Зніклыя гукі

Ёсць такая прафесія – гукарэжысёр, гукааператар. Яго працу незаангажаваныя ў кінавытворчасці людзі практычна не заўважаюць. Хаця, яна шмат чаго вырашае ў фільмах і радыёперадачах. Я і сам асабліва не задумваўся наконт яе важнасці да таго моманту, калі сам не стаў рэдактарам на “Тэлефільме”. На месцы здымак у кінадакументалістаў заўсёды шмат падрыхтоўкі. Таму і прыязджаюць зараней. Аператару трэба вызначыць месца, на якім паставяць крэсла для героя, адпрацаваць пункты, дзе ён выставіць камеру, каб і добра глядзелася, і нічога лішняга ў аб’ектыў не патрапіла. Асвятляльнік наладжвае святло, ставіць каляровыя фільтры. Нельга занадта асвятляць задні фон, каб герой візуальна “не прыліп” да яго, нельга атрымаць рэзка акрэсленыя цені. Яшчэ можа аб’явіцца піратэхнік і пусціць у памяшканне крыху дыму, каб стварыць у кадры “глыбіню”…

Вось мы на маіх першых здымках і завіхаліся ў майстэрні аднаго мастака. І раптам гукарэжысёр сказаў: “Маўчым і не рухаемся. Мушу запісаць пару хвілін цішы”. Усе пазакрывалі раты і знерухомелі, як у дзіцячай гульні “Мора хвалюецца раз…” Відаць, у мяне ў вачах ён прачытаў непрамоўленае пытанне: “Як можна запісваць цішыню?” І таму праз пару дзён запрасіў мяне да сябе ў гукастудыю і падчас працы пачаў тлумачыць відавочныя для тых, хто ў прафесіі не першы год, рэчы. Якім бы адукаваным і красамоўным не быў бы герой дакументальнага фільма, ён абавязкова падчас размовы месцамі скажа “эээ-э”, “ааа-а”, плямкне вуснамі, няўзнак кашляне. Гэтыя моманты гукарэжысёр потым выразае – чысціць гукавую стужку. На іх месцы ўтвараюцца гукавыя дзіркі – відэа ж не перапыняецца. Але ў прыродзе не існуе стэрыльнай цішы, і глядач гэтыя дзіркі заўважыць, яны будуць нежывымі. Таму ён і запісваў рэальную “цішыню”, каб потым тыя дзіркі перакрыць ёй. Потым наш гукач даў мне майстар-клас па агучцы фільма, паказваў, як мяняецца настрой у кадры ў залежнасці ад таго, якую музыку падкласці. Адно і тое ж відэа рабілася альбо вясёлым, альбо трагічным, магло выклікаць страх, ці смех.

Кожны гукарэжысёр мае сваю фанатэку, складзеную з розных гукаў. Тут і пошум натоўпу, і гук рэактыўнага самалёта, трэлі цыкады, брэх сабакі, аўтамабільны стартар. Тысячы гукаў. Пры патрэбе іх выкарыстоўваюць пры стварэнні фільмаў, перадач на тэлебачанні і радыё.

Аднак, наш свет мяняецца. І некаторыя гукі становяцца незразумелымі маладому пакаленню, якое вырастае ў іншых рэаліях, чым іх дзяды і бацькі. Напрыклад, старэйшае пакаленне цудоўна разумее, што, калі за кадрам гучыць “цік-так” гадзінніка, то рэжысёр падказвае — прайшоў кавалак часу. Але цяпер школьнік можа пачуць сапраўдны механічны гадзіннік хіба толькі ў музейнай экспазіцыі. Пад старую хроніку на экране звычайна падкладаюць стракатанне праектара. Аднак механічныя праектары ў Беларусі можна пакуль яшчэ сустрэць у архіве кіна-фотадакументаў, дзе іх выкарыстоўваюць для алічбоўкі старых фільмаў, але не ў кінатэатрах. Калі ў кадры з’яўляецца які-небудзь папяровы дакумент, то яго звычайна агучваюць ляскатам клавішаў друкарскай машынкі. І дзе цяпер тыя жалезныя друкаркі? Цягнік агучваюць грукатам колаў, аднак, неўзабаве грукатаць будуць толькі таварнякі, а пасажыраў на ўнутраных маршрутах стануць вазіць выключна бясшумныя цягнікі сумеснай беларуска-швейцарскай вытворчасці.

Свет мяняецца, зменіцца і фанатэка ў гукарэжысёраў. Вось толькі ва ўсе часы ў іх застанецца брэх сабакі, мяўканне ката, шум дажджу і рыпенне вясковых веснічкаў.