Забытае свята

Ёсць у нашай мове слова “заручыны”. Сэнс яго не забыўся. А вось само свята практычна сышло з ужытку сённяшніх беларусаў. Сапраўды, цяжка сабе ўявіць, каб сучасны малады чалавек засылаў да сваёй абранніцы і яе бацькоў сватоў, якія ўсур’ёз абмяркоўвалі б магчымасць далейшага шлюбу. Цяпер у лепшым выпадку будучы жаніх у рамантычнай атмасферы, запрасіўшы дзяўчыну ў кавярню, проста дорыць ёй пярсцёнак і абвяшчае пра свой намер узяць яе ў жонкі. Ну, а яна ўжо пагодзіцца, або – не. І толькі потым маладыя ставяць бацькоў перад фактам будучага вяселля. Вось і ўсе цяперашнія заручыны.

Раней жа бацькі, асабліва ў багатых, або магнацкіх, шляхецкіх сем’ях мелі вырашальны голас у далейшым лёсе сваіх дзяцей, бо бралі пад увагу эканамічныя чыннікі будучага шлюбу, радавітасць жаніха, нявесты. Таму і існаваў інстытут сватоў. Шлюб быў вынікам перамоў, якія доўжыліся часам некалькі месяцаў. На пачатковым этапе сваты прыязджалі з пачастункам і пераконвалі бацькоў дзяўчыны ў перавагах свайго кандыдата. Пры гэтым усяляк намагаліся прынізіць яго канкурэнтаў. Дыялогі бакоў традыцыйна насычаліся экспрэсіяй, красамоўствам, цытатамі са Святога Пісання, класічнай літаратуры. Для недасведчаных сватоў нават выдаваліся зборнікі тыповых прамоў. Фінальны этап заручынаў, калі бацькі дзяўчыны давалі згоду, абстаўляўся ўрачыста, суправаджаўся музыкай, песнямі, танцамі, вытанчанымі тостамі. Тады маладыя абменьваліся заручальнымі пярсцёнкамі і прасілі бацькоўскага дабраслаўлення.

У рэальнасці выпадкаў адмовы амаль не здаралася. Перад засыланнем сватоў добра “прамацвалася глеба”, адбываліся неафіцыйныя перамовы. Кал ж такое і здаралася, то адмова практычна ніколі не агучвалася, крыўдныя словы не прамаўляліся ані бацькамі дзяўчыны, ані ёй самой. Проста існаваў звычай выстаўляць на стол пэўныя стравы-знакі. І калі перад хлопцам ставілі на талерцы гарбуз, гусака, або парася з чорным соусам, ці чорную юшку, то адназначна давалі яму зразумець, што ў заляцанні не пашчасціла. Маўляў, пра нашу доню можаш забыцца.

Кандыдат мусіў прыехаць, як мінімум, з адным таварышам – шляхціцам, вядомым сваімі подзвігамі на вайне, або вучонасцю, набожнасцю, багаццем, радавітасцю. Калі ж кандыдат быў ужо самастойным гаспадаром, валодаў маёнткам, то яго мусіў суправаджаць эскорт з узброенай шляхты. Усе госці пры ўваходзе ў дом здымалі свае шаблі. І толькі магчымы жаніх заставаўся пры зброі. Ён, адзіны дарэчы, не меў права распрагаць свайго каня, нават, калі жывёле даводзілася цэлы дзень стаяць пад сядлом. Гэтым кандыдат паказваў, што ён гатовы ў кожны момант прыняць адмову дзяўчыны і яе бацькоў — неадкладна з’ехаць.

Ад заручын да вяселля ў сялянскіх сем’ях праходзіла колькі дзён ці тыдняў. У каралеўскіх, княскіх магло прайсці і колькі гадоў, бо дынастычныя шлюбы планаваліся загадзя. Бацькі маглі заручыць яшчэ маленькіх хлопчыка і дзяўчынку. У заможнай шляхты гэтая паўза звычайна займала некалькі месяцаў таму, што абавязкова трэба было паслаць ганцоў або разаслаць запрашэнні бліжэйшым сваякам, якія часам жылі ў іншых дзяржавах. Пакуль усе госці не з’ехаліся, вяселле не пачыналі. Гэты час не гублялі дарма, запасаліся харчамі і выпіўкай. Менавіта для вяселля прызначалася знакамітая гарэлка старка. Цяпер мы яе ведаем, як польскі брэнд, але ж палякі запазычылі рэцэпт і назву ў нас. Моцны самагон залівалі ў выдзеўбаныя дубовыя калоды з-пад угорскага віна, замазвалі іх воскам і закопвалі ў пясок. Атрымліваўся вось такі беларускі віскі ў сённяшнім разуменні, яго і падавалі на шляхецкім вяселлі.