Жадаць і рабіць

Як заведзена казаць у народзе: “Хто ж сваім дзецям кепскага жадае?” І сапраўды, усе мы любім сваіх дзяцей, жадаем ім толькі лепшага. Зрэшты, адна з галоўнейшых задач чалавека — выхаваць наступнае пакаленне. Аднак, жадаць добрага і рабіць добрае – рэчы розныя. Дзеці падрастаюць, становяцца самастойнымі, і нярэдка бацькі з жахам для сябе высвятляюць, што вынік атрымаўся зусім не такім, да якога яны імкнуліся. Маладыя людзі заводзяць сабе сяброў, ад якіх на думку бацькоў трэба было б трымацца падалей. Адносіны з супрацьлеглым полам таксама складаюцца не лепшым чынам. Хлопцы і дзяўчаты шукаюць не столькі кахання, колькі фізіялагічнага задавальнення, або выгоднага ў матэрыяльным сэнсе партнёра. І пачынаецца запозненае бацькоўскае маралізатарства, якое ўжо нічога змяніць не можа. Маўляў, мы ж цябе такому не вучылі.

Выбачаюся, але перш чым прамовіць гэтую банальную фразу, якая ўжо нічога не зменіць, варта задумацца. Нашыя дзеці вырастаюць такімі, якімі мы іх выхавалі. І выхаванне – гэта не толькі правільныя рэчы, якія мы гаворым: “не падманвай”, “паважай старэйшых”, “грошы трэба зарабіць”… Ёсць некалькі каналаў, па якіх да маленькага чалавека прыходзіць негатыў. Самы галоўны – асабісты прыклад бацькоў. Можна па сто разоў на дзень распавядаць пра шкоду тытуню і алкаголю. Але ж, калі дзеці бачаць бацькоў з цыгарэтай і чаркай, то потым варта наракаць толькі на саміх сябе. Калі чуюць, як бацькі сварацца і зневажаюць адзін аднаго, то не чакайце вялікай павагі да сябе. А яшчэ дзеці вельмі любяць прыслухоўвацца да размоў дарослых. І калі маці пачынае параўноўваць бацьку з іншымі мужчынамі на карысць апошніх, пляткарыць з сяброўкамі, абгаворваючы знаёмых, то ў выніку сын ці дачка лёгка засвояць для сябе адпаведныя маральныя арыенціры. Тое ж самае тычыцца і мужчынскіх размоў.

Канал негатыву праз асабісты прыклад відавочны, але ж ёсць яшчэ адзін, пра які мала хто задумваецца. Адна з асноўных умоў шчаслівага жыцця – самапавага, уменне атачаць сябе людзьмі, з якімі камфортна, прымаць рашэнні, што не выклікаюць дысбаланс у душы. Бацькі ж з першых гадоў імкнуцца пераламаць волю сваіх дзяцей, пазбавіць іх свабоды выбару. І робяць гэта з самых лепшых памкненняў. Скажам, малое адмаўляецца есці курыную скурку, вараную цыбулю або плеўку на гарачым малацэ. Гэта выбар дзіцёнка, ягоныя гастранамічныя ўпадабанні. І калі мы прымушаем есці гэтыя рэчы цераз сілу, то тым самым зніжаем парог самапавагі дзіцяці, праз прымус дзеці з часам губляюць арыенціры ва ўласных густах. Тое ж з вопраткай. Падобнае здараецца і ў адносінах з людзьмі. Колькі разоў бацькі паўтараюць: “Тут жа ж памірыся з гэтым хлопчыкам. Ты мусіш саступіць, бо яна дзяўчынка. Ідзі, пацалуй дзядзьку, цётку…” А дзіцёнку гэтага не хочацца. У яго ёсць свае рэзоны дзьмуцца на нейкага хлопчыка, не саступаць дзяўчынцы, не бегчы цалаваць цётку. Яны могуць здавацца дарослым смешнымі, але ж яны важныя для дзіцёнка. Для таго, каб з’есці тое, што табе не падабаецца, або пайсці на кантакт з чалавекам, які табе непрыемны або абыякавы, даводзіцца пераадольваць у душы раздражненне, гідлівасць, то бок, губляць уласныя жыццёвыя арыенціры, станавіцца няшчырым нават перад самім сабой.

У наступным дарослым жыцці гэта абернецца непераборлівасцю ў кантактах. Чалавек не будзе вытрымліваць паўзу перад блізкім знаёмствам. Залішне лёгка і хутка дапусціць да сябе непажаданых людзей, тых, каго напачатку стане ўважаць за сяброў і каханых. Але ж раней ці пазней сапраўдны — загнаны ў падсвядомасць жыццёвы арыенцір, спрацуе расчараваннем.