Звычайны цуд

Чалавеку ўласціва верыць у цуды. Не ў цыркавыя фокусы. Тут мы ўсе эксперты – разумеем, што факір падрыхтаваў чарговага голуба ў рукаве, запхнуў асістэнтку з падкурчанымі нагамі ў скрынку і толькі потым распілаваў яе нажоўкай, а выцягнутая з калоды карта, якую загадаў добраахвотнік з залы, усяго толькі вынік матэматычных маніпуляцый. На эстрадзе, сапраўды, цудаў не здараецца, а існуюць толькі фокусы. А вось у штодзённым жыцці…

Колькі разоў нам даводзілася чуць ад знаёмых наконт прарочых сноў! Ды і большасць з нас іх самі бачылі. Да нас у снах прыходзяць памерлыя родныя і сваякі. Мы з імі размаўляем, выслухоўваем парады. Часам мы чуем іх крокі ў пустых пакоях, дзе яны жылі, парыпванне матрацаў іх ложкаў.

Існаванне цудаў большасць звязвае з рэлігіяй, бо і само Святое пісанне поўніцца апісаннем цудаў. Уваскрашэнне мёртвых, вада ператвараецца ў віно, некалькімі рыбінамі і хлябамі Збаўца здольны наталіць голад шматтысячнага натоўпу… Я далёка не атэіст. І не даю поўнай веры тэорыі эвалюцыі Чарлза Дарвіна, якая сцвярджае, што ў выніку прыроднага адбору амёба была здольная ператварыцца ў чалавека. Насамрэч, любы працэс, пакінуты без кантролю, нагляду вядзе да бязладдзя, спрашчэння. Так, злітыя ў адно вядро розныя фарбы праз пэўны час стануць шэра-бура-малінавай масай, а не складуцца ў мастацкую выяву. Але ж самая дробная муха будзе ў тысячы разоў больш складанай за самы дасканалы кампутар. То бок, нехта яе мэтанакіравана задумаў і стварыў такой. Яе існаванне, як і існаванне чалавека, сапраўдны цуд. Вось толькі людзі не жадаюць заўважаць такіх цудаў, ім трэба цуд адрасны, скіраваны менавіта да іх, пажадна – прылюднае ўваскрашэнне нябожчыка, або з’яўленне на небе Божае Маці ці кананізаванага святога.

У большасці паданняў, легендаў менавіта такія цуды і апісваюцца. Прычым, гаворка ідзе не толькі пра старажытныя гісторыя, якія маюць водгалас старых вераванняў, рэлігійных культаў. Не толькі пра мясціны, якім народ пакланяўся спрадвеку. Некаторыя паданні складаюць ужо ў нашы дні экскурсаводы, уладальнікі аграсядзіб, проста аматары фантазій. І самае дзіўнае, яны даволі хутка прыжываюцца. Вакол іх нават ствараюцца пэўныя абрады. Так не раз даводзілася бачыць крыніцу, пра якую ніхто з фалькларыстаў раней не згадваў, пра якую не існавала паданняў. Але варта было энтузіясту абсталяваць яе, паставіць побач крыж, як да яе ўжо пачыналі з’язджацца людзі з наваколля, набіраць ваду ў пластыкавыя бутлі. Потым ужо самі сабой у народзе складаліся паданні пра яе лекавыя якасці ,”святасць”. На навакольных дрэвах з’яўляліся абракальныя стужкі. А потым падыходзілі і хрысціянскія працэсіі з абразамі, харугвамі. І ў гэтым няма нічога кепскага. Гэта добра. Бо існуе афіцыйнае хрысціянства з яго строгімі канонамі і нормамі, а існуе хрысціянства народнае. У часы БССР афіцыйнае хрысціянства было ў нас амаль вынішчанае камуністамі разам са святарамі, храмы зачыненыя, ператвораныя ў склады, клубы, або разбураныя. Але ж вернікі не выракліся Бога, яны проста былі вымушаныя вярнуцца да сваіх спрадвечных прыродных святынь: крыніц, камянёў, дрэваў. Там таемна і хрысцілі, бралі шлюбы, маліліся, нягледзячы на жорсткі пераслед атэістычных актывістаў.

Вось таму Беларусь часам і лічаць адной з самых язычніцкіх на сённяшні дзень краін Еўропы. Але гэта не язычніцтва, а народнае-хрысціянства. Мяне ўразіў адказ адной бабулькі. Святар пачаў яе ўшчуваць, што тая ходзіць маліцца каменю ў полі. А яна адказала, што моліцца там не каменю, а Богу, бо Бог ва ўсім, у тым ліку і ў тым камені.