Браслаўскія хутары
Гадоў дзесяць таму мая пляменніца купіла хутар на Браслаўшчыне за пару кіламетраў ад возера. З малымі дзецьмі ўлетку тое, што трэба. Вось з таго часу я раз на год і завітваю да яе на пару дзён. Мясціны надзвычай прыгожыя. Жыццё на мясцовых хутарах не бруіла ўжо, вядома, але цеплілася. Немаладая суседка яшчэ трымала каня, які застаўся пасля смерці мужа. Сама на ім не арала, але разам з плугам ці з бульбакапалкай здавала суседзям у арэнду. А ў нядзелю запрагала яго ў брычку і ехала да касцёла ў мястэчка. На ноч мая пляменніца брала таго каня на выпас на свае нямераныя соткі, што зарасталі травой у чалавечы рост. То і трымер не быў патрэбны. Праз гравейку ад хутара маёй пляменніцы яшчэ адзін хутар. Жылі там дзед Арцём з бабай Аняй. Гародніны садзілі шмат, а вось уратаваць ураджай ад нашэсця дзікоў удавалася не заўсёды. Дзікі нахабна прыходзілі і капалі бульбу, жэрлі капусту, буракі з морквай. Страляць у Нацыянальным Браслаўскім парку нельга, нават у паветра. Усе дзялкі не абгародзіш. Вось дзед з бабай і пракапалі па перыметры сваёй сядзібы канаву, закідвалі яе штогод рыззём, палівалі саляркай і на ноч падпальвалі. Студні ў іх таксама не было. Хутар стаіць на схіле, да вады так і не дакапаліся. Таму круглы год хадзілі з вёдрамі да крыніцы. Дзед Арцём быў каларытны. Да пенсіі працаваў аграномам, трапіў у бяду з камбайнам, страціў адну руку. Пакуль на працы да яго паслугаў быў калгасны транспарт, то ва ўласным не меў патрэбы. А як выйшаў на пенсію, то дабрацца да бліжэйшай крамы за пяць кіламетраў стала праблемай. Вось ён і змайстраваў з некалькіх старых матацыклаў адзін спраўны з самаробнай каляскай. Ганяў на ім у краму ў бліжэйшую вёску па харчы і выпіўку. Ані правоў, ані дакументаў на матацыкл у аднарукага дзеда не было. Міліцыя палявала на яго, але да часу без поспеху, бо ганяў ён “свінячымі сцежкамі”, на трасу не выязджаў. Але ўсё ж такі аднойчы злавілі, да таго ж п’яным. Матацыкл адагналі ў міліцэйскі пастарунак, а дзеда завезлі дахаты. На наступны дзень ён праспаўся і пайшоў забіраць сваю тэхніку. Але ў міліцыі сказалі, што аддадуць матацыкл толькі тады, калі ён прынясе на яго дакументы. Так дзед Арцём і не дачакаўся свайго сталёвага каня, праз год памёр. Пасля пахавання з міліцыі прыгналі да ўдавы той самы матацыкл. Так і стаіць ён цяпер у хлеўчыку, дзе баба Аня па старасці ўжо не трымае свіней. Памерла і суседка, якая фасоніста выбіралася да касцёла. Гарадскія сваякі прадалі яе каня і брычку ў Браслаў, каб там каталі турыстаў. Паадыходзілі ў лепшы свет або перабраліся да дзяцей у горад іншыя жыхары хутароў. Навакольнае жыццё пакрысе заціхае. Зачынілі краму ў бліжэйшай вёсцы. Замест яе пачала два разы на тыдзень ездзіць аўталаўка. Але і яна не акуплялася, адмянілі. У сёлетні мой прыезд высветлілася, што цяпер няма ў каго купіць нават бульбу. Калі хто садзіць, як старэнькая баба Аня, то няшмат, толькі для сябе. Цяпер раз на тыдзень бясплатны аўтобус аб’язджае хутары, забірае нешматлікіх жыхароў і вязе ў мястэчка ў сеткавую краму, каб тыя закупілі харчы, а потым зноў развозіць па хатах. Я глядзеў на гэты аўтобус, што адвозіў старых нібыта ў нікуды і разумеў, што ён некалі зробіць свой апошні рэйс. З мясцовых могілак на стромым пагорку далятала стракатанне трымера. Адзін з пазасталых дзядкоў, які праводзіў жонку на крамны аўтобус, прамовіў: “Вось, параз’язджаліся людзі маладымі па гарадах. А як паміраюць, то іх сюды хаваць прывозяць. Ужо нашы мерцвякі ўсю гару захапілі. І гэты прыехаў касіць, месца сабе рыхтуе”.
- Положен ли молодым специалистам отдых перед началом работы? Ответ Минтруда
- У ведущего Top Gear Джереми Кларксона выявили агрессивную форму рака
- Киноафиша Пинска: «Властелины Вселенной», «Майкл», «Холоп 3» и новые мультфильмы
- В Брянской области под удар беспилотника попал автобус с детской футбольной командой из Гомеля: погибла женщина, ранены дети
- «Друзья с характером»: в «Евроопт» и «Хит!» стартовала коллекция плюшевых героев с разными эмоциями
- С 8 июля в Пинске запретят установку антенн и конструкций на фасадах домов на главных улицах








