Жывая вада

Існуе версія, што сіцылійская мафія паўстала яшчэ ў часы Рымскай імперыі. Злачынцы наладзілі кантроль над усімі крыніцамі пітной вады на выспе. Скуплялі зямлю, дзе знаходзіліся крыніцы, студні, і прымушалі людзей плаціць за ваду, або разлічвацца падтрымкай бандытаў. Калі нехта самастойна пачынаў капаць студню на сваёй зямлі, мафіозі з’яўляліся там ноччу і  засыпалі яе. Калі чалавек упарціўся і надалей, то яго забівалі. Так паступова таемная арганізацыя негалосна захапіла ўладу на Сіцыліі, адкуль пашырыла яе на ўсю Італію, а пазней перанесла сваю дзейнасць і ў Амерыку.

Тэма смагі для Беларусі ніколі не была асабліва актуальнай. У нас безліч рэк, азёраў, балот. Крыніцы нашы продкі заўсёды шанавалі, некаторыя з іх лічылі святымі, ставілі каля іх крыжы, капліцы, ставяць і цяпер, да іх дагэтуль ходзяць рэлігійныя працэсіі. У нашым фальклоры – казках, фігуруюць “жывая” і “мёртвая” вада. “Мёртвая” нібыта здольная загойваць смяротныя раны, нават прыжыўляць адсечаныя часткі цела, а “жывая” – вяртаць жыццё забітым, памерлым. У некаторых мясцінах вам могуць паказаць па дзве крыніцы, што ляжаць непадалёк адна ад другой: з адной з іх нібыта бяжыць “жывая” вада, а з другой “мёртвая”.

Праблемы з пітной вадой у Беларусі ўзнікалі толькі ў вялікіх гарадах. Раней гараджане бралі яе ў рэках, а калі з’явілася буйная прамысловасць, і вада ў іх стала бруднай, то давялося будаваць водаправоды. Зразумела, што кран знаходзіўся не ў кожнай хаце ці кватэры, як цяпер. На плошчах рабілі водаразборныя фантаны, у кожным квартале ўсталёўвалі калонкі.

Так доўжылася да нядаўняга часу. Яшчэ гадоў пятнаццаць таму ў парках буйных гарадоў абавязкова стаялі пітныя фантанчыкі, сярод прыватнай забудовы — калонкі. З нашага двара дзеці заўсёды бегалі да іх папіць, прамыць разбітае калена. А жыхары шматпавярховікаў хадзілі да калонак з пластыкавымі бутлямі набіраць ваду для прыгатавання ежы, бо была яна нашмат смачнейшаю за тую, што цячэ з кранаў у кватэрах. Але неўзабаве ўсё гэта знікла. Пітныя фантачыкі ў парках пазразалі. З калонак пазнімалі рычагі, пакінуўшы іх толькі ўладальнікам прыватных дамоў. Беларусаў пакрысе прывучылі купляць пітную ваду ў крамах па кошце бензіну.

Днямі бачыў дзіўную сцэнку. У прыватным сектары каля калонкі спынілася машына з фургончыкам, якім развозяць дваццацілітровыя кулеры з артэзіянскай вадой для школ, офісаў. За грошы, вядома. З яе выбраліся двое дужых грузчыкаў і пачалі запаўняць вадой свае ёмістасці проста з-пад калонкі, скарыстаўшыся сваім рычагом. Паціху вакол сталі збірацца абураныя прахожыя. Маўляў, фірма падманвае кліентаў, самую звычайную ваду прадае ім за грошы. Грузчыкі ў спрэчку не ўвязваліся, моўчкі зрабілі сваю справу і з’ехалі, а дыспут каля калонкі працягваўся. У яго выніку грамадзяне прыйшлі да нечаканай высновы – па вялікім рахунку, падману кліентаў фірмы не адбылося. У калонкі падаецца не звычайная водаправодная вада, а вада з глыбіннай артэзіянскай свідравіны, што зроблена на выпадак вайны або экалагічнага бедства. Так што, калі ў фірмы і існуе недзе свой афіцыйны кран для напаўнення кулераў, то сілкуецца ён ад той жа самай свідравіны, што і калонка.

А вось пітных фантачкаў у парках мне шкада. Я ведаю толькі адзінае месца ў Беларусі, дзе такі захаваўся. Стаіць, як і раней, каля Музея абароны Брэсцкай крэпасці. Відаць таму, што непадалёк ад яго ўнікальны для нашай краіны помнік – скульптурная кампазіцыя “Смага”, салдат з каскай не можа дапаўзці да Мухаўца пад варожым агнём, каб зачарпнуць ваду.