Як войска дзялілі

Роўна 27 гадоў таму, у такія ж змрочныя восеньскія дні адбываўся вельмі важны працэс. Савецкі Саюз ужо спыніў сваё існаванне, з’явіліся новыя незалежныя дзяржавы, а вось Савецкае войска засталося. Трэба было нешта з гэтым рабіць, бо салдат нехта карміць мусіць, вучэнні з імі праводзіць, грошы афіцэрам за службу плаціць. Адзінае выйсце — падзяліць спадчыну СССР, а яна немалая. Дамовіліся кіраўнікі краін і паслалі на сустрэчу сваіх прадстаўнікоў, каб абмеркавалі і чэсна ўсё падзялілі.

Ад іншых рэспублік паслалі генералаў, а тагачасны беларускі прэм’ер вырашыў паслаць главой дэлегацыі цывільнага – дэпутата парламента, прафесара гісторыі, які меў востры розум і хуткую рэакцыю ў размове, прыкамандыраваў да яго колькі талковых спецыялістаў-палкоўнікаў. Нічыіх прозвішчаў называць не стану. Імёны былых палітыкаў хутка сціраюцца ў людской памяці, а вось іх справы застаюцца. Былы дэпутат, прафесар гісторыі дагэтуль выкладае ў адным з нашых універсітэтаў. Ад яго і ведаю, як тое было.

Пляцоўкай для сустрэчы выбралі Кіеў. З’ехаліся сур’ёзныя дзядзькі ў пагонах з вялікімі зоркамі. Міністр абароны СССР у званні маршала падазрона паглядзеў на беларускага прафесара і з чыста армейскай падколкай запытаўся, у якім той званні? Адказ: “старэйшы лейтэнант запасу”, — прымусіў зайсціся генералаў смехам. Але ж недарма менавіта прафесара ад нас паслалі, зрэагаваў ён імгненна і спытаўся ў міністра абароны, якую той краіну прадстаўляе? А такой краіны, як СССР, ужо і няма на карце свету, засталася толькі ў падручніках гісторыі. Маршалу дыханне пераняло, не ведае, што і адказаць. Атрымліваецца, ён “ніхто”, а беларус — старэйшы лейтэнант запасу, які ані дня ў войску не служыў, а толькі курсы прайшоў пры вайсковай кафедры ва ўніверсітэце, рэальныя паўнамоцтвы мае. Тут генералы ўжо не смяяцца пачалі, а рагатаць. Маршал таксама не дурань, крыўдаваць не стаў, разам з іншымі засмяяўся. Ну, а калі разам усе пасмяяліся, то і давер паміж людзьмі ўзнік, узяліся за справу.

Дзяліць, як кажуць у народзе, можна “па роўнаму”, або “па справядлівасці”. Спрачаліся, але ж вырашылі так – няхай усё, што на тэрыторыі рэспублік знаходзілася на момант развалу СССР, ім і дастаецца, і тэхніка, і матэрыяльная база. А беларусам гэта толькі на руку, бо былі мы заходнім фарпостам Савецкага Саюза. Тут самае лепшае ўзбраенне сканцэнтраванае.

Гэта потым ужо расійскія генералы спахапіліся, калі да канкрэтных пазіцый дайшло. Хацелі марское вучылішча ў Пінску сабе забраць, маўляў, у беларусаў мора няма. Не атрымалася. Спрабавалі і Віцебскую дэсантную дывізію разам з тэхнікай сабе пакінуць, лепшую ў Саюзе, там практычна ўсе афіцэры рускія, бо рыхтавалі іх у Разані. Але наш прафесар і тут знайшоў выйсце, арганізаваў жонак віцебскіх афіцэраў, а жанчыны амаль усе мясцовыя – беларускі. Яны афіцыйна звярнуліся да нашага і расійскага кіраўніцтва, слёзна прасілі пакінуць мужоў у Беларусі, бо тут і дзеці ў школу ходзяць, і дзяды з бабулямі жывуць. Так і засталася дывізія пад Віцебскам. Прыкладна такая ж гісторыя атрымалася і з верталётным палком у Кобрыне, аснашчаным самай сучаснай тэхнікай. Яшчэ ўдалося дамовіцца, каб усе афіцэры беларускага паходжання маглі вярнуцца служыць на Радзіму.

Так што самыя балючыя пытанні з раздзелам войска былі вырашаныя шляхам перамоў. І Беларусь ніхто не пакрыўдзіў. Адно, пра што шкадуе сёння наш прафесар, не здолеў пераканаць кіраўніцтва ўзяць ад Расійскай Федэрацыі грашовую кампенсацыю за перададзенае ёй ядзернае ўзбраенне. А такое было цалкам рэальна.