pkgazeta
pkgazeta

Поиск по новостям

Поиск по каталогу

Амаль калядная гісторыя

Амаль калядная гісторыя

04.01.2020, 20:59 Просмотров 1035

У кожнага народа ёсць свая версія казкі “Кот у ботах”. Памятаеце сюжэт? Памірае стары бацька і пакідае ў спадчыны сынам усю сваю маёмасць. Старэйшы сын атрымлівае дом, сярэдні – млын, а малодшаму дастаецца адно кот, які яго братам непатрэбны… Я крыху ведаў гэтую старую. Некалі яна працавала на тэлебачанні. І, як кожны чалавек, якому даводзіцца паказвацца на экране, пільна сачыла за тым, каб добра выглядаць. Гэтая звычка засталася ў яе, нават калі жанчына выйшла на пенсію і засталася сам насам у добрай двухпакаёвай сталічнай кватэры. Звычайна старыя пачынаюць даношваць, старыя рэчы, а яна купляла новыя, наведвала цырульні, хадзіла па горадзе, як мадэль па подыуме. Карацей, здавалася, што яна і не думае пра смерць. Праўда, у яе з’явілася адна добрая старэчая звычка. Яна моцна палюбіла бяздомных катоў. Штодня варыла для іх кашу з кількай і высыпала проста пад сваім балконам з першага паверха. Калі бачыла хворае кацяня, прыносіла дахаты. Каты сталелі. І ў іх быў выбар – застацца ў кватэры ці сысці ў вольнае жыццё праз фортачку. Мяне ўразіла каціная гісторыя. Адзін з гадаванцаў колькі гадоў пражыў у кватэры, толькі час ад часу хадзіў пагуляць. Потым аднойчы не вярнуўся. Ці мала што магло з ім здарыцца? У вялікім горадзе для катоў шмат небяспекі і рызыкі. Бадзяжныя сабакі, машыны, людзі з садысцкімі схільнасцямі, іншыя каты, камунальныя службы. І вось, калі з дня знікнення ката мінула ўжо два гады, ён раптам зноў аб’явіўся. Гаспадыня знайшла яго на сваім балконе. Якім цудам ён здолеў туды забрацца, было незразумела. Знясілены, падраны кіпцюрамі да крыві, галодны -- ён не меў нават сілаў падняцца на лапы. Месяц кот набіраўся сілаў, гаіў раны, ад’ядаўся, а потым зноў сышоў у вольнае жыццё, каб больш не вярнуцца. Стала з гаспадыняй у кватэры жылі пяць немаладых ужо катоў. І вось насталі для іх “чорныя дні”. Старая трапіла ў рэанімацыю, а праз тыдзень памерла. Як аказалася, пра смерць яна ўсё ж думала – у апошнія гады паспела скласці тастамент-запавет, паводле якога сталічную кватэру пакінула адзінаму ўнуку. Малады мужчына, здавалася спачатку, усё зрабіў, як мае быць. Пахаваў бабулю годна, сабраў яе сябровак і сваякоў за добра накрытым жалобным сталом. Але раптам пад канец застолля сказаў, што, хоць, вельмі ўдзячны нябожчыцы за спадчыну, але пяць ейных катоў ён даглядаць не збіраецца, а таму выкіне іх на вуліцу. Сваякі з сяброўкамі ўзяліся пярэчыць, маўляў, нельга ж так, дасталася табе кватэра разам з катамі, то і гадуй іх, нябожчыца іх любіла. Спадчыннік сказаў кшталту таго, што, калі шкадуеце жывёл, то самі іх і забірайце. Адзінае, на што ўламалі новага ўладальніка нерухомай маёмасці, пачакаць яшчэ месяц, пакуль ён перабярэцца ў сталіцу. Даглядаць катоў гэты час пагадзілася суседка. Валанцёры, знойдзеныя праз інтэрнэт, прыстроіць катоў новым гаспадарам не здолелі. Жывёлы былі даволі старыя. Людзі неахвотна бяруць немаладых гадаванцаў. Аднак, выйсце ўсё ж знайшлося. Ледзь не ў кожным двары ёсць старая жанчына, якая корміць, апякуецца бяздомнымі катамі. Звычайна і ў кватэры ў іх жыве па некалькі катоў. Іх каардынаты аніводны кампутарны пашукавік вам не выдасць. Затое суседзі па доме іх добра ведаюць. Варта было прайсціся па дварах, распытаць людзей. І за пару дзён усе пяць катоў аказаліся прыстроенымі ў добрыя рукі. Гісторыя нябожчыцы расчуліла сэрцы бабуль. Мяркую, некалькі з іх перапісалі свае тастаменты, уставілі пункт, што спадчыннікам кватэра пераходзіць толькі разам з катамі. Не будзе іх – не будзе і кватэры.

Расскажем о Вас всему городу