За што?

Кожны калі-небудзь у жыцці казаў: “Я люблю сваю Радзіму”. Казаў шчыра, адчуваючы гэтую любоў. А вось паспрабуй спытаць: “А за што ты яе любіш?” І тут высвятляецца, што адказаць цяжка, практычна, няма адказу. Ну, не лепшая ж Беларусь ва ўсім свеце. Не горшая, але і не лепшая. Варта зазірнуць у статыстычныя табліцы. Не самая багатая, не самая вялікая, не самая спартыўная, няма ў нас цёплага мора і маляўнічых гор. І не за тое мы яе любім, што яна геаграфічны цэнтр Еўропы. Бо і гэта не да канца праўда. Яго месцазнаходжанне залежыць ад методыкі падліку. І падобныя “цэнтры Еўропы” ёсць і ў нашых суседзяў.   

Любоў, як і каханне, катэгорыя ірацыянальная. Бо яна жыве не ў галаве, а ў сэрцы. Мужчына можа з захапленнем глядзець на ўдзельніц конкурсаў прыгажосці, жанчыны абагаўляць кіназорак і папулярных спевакоў. Аднак, утульней за ўсё ім будзе са сваімі рэальнымі каханымі. Няхай, не ідэальнымі, але са сваімі адзінымі. Да іх можна прытуліцца, падзяліцца таемным, а можна і проста пасядзець, памаўчаць. Мы любім сваіх не ідэальных бацькоў, дзяцей, унукаў.

Так і любоў да Радзімы – да сваёй зямлі. У ёй магілы нашых продкаў, мы ходзім па ёй, на ёй працуем, жывём. У нашай памяці з дзяцінства краявіды нашых гарадоў, лясоў, вёсак, азёраў і рэк. Звычайна наша любоў увасобліваецца ў нейкай адной мясціне. І хоць большасць сённяшніх беларусаў нарадзілася ўжо ў гарадах, але шмат у каго застаецца, хаця б ва ўспамінах, дзедава хата, куды бацькі прывозілі дзяцей на вакацыі. І гэта быў самы шчаслівы час у жыцці. Бесклапотны і вольны. Хочаш, дапамагай дарослым па гаспадарцы, хочаш ідзі ў грыбы, ягады, на рыбалку. А ў дажджлівыя прахалодныя вечары можна залезці на печ, якую бабуля адмыслова напаліла для ўнукаў, і дзе сярод жару млее чыгунок, а ў ім бульба з прыгаркамі . Гэтыя смакі, пахі, гукі назаўсёды засталіся ў свядомасці.

Традыцыйная беларуская вёска з яе фальклорным спевамі, самаробнай вопраткай, глінянымі збанкамі, вышыванкамі пачала пакрысе знікаць ужо пасля Першай сусветнай вайны, якая сарвала хвалю перасяленцаў, пагнала вяскоўцаў у гарады на пошукі працы. І гэты працэс амаль завяршыўся ў нашыя дні. Цяпер зрэдчас сустрэнеш класічную вясковую бабульку, ад якой можна пачуць народныя песні, паданні. Звычайна, калі распытваеш у вёсцы пра мясцовыя легенды, то нярэдка чуеш у адказ: “Вы лепш у інтэрнэце іх пашукайце, там усё ёсць”.

Ужо з 1960-х гадоў беларуская вёска ў традыцыйным яе разуменні пачала выміраць. З’явіліся кінутыя хаты з забітымі дошкамі вокнамі, гаспадарчыя пабудовы пакрысе расцягвалі на дровы. Нядаўна здавалася, яшчэ колькі дзесяцігоддзяў, і нічога не застанецца аграгарадкі. Але ж настальгія, туга па страчаным дзяцінстве і памяць продкаў шмат каго з беларусаў зноў павярнула да родных мясцін. Сённяшнія гараджане пачынаюць абжываць апусцелыя дзедавы хаты, тыя, хто некалі прадаў іх, купляюць сабе суседскія. Гэта не новае жыццё ў вёсцы. Мясцовыя кпліва называюць такіх “дачнікамі”. Але ж, дзякуючы ім, вёскі, хаця б на лета аджываюць. Хто традыцыйна садзіць бульбу, гародніну, нехта ператварае ўчастак у вялізны дагледжаны газон. З’яўляюцца ландшафтныя інсталяцыі. У каго стылёва вытрыманыя ў вясковым стылі – у расколатых чыгунках растуць кветкі, на сцяне вісяць старыя прылады працы і драўляныя колы ад воза, а на альпійскай горцы высіцца сячкарня. Нехта ставіць драўляных буслоў у кубле, а побач пальму, зробленую з пластыкавых бутэлек. Вядома ж, гэта кіч, але, магчыма і яго у будучым стануць вывучаць, класіфікаваць этнографы.