Зюзя i святы Мiкалай

Ва ўсіх краінах існуе навагодні персанаж, які таемна раздае на Каляды падарункі дзецям. Шмат у якіх народаў гэта стары з густой сівой барадой. У большасці краін Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі яго называюць Санта-Клаусам. А вось фіны трымаюцца сваёй назвы – Іола Пукі. Італьянцы таксама захавалі ўласную традыцыю. На Каляды ў іх раздае падарункі жанчына – Бефана. Усе яны ўвасабляюць сабой зіму з яе халадамі і з’яўляюцца людзям на калядныя святы.

Самы распаўсюджаны персанаж Санта-Клаус — гэта Святы Мікалай, адзін з самых шануемых святых у свеце і ў Беларусі. Праўда, яго навагодні вобраз наклаўся ў нас на старажытнага зімовага персанажа язычніцкіх часоў, якога звалі Зюзя. Менавіта ён быў сімвалам траскучых маразоў, кіраваў завірухамі, рассыпаў снег. Нашы продкі спрабавалі ўлагоджваць Зюзю, каб ён не насылаў лютых маразоў, таму на Каляды абавязкова частавалі яго куццёй. Калі куццю ставілі на стол, гаспадар мусіў расчыніць акно і выкінуць на вуліцу лыжку  кашы. Зюзю зазвычай уяўлялі ў вобразе лысага старога з даўгой барадой. Быў ён тоўстым невысокім дзедам, хадзіў па снезе босы, ніколі не надзяваў шапкі, насіў белае футра. А ў руцэ трымаў жалезную булаву. Калі яму трэба было, ён грукаў ёй па зямлі і тая пакрывалася снегам, а на вадзе з’яўляўся лёд.

Дагэтуль у беларусаў захавалася колькі прымхаў, звязаных з Зюзем. Напрыклад, каб перапыніць моцныя маразы, трэба згадаць і ўголас пералічыць сем знаёмых лысых дзядоў. Нібыта, тады настане адліга. І ані ў якім выпадку нельга цвяліць узімку лысых старых мужчын. Варта пакпіць, хай сабе і нязлосна, неўзабаве пачнецца завіруха, усё вакол заваліць непраходным снегам. Цікава, але ж у народнай традыцыі на абразах Святога Мікалая звычайна малявалі лысым. Святы Мікалай не толькі раздаваў падарункі на зімовыя святы, але і апекаваўся падарожнікамі, воінамі, быў заступнікам земляробаў і свойскай жывёлы. Практычна ў кожнай беларускай хаце быў абраз Святога Мікалая. Лічылася, што ён ратуе ў дарозе, на вадзе і на вайне. Яшчэ яго называлі Цудатворцам.

Вобраз Святога Мікалая моцна прыжыўся ў народзе, дзякуючы праваслаўнай царкве. Ён стаўся настолькі блізкім, што некаторыя нават лічаць яго селянінам, славянінам і жыхаром нашых шыротаў. Аднак рэальны гістарычны Мікалай, якога потым абвесцілі Святым, хутчэй на ўсё, нават ніколі не бачыў снегу, бо жыў на Поўдні ў субтропіках і з’яўляўся архіепіскапам Мір Лікійскіх у тыя далёкія часы, калі славян у сённяшнім разуменні яшчэ не існавала. Ён нарадзіўся блізка 300 года нашай эры у старажытным лікійскім горадзе Міры. Гэта цяпер тэрыторыя Турцыі – горад Дэмпрэ.  Яго бацькі былі вельмі заможнымі, і пасля іх смерці Мікалай атрымаў багатую спадчыну. Архіепіскап жыў вельмі сціпла, лад жыцця мяняць не стаў, а пачаў дапамагаць грашыма бедным.  Паводле хрысціянскай традыцыі добрыя справы нельга рабіць напаказ. Таму і дапамагаў ён таемна, каб людзі нават не маглі здагадацца, хто ж такі іх дабрадзей. Ён мог рабіць і цуды. Да цяперашняга часу дайшлі паданні, як Святы Мікалай выратоўваў тых, хто трапіў у шторм на моры, як ён дапамагаў галодным і нават уваскрашаў памерлых. Тым не менш, самым знакамітым яго ўчынкам стаў не цуд. Неяк ён пачуў, што адзін бацька, не маючы чым карміць сваіх дзвюх дачок, вырашыў прадаць іх у блудніцы, каб уратаваць ад галоднае смерці. Уначы, акурат на Каляды, Святы Мікалай закінуў праз акно два мяшэчкі з залатымі манетамі для дзяўчат. Адзін з іх трапіў у панчоху, што ляжала на падлозе. Вось адтуль і пайшла традыцыя класці калядныя падарункі ў шкарпэткі.