Забытыя сэнсы
За восем тыдняў да Вялікадня ў Беларусі святкавалі і святкуюць Масленіцу. Сёлета – гэта 8 сакавіка і ўвесь наступны тыдзень. Здавалася б, большасць ведае, што гэта за дні і, што трэба рабіць. Весела праводзіць зіму, калі ёсць снег, катацца на санках, пячы бліны, спальваць на вогнішчы пудзіла… Але, як і ў іншых старажытных святах, шмат сэнсаў з цягам стагоддзяў, асабліва апошніх дзесяцігоддзяў, сышло ў нябыт.
Пачнём з таго, што Масленіцу нашыя продкі яшчэ называлі Сырніцай. І святкаванне расцягвалася амаль на месяц. Свята прысвячалася жывёлагадоўлі, бо менавіта з яго пачынаўся новы “малочны год”. Апекуном свойскіх жывёл у старажытных славян лічыўся Вялес. Пасля прыняцца хрысціянства яго замяніў Святы Уласій, якому язычнікі ў 312 годзе адсеклі галаву за тое, што верыў у Хрыста. У легендах распавядаюць, што ён быў заступнікам усіх жывёл і бедных людзей, а аднойчы вярнуў гаспадыні вепрука, якога скралі ваўкі. Звычайна Уласія малююць у атачэнні свойскай жывёлы, ягоныя абразы нашыя продкі вешалі ў хляве. Вось так па сугуччы і адбылася замена Вялеса на Уласа, Уласія.
Перад масленіцай гаспадары правілі вупраж, сельскагаспадарчы рыштунак, сані. Новыя сані абавязкова выпрабоўвалі на свята. На іх садзілася моладзь, колькі наб’ецца, чалавек дваццаць, і з’язджалі з самай высокай гары ў наваколлі. Чым вышэй гара, чым далей заедуць сані, тым вышэйшым вырасце лён, каноплі і жыта. У першыя дні Масленіцы-Сырніцы грамада выбірала сабе пастуха на новы сезон. Тады ж сем’ямі было заведзена адведваць сваіх бабак-павітух, іх яшчэ называлі “пупарэзніцы”. Дзяды з унукамі прыносілі ёй пірагі. Масленічны (сырны) тыдзень заканчваўся тым, што ўсе сямейнікі прасілі адзін ў аднаго прабачэння за магчымыя крыўды і грахі.
Масленіца была і святам маладых сем’яў, тых, хто пабраўся шлюбам цягам года. Да іх хат падыходзілі дзеўкі і цёткі, выклікалі песнямі, вадзілі вакол маладых карагоды, атрымлівалі пачастунак. Назаўтра малады гаспадар вёў тую ж кампанію ў карчму, дзе частаваў гарэлкай і прысмакамі. Асобныя абрады-ушчуванні існавалі для тых дзяўчат і хлопцаў, якім па ўзросце трэба было б пабрацца шлюбам, але яны з розных прычын марудзілі і не выконвалі свайго жыццёвага абавязку – працягнуць род. Маладыя штукары, адсочвалі на вуліцы нежанатых хлопцаў, спявалі ім прыпеўкі-дражнілкі, прывязвалі да нагі ладны драўляны цурбэлак. Тыя мусілі адкупляцца, каб не цягаць тую дзеравяшку з сабой па вёсцы. Падносілі цурбэлкі і да хатаў, дзе жылі пераборлівыя дзеўкі. Дзяўчаты запрашалі штукароў у хату, частавалі, адкупляліся. І ніхто не крыўдаваў. Наадварот, дзяўчына лічыла для сябе ганьбай, калі перад яе хатай не спыніліся хлопцы з цурбэлкам.
Да XIV стагоддзя менавіта на Масленіцу прыпадаў Новы год. І летазлічэнне вялося ад стварэння сусвету а не ад нараджэння Хрыстова. У гэты час трэба было пазбаўляцца ад усяго старога, непатрэбнага. Таму кульмінацыяй свята стала знішчэнне пудзіла Мары (або Масленіцы). Пудзіла рабілі з саломы, апраналі ў кашулю таго, хто апошнім памёр у вёсцы, падпярэзвалі пасам дзяўчыны, якая апошняй выйшла замуж. Пудзіла насілі па вёсцы са спевамі. Потым часцей за ўсё спальвалі за ваколіцай на вогнішчы, але ёсць мясцовасці, дзе пудзіла тапілі, раздзіралі на часткі, вешалі на дрэва. Тады ж знішчалі і непатрэбны абутак, вопратку хворых, памерлых. Продкі імкнуліся перайсці ў новы год без таго, што напаткала іх кепскага ў мінулым.
Шмат якія масленічныя абрады беларусаў маюць аналагі ў іншых еўрапейскіх народаў. Гэта наша агульная інда-еўрапейская спадчына.
Максім КЛІМКОВІЧ