Зазірнем у будучыню?

Яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя людзям у выбары прафесіі было лягчэй. Нарадзіўся ты на вёсцы – будзеш селянінам. Бацька ў цябе чабатар – будзеш шыць боты. Так і перадавалася прафесія ад папярэдняга пакалення наступнаму. Нарадзіўся старэйшым сынам манарха то, калі бацька не давядзе краіну да рэвалюцыі, атрымаеш і карону, і трон. Праўда, як казалі б сёння – пасада караля не прадугледжвае кар’ернага росту, а таму не перспектыўная.

Людзі ў цяперашнім свеце ўсё меней прывязаныя да ўласных сродкаў вытворчасці і да мясцовасці, дзе нарадзіліся. Дзеці рабочых могуць стаць медыкамі, праграмістамі, сыны афіцэра не абавязкова пойдуць служыць. І рэч не ў класічным канфлікце бацькоў і дзяцей. Свет сёння развіваецца імкліва, і пэўныя прафесіі адміраюць. Прыкладна каля шостай часткі ўсіх працоўных месцаў гадоў праз дзесяць зоймуць аўтаматы, робаты, кампутарныя праграмы. Штучна стрымаць такі працэс не атрымаецца і не варта. Працадаўца адзін раз укладзецца грашыма ў абсталяванне, нойме пару наладчыкаў, аператараў. Затое потым яму не трэба будзе плаціць зарплату. Робат не прыйдзе на працоўнае месца “пасля ўчарашняга”, нічога з вытворчасці не ўкрадзе, у адпачынак не папросіцца. Што рабіць людзям, якія раней выконвалі гэтую працу? Давядзецца перавучвацца. Вось толькі на каго? Час пакажа. Як пакажа і тым, хто толькі сёння выбірае сабе прафесію.

Хтосьці памятае, як у каны 1980-х, у 1990-я было папулярна паступаць вучыцца на бухгалтара, эканаміста. Маўляў, адкрываецца шмат прыватных фірмаў, і такія спецыялісты будуць запатрабаваныя. Пэўны час так і было. Але цяпер большую частку вядзення бухгалтарскага ўліку робяць кампутарныя праграмы. Шмат хто падаўся паступаць на лінгвістыку – вучыць англійскую мову. Але час паказаў, што больш перспектыўнай у сэнсе заробкаў стала экзатычная на той час кітайская. Прадпрымальныя людзі стваралі турыстычныя кампаніі нават у маленькіх гарадах. Здавалася, перспектыўны бізнес. Але ж неўзабаве выявілася, што інтэрнэт-паслугі ў турызме дазваляюць наўпрост звязваць кліентаў з тымі, хто гатовы іх прыняць. Шырокі выбар, адпаведна ніжэйшыя кошты. Апошнія гады шырыўся выраб пластыкавых вокнаў, заказаў на замену драўляных ставала. Аднак, варта паглядзець на фасады дамоў старой пабудовы, каб зразумець – кліенцкая база імкліва змяншаецца, і на плыву застануцца толькі буйныя вытворцы, здольныя брацца за вялікія заказы ў новабудоўлях. Падобных прыкладаў шмат.

У бліжэйшай будучыні большасць прадстаўнікоў інтэлектуальных прафесій хутчэй за ўсё сыдзе на аддалены фармат працы, а тое і на фрыланс. Наймальніку не трэба выдаткоўваць грошы на арэнду офісаў, працаўнік сам купляе сабе кампутарнае абсталяванне і аплачвае сувязь, эфектыўна плануе працоўны графік, часам, не спрачаючыся, працуе больш за восем гадзін на дзень.

Зразумела, што застануцца сектары, дзе нельга абысціся без жывога ўдзелу працаўніка. Гэта і медычныя ўстановы, і навучанне, выхаванне дзяцей. Можна сказаць, што гэтыя прафесіі ў сённяшнія дні не вельмі прэстыжныя, калі паглядзець на заробкі. Вось толькі з кожным дзесяцігоддзем каштоўнасць чалавечага жыцця становіцца вышэйшай. Менш дзяцей нараджаецца. То і прэстыж такіх прафесій непазбежна будзе падвышацца. Таксама жывога ўдзелу будзе патрабаваць аказанне індывідуальных паслуг, гатэльны бізнес, кавярні-рэстарацыі.

Так што цяперашняе пакаленне маладых наўрад ці рызыкуе застацца без працы. Толькі трэба быць гатовымі пастаянна вучыцца і перавучвацца. Паспрабаваць цягам жыцця некалькі прафесій – гэта станоўчы бонус.

Максім КЛІМКОВІЧ  

Афиша города