pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Беларускі часнык

Беларускі часнык

22.12.2020, 11:57 Просмотров 1193

Адразу патлумачу, што акадэмічны слоўнік беларускай мовы дае літаратурную норму “часнок”. Але я ўжываю слова “часнык”, бо так пачуў яго ў маленстве, такім запомніў, так прамаўляе большасць маіх сяброў. Да таго ж, шчыра кажучы, ані часнок, ані часнык не можа быць выключна беларускім. Уся гародніна, садавіна трапіла да нас з Індыі, Каўказа, Амерыкі, Паўднёвай Еўропы, Паўночнай Афрыкі. Доўгі час продкі беларусаў садзілі толькі жыта, авёс. Абыходзіліся без гародніны і садавіны. Збіралі лясныя ягады, сушылі, марозілі грушы-дзічкі, замест капусты квасілі снытку, гатавалі з крапівы, хвашчоў, шчаўя, сушылі грыбы. Сады існавалі толькі пры манастырах, вакол вялікіх гарадоў, пры палацах магнатаў. Першыя гароды з’явіліся ў нас разам з татарамі пры Вітаўце Вялікім у ХІV стагоддзі, хутчэй за ўсё, татары і прывезлі з сабой часнык. Беларусы запазычылі ад іх, а пазней і з габрэйскай кухні шмат якія стравы. Напрыклад, галубцы і нават цяперашні нацыянальны брэнд -- дранікі. Не памятаю, каб у нашай гарадской сям’і, калі быў малым, часнык куплялі ў краме садавіна-гародніна. Дзеля гэтага выпраўляліся на рынак. Мая бабуля доўга перабірала, мацала галоўкі туга сплеценыя ў коскі-вянкі. У іх запляталіся і сухія стрэлкі, і карэньчыкі. Такі вянок потым месяцамі вісеў на кухні непадалёк ад пліты – не высыхаў, не прарастаў. Нашыя продкі за стагоддзі выпрацавалі дзейсную тэхналогію захавання часныку. Час ад часу рабілі дома і так званую “пальцам пханую” кілбасу. Мяса праз машынку не круцілі, а здрабнялі яго секачом на драўлянай дошцы, потым пхалі ў кішку праз варонку менавіта пальцам. Класічны часнык – зубчыкамі, бабуля ніколі ў гэты сечаны фарш не дадавала. Казала, што іначай кілбаса “затхнецца”. Замест яго выкарыстоўвала сухое насенне мядзведжага часныку, гэтую дзікую расліну сёння часцей называюць чарамшой. Яго ў тыя гады прадавалі на рынку бабулі разам з насеннем кропу і кмену. Яно было круглым і вельмі цвёрдым, як гарошыны чорнага перцу. Я тоўк яго ў старасвецкай меднай ступцы на парашок. І сапраўды, нават ў сушанай кілбасе пасля гэтага захоўваўся смак менавіта свежага часныку. Кітайскі часнык я стараюся не купляць, хоць ён і акуратны, не прарослы, адпавядае стандартам Еўразвязу. Проста, аднойчы, гадоў дзесяць таму, пачуў гісторыю ад суседа-ветэрана, які адразу пасля вайны служыў на КВЖД – Кітайскай Вайсковай Чыгунцы ў горадзе Дальнім. Ён распавядаў, як мясцовыя кітайцы літаральна біліся паміж сабою за права пачысціць салдацкія прыбіральні ў савецкай вайсковай частцы. Ну, а потым прадавалі сваю гародніну з угноеных гародаў. Таму гідлівыя жонкі афіцэраў-беларусаў гадавалі часнык, цыбулю і зеляніну на ўласных градах. Часнык, заплецены ў коскі, цяпер практычна ніхто не прадае. Па-першае, згубілася традыцыя, па-другое, мала хто з гараджанаў адважыцца адразу купіць з паўсотні сплеценых галовак за якіх пяцьдзясят рублёў. Выгадней іх прадаваць па адной, бо каштуюць у залежнасці ад памеру ад 50 капеек да рубля за галоўку. Вяртаўся неяк з рынку. Каля ўваходу мужчына прадаваў вялікі вянок з часныку, такі, як я памятаў з дзяцінства. Казаў, што яго бабуля на вёсцы памерла, яна і заплятала “для сябе”, а сам не паспее з’есці столькі часныку. Я заплаціў, колькі той прасіў. Рукі былі занятыя торбамі, то і павесіў вянок на шыю. Праз квартал мяне перапынілі двое маладзёнаў: “Што, дзядзька, вампіраў баіцеся?” – спытаў адзін з іх. “Вядома, баюся, -- адказаў я, -- гэтымі днямі столькі чартоў па беларускіх вуліцах сноўдаецца”. Пасмяяліся і разышліся. Максім КЛІМКОВІЧ 

Расскажем о Вас всему городу