Жыгімонту Аўгусту – 500

1 жніўня 1520 года нарадзіўся Жыгімонт Аўгуст — наш апошні вялікі князь і кароль з дынастыі Ягелонаў. Ягонае кіраванне прыпала на час Рэфармацыі і так званага Залатога Веку нашай краіны. Вялікім князем літоўскім яго абралі дзіцёнкам у 1529 годзе яшчэ пры жыцці бацькі, таксама Жыгімонта, які адразу ж атрымаў да свайго імя прыдомак Стары. Менавіта пры кіраванні Жыгімонта Аўгуста была створаная Рэч Паспалітая абоіх народаў. Таксама ён правёў шматлікія паспяховыя рэформы: судовую, у сельскай гаспадарцы, эканоміцы. Пры ім быў прыняты Другі Статут ВКЛ. Яго праўленне вызначалася талерантнасцю ў рэлігійнай сферы. Былі і вайсковыя перамогі, і дыпламатычныя.

Але найбольш вядомы ён самым рамантычным каханнем нашага Залатога Веку. І абранніцай яго стала Барбара Радзівіл. Менавіта гэты момант у ягоным жыцці зрабіўся асновай сюжэтаў для шматлікіх раманаў, п’есаў, кінафільмаў, жывапісных палотнаў, зацьміў ягоныя заслугі, як манарха.

Да іх першай сустрэчы Барбара паспела пабыць замужам за троцкім ваяводам Станіславам  Гаштольдам. Дзяцей у іх не было. Пасля смерці мужа Барбара вярнулася жыць у Вільню да свайго брата Мікалая Рудога. Палац вялікага князя стаяў непадалёк. Пасля знаёмства Барбара і Жыгімонт Аўгуст пачалі таемна сустракацца. Ён зрабіў яе фрэйлінай сваёй жонкі – Альжбэты з роду Габсгургаў. У 1545 годзе, калі Альжбэта памерла, яны ўжо сустракаліся адкрыта.

Польская шляхта, зразумела, не магла дапусціць, каб будучы кароль ажаніўся з ліцвінкай, якая да таго ж, не магла нарадзіць нашчадка. Ды і каралева-маці Бона са Сфорцаў не жадала бачыць Барбару нявесткай. Пад ціскам караля і каралевы нават яе браты Радзівілы вымусілі Жыгімонта Аўгуста даць слова, што ён пакіне іх сястру, бо блізкія адносіны ўдавы з вялікім князем абражаюць годнасць славутага роду. Аднак неўзабаве Жыгімонт Аўгуст і Барбара ўзялі шлюб, і вялікі князь прадставіў сваю новую жонку сойму. Нашы дэпутаты згадзіліся на яе каранацыю вялікай княгіняй.

Пасля смерці Жыгімонта Старога яго адзінага сына выклікалі ў Кракаў, Жыгімонта Аўгуста павінны былі каранаваць і на польскага караля. Каралева-маці Бона і польская магнатэрыя тэрмінова шукалі яму новую жонку. Але ж Жыгімонт Аўгуст адмовіўся разводзіцца з Барбарай і прыгразіў, што зрачэцца трона. Не дапамагло і тое, што паслы польскага сойму сталі перад ім на калені. Новы кароль перамог – Барбару нарэшце каранавалі. Каралева-маці Бона у знак пратэсту з’ехала на радзіму – у Мілан. Аднак засталіся яе прыдворныя медыкі-італьянцы. Кажуць, яны і падсыпалі атруту Барбары. Маладая каралева доўга хварэла. Кароль пастаянна быў каля яе, трымаў за руку.

Пахаваць Барбару на Вавелі ў Кракаве Жыгімонт Аўгуст не захацеў, памятаў, як варожа прынялі яе ў польскай сталіцы. Ён вырашыў пахаваць яе ў кафедральным касцёле ў Вільні – у сталіцы Вялікага Княства, у горадзе, дзе быў шчаслівы са сваёй Басяй. Пахавальны картэж рушыў з Кракава ў Вільню. Кароль суправаджаў труну сваёй каханай конна, калі ўязджалі ў гарады, ён ішоў побач пешкі.

Жыгімонт Аўгуст ажаніўся яшчэ раз — на сястры сваёй першай жонкі Альжбэты. Але так і памёр бяздзетным. Нашчадка трона не было. І гэта потым прыводзіла да закалотаў, войнаў кожны раз, калі мяняўся чарговы кароль.

Калі я быў малады, мне, вядома падабаліся Барбара і Жыгімонт Аўгуст, як чалавек здольны адмовіцца ад кароны з-за кахання. Але цяпер, калі прайшлі гады, мне больш даспадобы ягоная маці каралева Бона са Сфорцаў. Бо яна разумела, што, калі ты манарх, то не маеш права ставіць сваё каханне вышэй за інтарэсы дзяржавы.