі яна знойдзеная недзе тут, то яе знаходка сведчыць пра гандлёвыя сувязі нашых далёкіх продкаў з арабскім светам. Месца знаходкі паказвае, дзе менавіта праходзіў гандлёвы шлях, праз якія гарады перамяшчаліся грошы і тавары. А абязлічаная манета ўжо нічога гэтага нам не скажа. Капары ж звычайна з-за боязі быць абвінавачанымі ў нелегальным капальніцтве пазбаўляюць артэфакты гісторый іх знаходкі. І яшчэ мяне страшна абурае, калі на аўкцыёнах выстаўляюць на продаж салдацкія жэтоны Другой сусветнай вайны. Здавалася б, просты авальны кавалак металічнай бляхі з нумарам. Але ж за нумарам схаванае прозвішча салдата. Калі жэтон выкапалі з зямлі і не перадалі спецыялістам, то дзесьці засталіся парэшткі пахаванага, якія ад гэтага моманту стануць безыменнай грудкай чалавечых костак. Зразумела, што капальнікі будуць працягваць свае пошукі, што б мы пра іх не думалі, што б не прапісвалася ў заканадаўстве. І большасць з іх шчырыя аматары гісторыі, якім не хацелася б парушаць заканадаўства. Таму найлепшым выйсцем было б пэўным чынам арганізаваць іх працу, скажам, аб’яднаць у клубы, як аб’ядноўваюцца паляўнічыя.

Расскажем о Вас всему городу