Забытая вайна

Апошнія гады багатыя на вайсковыя юбілеі звязаныя з Першай і з Другой сусветнымі войнамі. Беларусь так ці інакш брала ў іх удзел. Якраз у гэтыя дні сто гадоў таму на нашай тэрыторыі з нашым удзелам адбываліся трагічныя падзеі савецка-польскай вайны 1919-1920 гадоў. Пасля перамогі над гітлераўскай Германіяй пра яе ў Савецкім Саюзе мала згадвалі. Яно і зразумела. Ані ў воднай краіне палітыкі не любяць згадваць пра войны, якія прайгралі.

Першая сусветная вайна разбурыла еўрапейскія імперыі. Шмат якія паняволеныя народы вярнулі страчаную або ўпершыню здабылі незалежнасць. Аднаўленне Польшчы актыўна падтрымалі ЗША, Вялікабрытанія. Францыя напачатку 1920 года перадала Польшчы амаль паўтары тысячы гармат, 350 самалётаў, 2 800 кулямётаў, 327,5 тысяч вінтовак. На гэты час Войска польскае, якое налічвала 545 000 жаўнераў, ужо стаяла ў Беларусі на лініі ракі Бярэзіны, адтуль і пачалося новае наступленне на ўсход. У Варшаве спадзяваліся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года. Таму яе кіраўніцтва на словах выступала за стварэнне Другой Рэчы Паспалітай на федэратыўным падмурку разам з беларусамі і ўкраінцамі. Начальнік дзяржавы, так афіцыйна гучала пасада Юзафа Пілсудскага, у Мінску падчас параду і мітынгу нават выступіў перад жыхарамі горада па-беларуску. Пілсудскі, дарэчы, быў ураджэнцам этнічна беларускіх земляў. У маладосці нават пісаў вершы па-беларуску, часам у дакументах пазначаў сваю нацыянальнасць, як беларус. Аднак, у яго атачэнні было шмат польскіх шавіністаў. Пасля выступу ў Мінску яны і забаранілі яму афіцыйна прамаўляць на любой іншай мове, апроч польскай. У Варшаве тады не хацелі бачыць Беларусь незалежнай. На кіруючыя пасады ставілі толькі тых, хто лічыў сябе палякам. Зачынялі беларускія школы, газеты.

У Маскве на той час мыслілі яшчэ больш глабальна. Перамога сацыялістычнай рэвалюцыі ў адной асобна ўзятай краіне была для бальшавікоў толькі першай прыступкай. Яны марылі пра перамогу камунізму ва ўсёй Еўропе. У перспектыве – пабудова саюза сацыялістычных рэспублік ад Партугаліі да Уладзівастока са сталіцай у Берліне. Менавіта так, цэнтр мусіў знаходзіцца ў Германіі, у адной з самых пралетарскіх краін тагачаснага свету. І, каб прыйсці на дапамогу нямецкім камуністам, трэба было перамагчы Польшчу.

У Савецкай краіне абвесцілі вайсковае становішча. Чырвоная армія пачала наступ на захад. Заходнім фронтам камандаваў М. Тухачэўскі, адказваў за наступ І. Сталін. Чырвоная армія прасоўвалася паспяхова. 11 ліпеня 1920 года яна ўвайшла ў Мінск. А 31 ліпеня горад зноў стаў сталіцай паўторна абвешчанай ССРБ. У сярэдзіне жніўня Чырвоная армія выйшла на подступы да Варшавы  Здавалася б, яшчэ крыху… Але здарыўся так званы “цуд над Віслай”. Палякі перайшлі ў наступ. І стомленая Чырвоная армія з яе расцягнутымі пры імклівым наступе амаль на тысячу кіламетраў абозамі не вытрымала ўдар, пакацілася на ўсход.

Якраз такімі днямі роўна сто гадоў таму завяршалася савецка-польская вайна. Войска польскае 19 жніўня ўвайшло ў Брэст, а 28 верасня ў Пінск. Прычын паражэння бальшавікоў было шмат. Асноўнае, што яны рабілі зверстваў на тэрыторыі Заходняй Беларусі значна больш, чым палякі. Забаранялі богаслужэнні, расстрэльвалі святароў, гвалтам забіралі мужчын у войска.

На падпісанне перамір’я ў Рызе беларускую дэлегацыю не дапусцілі. Наш народ і краіну падзялілі напалам на два дзесяцігоддзі. Сёння напамінам аб гэтай вайне служаць пахаванні жаўнераў Войска польскага і байцоў Чырвонай арміі шмат у якіх гарадах і мястэчках Беларусі.