Байкі ад Юрася
На мяжу паміж кастрычнікам і лістападам прыпадаюць адразу тры святы: Хэлуін, Дзяды і Дзень усіх Святых. Часам ва ўспрыняцці людзей яны спляшчваюцца ў адно. Але ж, Хэлуін – наватвор, які прыйшоў да нас з Амерыкі разам з іх кінематографам, хаця карані яго ідуць з ірландскай міфалогіі. Дзень усіх Святых мае куды больш старажытнае паходжанне, а вось Дзяды – наша яшчэ дахрысціянскае свята, падчас якога ўшаноўваюць продкаў. Прычым “дзядамі” ў нас называюць не толькі памерлых ў салідным узросце, а ўсіх памерлых сваякоў, няхай яны і адышлі ў іншы свет маладымі. Летась мне пашанцавала трапіць на прысвечаную Дзядам вечарыну ў сталічны музей Максіма Багдановіча. Гледачоў-слухачоў сабралася шмат, нават ўздоўж сценаў стаялі. Амаль цёмная зала, пад столлю віселі выразаныя з чорнай паперы кажаны. Да мікрафона па чарзе выходзілі пісьменнікі, артысты, даследчыкі фальклору і кожны расказваў свае гісторыі. Больш за ўсё уразіла выступленне майго добрага сябра Юрася Жыгамонта – вядучага тэлевізійнай праграмы “Падарожжы дылетанта”. А паколькі ў мяне захаваўся дыктафонны запіс вечарыны, то прапаную пару з тых гісторый слова ў слова, як іх распавёў Юрась Жыгамонт: “У нас у вёсцы заўсёды ставілі сталы вечарам, ежу пакідалі дзядам і казалі – дзяды, хадзіце да нас вячэраць. І клаліся спаць. Так вось, мая цётка расказвала, што аднойчы на Дзяды паставіла вячэру. Ну, ужо і дзядоў паклікала. А нядаўна памёр адзін наш сваяк Мікола. А яны трошкі былі не ў ладах з цёткаю. Ну, а яна і кажа – дзяды, прыходзьце да нас вячэраць, а ты, Мікалай, ідзі прэч. І легла спаць. І сніцца ёй сон – ідуць у хату дзяды, сядаюць за стол. Поўная хата дзядоў найшла. Яна глядзіць у акно, а Мікалай пад акном топчацца і толькі пазірае. Так на наступныя Дзяды, яна ўжо сказала – дзяды, хадзіце вячэраць да нас і ты, Мікалай, таксама заходзь. І нічога кепскага ёй ужо больш не снілася. Вось такая гісторыя. Ну, і на гэтыя Дзяды лічыцца, што адкрываюцца розныя парталы нябесныя. І да нас сюды продкі сыходзяць на гэтыя дні, і розныя гісторыя містычныя здараюцца. Ну і яшчэ адну гісторыю распавяду, якая здарылася з адным з маіх продкаў. Гэта такая няшчасная гісторыя была ў нас у раду. Гэта здарылася з родным старэйшым братам майго дзеда Пятра. З Іванам Жыгамонтам. Гэта якраз было падчас Другой сусветнай вайны пры немцах. Ён вось на Дзяды неяк на рыбу паехаў. А перад гэтым у нас у вёсцы адзін мужык павесіўся. Ну, павесіўся, яго і пахавалі неяк каля могілак, бо самагубцу нельга на могілках хаваць. І вось праз тыдзень гэты Іван паехаў на рыбу. Палавіў рыбу і дахаты ўжо плыве на чоўне. Тут, раз, кажа, гляджу, і перада мной сядае гэты мужык, што павесіўся. Проста ў чоўне ноччу. І што ты зробіш? Грабе. І казалі, гроб гэты Іван, дзед мой, гроб да самай вёскі, везучы вось гэтага вісельніка. І перад вёскай той знік. Іван прыйшоў у хату, расказаў пра ўсё жонцы. Два дні толькі пасля гэтага пажыў і памёр. Вось такая страшнаватая гісторыя была”. Падобныя гісторыі ёсць у кожнай беларускай сям’і. Лепш іх памятаюць старыя людзі, асабліва на вёсцы. Сучасным гараджанам яны падаюцца часам наіўнымі. Часам нават выклікаюць усмешку. Але варта іх памятаць, запісваць, бо ў іх захаваўся подых мінулых часоў. Калі старадаўнія вераванні яшчэ не ператварыліся ў абстракцыі, а былі моцна знітаваныя з паўсядзённым жыццём. Душы продкаў уяўляліся цалкам рэальнымі, яны маглі прыходзіць на дапамогу жывым.
- Осторожно, TikTok: ИИ-врачи заполонили соцсети сомнительными советами
- Пропавшая в Пинском районе Куницкая Нина Степановна спустя 14 суток найдена живой
- В Пинске мать с годовалым ребёнком распивала алкоголь на скамейке — начата проверка
- МТС изменит стоимость международной связи и интернета с 3 августа
- С 1 августа вырастут пенсии и детские пособия: новые суммы
- В Пинске за полгода зарегистрировали 324 брака: свадебный бум пришёлся на июнь








