Чароўнае люстэрка
Сярод пакалення сённяшніх трыццацігадовых існуе жарт. Маўляў, у іх было цяжкое дзяцінства – кампутарныя цацкі пад DOS. Для маладзейшых патлумачу, гэта такая аперцыйная сістэма, што папярэднічала сённяшнім. Ну, а старэйшае пакаленне і такіх цацак не мела, бо не было тады партатыўных кампутараў. І адной з самых папулярных для нас з’яўлялася люстэрка. Маленькімі – круглымі і прамакутнымі, пускалі сонечныя зайчыкі. Большыя віселі ў прыхожых, у ванных пакоях. Цэнтральную дзвёрку шафы гардэроба таксама аздабляла люстэрка, у якое можна было агледзець сябе ў поўны рост. Памятаю, што былі такія шафы з адмысловымі люстэркамі, у якіх адбітак выглядаў крыху худзейшым, чым сам чалавек. І ніхто на гэта не скардзіўся. А яшчэ, калі дазваляла жыллёвая плошча, то ў бацькоўскай спачывальні ставілі трэльяж. Дзе-нідзе іх і сёння яшчэ можна пабачыць. Памятаю, якім шокам было для мяне ў дзяцінстве, калі мне прадэманстравалі, што адбітак – гэта не дакладная копія, а перакуленая рэчаіснасць. Тое, што ў цябе правае, тое ў адбітка левае. Ужо не памятаю хто, бацька ці маці, падвялі мяне да люстэрка з газетай у руках. Сэнс загалоўкаў адразу знік – перагарнуўся злева направа. Дый частка літар выглядала абракадабрай. Вялікае люстэрка здавалася мне гэткім уваходам у іншасвет. Я нават спрабаваў зазірнуць за яго раму. А потым доўга не мог заснуць, бо ўяўляў сабе, што робіць зараз мой залюстэркавы двайнік. Мне здавалася, што цяпер, калі я яго не бачу, ён жыве зусім іншым, чым я, жыццём. І нашае супадзенне адбываецца толькі, калі мы адначасова падыходзім да люстэрка і глядзім адзін на аднаго. І самым пакутлівым пытаннем, на якое не існавала адказу, было: хто з нас сапраўдны, хто арыгінал, а хто адбітак? Мы з сёстрамі нават прыдумалі гульню, якую назвалі “хадзіць па столі”. Калі бацькоў не было дома, мы здымалі са сцяны старое, яшчэ трафейнае нямецкае люстэрка ў цяжкай драўлянай раме. Мы насілі яго па кватэры, каб у ім адбівалася толькі столь. Нам здавалася, што мы старана пераступаем дзвярныя праёмы, бэлькі, абмінаем лямпачкі. Аднойчы сёстры прапанавалі мне выклікаць Віновую Даму. Мяркую, шмат хто займаўся такім глупствам у дзяцінстве. Даму трэба выклікаць у цемры. Мы занавесілі вакно. Перад люстэркам паставілі яшчэ адно і запалілі паміж імі дзве свечкі. Трапяткія агеньчыкі шматкроць адбіваліся і сыходзілі ў бясконцасць перспектывы. Ужо гэтае адно выклікала страх. Старэйшая сястра намалявала памадай на люстэрку прыступкі, над імі прачыненыя дзверы, выцягнула з картачнай калоды Віновую Даму. А потым мы пачалі замагільнымі галасамі клікаць: Віновая Дама, прыйдзі! Віновая Дама, прыйдзі!...” Паводле дзіцячага фальклору, як толькі Віновая Дама з’явіцца ў намаляваных дзвярах, трэба хуценька задзьмуць свечкі і перакуліць карту малюнкам долу. Іначай, Дама збяжыць па прыступках, выскачыць з люстэрка і задушыць тых, хто яе выклікаў. Нашто выклікаць інфернальную істоту, якая цябе заб’е? Мы чамусьці над такім пытаннем не задумваліся. У люстэрку мільгануў нейкі цень. Мы завішчэлі і кінуліся з пакоя. У выніку пабілі адно з люстэркаў і ледзь не спалілі кватэру. Цяпер згадваю тую гісторыю з усмешкай. Аднак, разумею, што не толькі я, але і іншыя людзі дагэтуль падсвядома верым, хоць і не прызнаемся сабе ў тым, што люстэрка для нас – уваход у іншасвет. Іначай, чаму мы завешваем люстэркі ў хаце, калі нехта памірае? Мы проста закрываем гэты партал, што ўзнікае пасля сыходу ў яго чалавека, каб злыдухі не змаглі трапіць праз яго ў наш свет. Толькі цяпер гэта не вера, а традыцыя.
- Положен ли молодым специалистам отдых перед началом работы? Ответ Минтруда
- У ведущего Top Gear Джереми Кларксона выявили агрессивную форму рака
- Киноафиша Пинска: «Властелины Вселенной», «Майкл», «Холоп 3» и новые мультфильмы
- В Брянской области под удар беспилотника попал автобус с детской футбольной командой из Гомеля: погибла женщина, ранены дети
- «Друзья с характером»: в «Евроопт» и «Хит!» стартовала коллекция плюшевых героев с разными эмоциями
- С 8 июля в Пинске запретят установку антенн и конструкций на фасадах домов на главных улицах








