Забыты праект

Сёлета спаўняюцца два дзяржаўныя юбілеі Беларусі. 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ўжо адзначылі 25 сакавіка, наперадзе яшчэ адзін юбілей — 100 год абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Праз год споўніцца 100 гадоў з дня абвяшчэння Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне, хаця і было рэалізаванае, але праіснавала крыху больш за год. Пасля чаго зноў паўстала БССР, якая ў 1991 годзе трансфармавалася ў сённяшнюю Рэспубліку Беларусь.

Аднак, існаваў яшчэ адзін цікавы дзяржаўны праект для пасляваеннай Беларусі. Калі б ён быў рэалізаваны, то Беларусь у сённяшнім свеце выглядала б інакш. І аўтарам гэтага маштабнага праекту, пра які адкрыта не пісалі ў прэсе, быў тагачасны савецкі лідар Іосіф Сталін. Як вядома, адразу пасля вайны толькі дзве савецкія рэспублікі — Беларусь і Украіна сталі краінамі-сузаснавальніцамі Арганізацыі аб’яднаных нацый. Зразумела, што гэта была ініцыятыва самога Сталіна. Без ягонага ведама кіраўніцтва саюзных рэспублік не пайшло б на падобны крок. Чаму толькі дзве рэспублікі? Чаму толькі Украіна і Беларусь?

Рэч у тым, што яшчэ ў 1944 годзе, калі ўжо акрэсліваліся рамкі канчатковых вынікаў Другой сусветнай вайны, і было зразумела, якія дзяржавы трапяць у сферу савецкага ўплыву, Сталін задумаў стварыць пасля перамогі над Германіяй самую вялікую краіну ў свеце, якая б аб’яднала ўсе славянскія дзяржавы. Проста далучыць да СССР еўрапейскія краіны, што трапілі ў сферу савецкага ўплыву, было немагчыма. З пункту гледжання Захаду гэта выглядала б адкрытай акупацыяй. Таму план быў наступны. Беларусь і Украіна – члены ААН, рэалізоўваюць сваё канстытуцыйнае права на выхад з СССР. Пасля чаго ўтвараюць канфедэратыўную дзяржаву разам з Польшчай, Чэхаславаччынай, Балгарыяй і Югаславіяй са сталіцай у Мінску. Праз нейкі час да канфедэрацыі далучаюцца Венгрыя, Румынія, Албанія, ГДР і СССР. Мінск стаўся б гэтакім аналагам сённяшняга Брусэлю – сталіцай сацыялістычнага Еўразвязу. Ясная рэч, што сацыялізм у ім быў бы з пазначкай “лайт”. З умоўнай шматпартыйнасцю, з дазволам на дробнае прыватнае прадпрымальніцтва, без асаблівага ўціску рэлігіі, як і было ў еўрапейскіх краінах сацыялістычнага лагеру за часамі існавання СССР.

Пра рэальнасць такога плана гаворыць хаця б тое, што яшчэ ў 1944 годзе Сталін стварае міністэрствы абароны Украіны і Беларусі. У рэспубліках пачынаецца фармаванне нацыянальных вайсковых частак, прычым назвы іх не павінны былі выклікаць непрыняцця ў іншых еўрапейскіх славянаў: дывізія імя Кастуся Каліноўскага, а ў яе складзе палкі Беластоцкі, Гродненскі, Навагрудскі. Актыўна пачалі прапагандаваць ідэі панславянізму, згодна з якімі ўсе славяне мусяць аб’яднацца.

Беларусь, Мінск павінны былі стаць “вітрынай” новай дзяржавы, гэтакім узорам для пераймання. Сталіца Беларусі стала б цэнтрам культуры, мастацтва, эканомікі і палітыкі Усходняй Еўропы.

Савецкі Саюз, або новая дзяржава з новай назвай, пазней бы ўсё адно распалася б, бо да гэтага прывялі б унутраныя, а не знешнія прычыны. Але ўжо напрацаваныя сувязі з Берлінам, Прагай, Варшавай, Будапештам аўтаматычна прывялі б Беларусь у Еўразвяз разам з іншымі краінамі Усходняй Еўропы.

Праект так і не быў рэалізаваны. Часткова з-за смерці Іосіфа Сталіна, часткова з-за таго, што лідары Югаславіі і Балгарыі бачылі ў перспектыве свае сталіцы на чале новай дзяржавы. У любым выпадку гісторыя склалася так, як склалася. Амбіцыйны праект савецкага лідара так і застаўся праектам.