Зброя

Мужчыны любяць зброю. Варта паглядзець на хлопчыкаў, з якім імпэтам яны вандруюць па “вайсковых” сайтах. Зброя дае магчымасць слабаму адчуць сябе моцным, зраўняць шанцы ў барацьбе. Практычна кожны, хто служыў у войску, ужо дэмабілізаваўшыся, яшчэ пару дзясяткаў гадоў можа па памяці назваць нумар аўтамата, з якім служыў. Дызайн зброі дасканалы, у ёй практычна няма нічога лішняга, толькі голая функцыянальнасць. Пісталет ідэальна кладзецца ў руку.

Гэта цяпер можна, хоць і не вельмі лёгка, але атрымаць афіцыйны дазвол на валоданне зброяй, а ў савецкі час яго мелі адзінкі, практычна толькі паляўнічыя і тыя, хто атрымліваў імянны пісталет, як узнагароду.

Яшчэ ў часы маёй вучобы ў інстытуце, а гэта канец 1970-х гадоў, быў у мяне сябра-аднагрупнік, які ўвесь час марыў пра ўласны пісталет. Ён расказваў пра гэтае жаданне і хлопцам, і дзяўчатам. Гаварыў, што ўласная зброя зробіць яго шчаслівым і непераможным. Не ведаю, якія дзіцячыя комплексы выклікалі такое паталагічнае жаданне. І вось неяк надышоў яго дзень нараджэння. Бацькі майго сябра былі людзьмі спагадлівымі, яны з’ехалі з гораду ў гэты дзень, каб сын-студэнт мог спакойна адсвяткаваць з сябрамі без надакучлівых дарослых. Сабраліся і хлопцы, і дзяўчаты. Падарункі былі немудрагелістыя. Хто прэзентаваў кнігу, хто пляшку, хто адэкалён. Падарункі склалі на тумбачку і ўладкаваліся за сталом. І толькі недзе праз гадзіну гаспадар заўважыў на тумбачцы адзін нераспакаваны падарунак, невялікую кардонную каробку, перавязаную атласнай стужкай з вялікім бантам. Ён не памятаў, каб яе нехта яму дарыў. Заставалася толькі адно тлумачэнне — нехта цішком паклаў яе на тумбачку, пакуль іншыя сядзелі за сталом.

Заінтрыгаваны імяніннік пры ўсіх развязаў бант і падняў кардоннае вечка. У каробцы ляжаў самы сапраўдны пісталет – ТТ часоў апошняй вайны. Абойма была поўнаю. Мы разглядалі кароткія пісталетныя набоі, падобныя да жоўтых восеньскіх жалудоў. Потым глядзелі адзін на аднаго, спрабавалі зразумець, хто менавіта прынёс гэты незаконны падарунак. Але ж ён, ці яна, мелі артыстычныя здольнасці, так і не выявілі.

Вялікай радасці ў вачах імянінніка я не пабачыў. Хутчэй, ён выглядаў заклапочаным. Сядзелі за сталом да самай ночы. Пісталет ляжаў побач з гаспадаром. Назаўтра тыя, хто быў у гасцях, найбольш баяліся, што нехта з нас “стуканне” у міліцыю ці ў дэканат. Гэтага не здарылася, хлопцы і дзяўчаты сабраліся надзейныя. За што я ім і сёння ўдзячны, і з кожным пры сустрэчах абсалютна шчыры ў размовах.

Мой сябра хадзіў цэлы тыдзень, як не свой, чамусьці толькі мне распавядаў пра тое, як кожную ноч хавае пісталет ад бацькоў у новым месцы. Пад ваннай, за ўнітазам, на антрэсолях. Аднак, удзень ён хадзіў са зброяй па горадзе. І, нібыта, адчуваў сябе выдатна, ніхто не здолее даць яму рады. Кожны напад хуліганаў-гопнікаў будзе адбіты парай стрэлаў.

Праз тыдзень пасля дня нараджэння мы з маім сябрам сядзелі ў кавярні. Ён выглядаў прасветленым, як пасля споведзі ў касцёле. Ён першым завёў гаворку пра пісталет. Сябра ўздыхнуў і распавёў, нарэшце ён вырашыў, што са зброяй трэба зрабіць, бо проста стаміўся баяцца. Папярэдняй ноччу ён выцягнуў з-пад ванны зброю, паклаў яе ў кішэню, дабраўся да ракі, узышоў на мост і, разабраўшы на часткі пісталет, выкінуў яго ў раку. Апошнімі паляцелі ў ваду набоі, падобныя да восеньскіх жалудоў.

Прайшло некалькі дзесяцігоддзяў, і я вылічыў тую, якая зрабіла незвычайны падарунак. За колькі месяцаў да гэтага ў яе памёр бацька, і ў ягоным чамаданчыку знайшоўся ТТ часоў вайны. Што з ім рабіць, яна не ведала.