“З тайгi пад Акропаль”

Мемуары каштоўныя тым, што гэта сведчанні ўдзельніка падзей, а не іх інтэрпрэтацыя сучаснымі гісторыкамі. Мы глядзім на падзеі мінулага вачыма людзей, хто жыў у тыя часы. Беларуская літаратура багатая на мемуары. Першыя з іх пачалі з’яўляцца яшчэ ў XVI стагоддзі. Так князь Радзівіл Сіротка выдаў дзённікі свайго паломніцтва ў Святую Зямлю. Пік мемуарыстыкі прыпадае на ХІХ стагоддзе. Адно, што толькі адзінкі з іх напісаныя па-беларуску. Большасць па-польску, ці лацінай, па-французску, бо іх аўтары разлічвалі на максімальна шырокую аўдыторыю. Таму апошнім часам за працу ўзяліся нашы перакладчыкі. І вось днямі выйшаў на святло пераклад успамінаў Зыгмунта Мінейкі – удзельніка паўстання 1863 года, “З тайгі пад Акропаль”.

Зыгмунт Мінейка чалавек легендарны, нарадзіўся на Ашмяншчыне ў 1840-м годзе, належаў да таго пакалення, якое не бачыла на вочы старой Рэчы Паспалітай, але, дзякуючы выхаванню, кнігам, было патрыятычна настроенае. Так, падчас навучання ў Віленскай гімназіі, калі ўсе навучэнцы мусілі скласці прысягу на вернасць расійскаму імператару, Мінейка ў падпісным лісце паставіў выдуманае прозвішча, і таму лічыў сябе вольным ад гэтай прысягі. Потым быў універсітэт у Пецярбурзе. Пасля ён хадзіў па вёсках і разносіў друкаваныя улёткі з “Гутаркай старога дзеда” па-беларуску, якую напісаў Вінцэнт Дунін Марцінкевіч. На яго данеслі, і Зыгмунт мусіў з’ехаць у Італію, дзе трапіў у вайсковую школу, якую адчыніў Джузэпэ Гарыбальдзі для юнакоў з былой Рэчы Паспалітай.

Калі выбухнула паўстанне, Мінейка вярнуўся ў Беларусь, дзе мусіў узначаліць атрад на Ашмяншчыне. Па спісах у ім павінна было быць 400 чалавек, але ў рэальнасці аказалася ўсяго 28. Але Зыгмунт не адмовіўся ад змагання за незалежнасць. Пэўны час ён паспяхова вёў партызанскую вайну, але ж 15 чэрвеня пад Расолішкамі яго атрад быў разбіты, а сам малады камандзір трапіў у палон. Яго прысудзілі да смяротнай кары. Але маці Зыгмунта дала хабар у 9 000 рублёў, і страту замянілі на 12 гадоў катаргі ў сібірскіх рудніках. Далей былі прыгоды вартыя рамана. Па дарозе ў ссылку памёр сябра Мінейкі, у якога прысуд быў – проста пасяленне. І Зыгмунт пайшоў далей па этапе ўжо з яго дакументамі. На пасяленні ў Томску Мінейка адкрывае, як сказалі б сёння, уласны паспяховы бізнес. Робіцца заможным чалавекам, а потым уцякае. У Пецярбурзе пад выглядам сібірскага купца атрымлівае замежны пашпарт і перабіраецца ў Парыж, дзе с поспехам скончыў акадэмію генеральнага штаба. Але былому беларускаму паўстанцу прыйшлася не па душы каланіяльная вайна ў Алжыры і ён з’язджае ў Грэцыю, дзе бярэ ўдзел у балканскай вайне супраць турак. У мірны час ён робіцца вядомым як інжынер-праектант, будуе дарогі, масты. Як археолаг, робіць сенсацыйнае адкрыццё – знаходзіць руіны храма Зеўса, пра які ў свой час пісаў Сакрат. Калі ўзнікае ідэя адрадзіць антычныя Алімпійскія гульні, Зыгмунт Мінейка ўключаецца ў аднаўленне-рэканструкцыю старажытнага так званага Мармуровага стадыёна. Адкуль сам потым вядзе рэпартажы для газет з першых Алімпійскіх гульняў сучаснасці. Такім чынам ён фактычна робіцца адным з пачынальнікаў прафесіі спартовых каментатараў.

Сярод яго ўнукаў папулярны грэцкі палітык Андрэас Папандрэу, які быў прэм’ер-міністрам краіны.

Ужо на схіле жыцця Зыгмунт Мінейка бярэцца пісаць успаміны, у выніку пакідае грунтоўную і цікава напісаную кнігу, дзякуючы якой мажліва адчуць дух таго часу, зразумець, што Беларусь ніколі не была ізаляванай ад сусветных падзей. А лепшыя яе людзі, калі былі вымушаныя пакідаць родную зямлю, рэалізоўвалі свае таленты за мяжой.