Як становяцца паэтамi
Неяк разгаварыўся з адным маім знаёмым паэтам. А гутарылі мы пра тое, ці ёсць шляхі, якія вядуць у літаратуру. Пагадзіліся з тым, што павінен быць прыродны талент, але ж і мусіць знайсціся нейкі штуршок, каб гэты талент раскрыўся. І тут паэт распавёў пра свой досвед.
На двары стаялі 1970-я. Было майму знаёмаму гадоў дзевяць, жыў ён на хутары пад Валожынам. Побач стаяла яшчэ некалькі такіх жа хутароў. У тыя часы ў кожнай беларускай хаце была радыёкропка, якую ў народзе звалі “брахалаўка”. Звычайна працавала яна ад раніцы да ночы. Не магу сказаць нічога кепскага пра тагачасную разнастайнасць вяшчання. Былі там і літаратурныя чытанні, і радыё-тэатр, класічная музыка, эстрада, дзіцячыя перадачы… Аднак гучала і прапаганда – даволі ўмела зробленая, дарэчы. Спачатку распавядалі пра мілітарысцкія колы Захаду і Амерыкі, якія прагнуць гонкі ўзбраенняў, а потым – пра міралюбную палітыку СССР, дзякуючы якой заключаныя розныя міжнародныя пагадненні, кшталту абмежавання ядзерных узбраенняў, ці забароны іх выпрабавання.
Хлопчык міжволі слухаў радыёкропку. І ў яго галаве адклалася простая ісціна, тое, што заставалася ў памяці пасля праслухоўвання – амерыканцы хочуць нас бамбіць, як некалі бамбілі немцы, яны кепскія. А таму трэба ім адпомсціць. Будучы класічным інтравертам, ён толькі і пацікавіўся ў бацькоў – а дзе ж жывуць тыя амерыканцы? Пачуў такі ж лаканічны адказ – пад намі, на тым баку Зямлі. Хлопчык далей за райцэнтр ніколі не выязджаў, да урокаў астраноміі яшчэ не дарос, а таму лічыў, што зямля плоская. На адным баку гэтага бліна жывуць беларусы. Калі глыбока капаць, то можна дабрацца да амерыканцаў, якія жывуць на другім баку. Пачаў ён капаць яміну за хлявом, аднак, неўзабаве ўпэўніўся, што зямля асыпаецца. І тады давялося задумацца над іншым праектам. Самае глыбокае, што на той час бачыў будучы паэт у жыцці – гэта студня, калодзеж. І відавочна, што з таго боку, пад ёй, у амерыканцаў існуе такая ж студня. Яны таксама бяруць з яе ваду. Трэба ж ім яе недзе браць. І варта толькі іх падпільнаваць.
Студня на ўсе хутары была адна і месцілася на градах суседкі. Хлопчык набраў камянёў, пайшоў да калодзежа і стаў шпурляць іх у ваду. Пасля кожнага кідка прыслухоўваўся. Часам яму здавалася, што патрапіў у лоб каму з амерыканцаў, якія на тым баку схіліліся над студняй, часам нават чуў ва ўсплёсках енкі і замежную лаянку. Вучань трэцяга класа здзяйсняў акт помсты тым, хто сабраўся скідаць бомбы на Беларусь. Ён сам бамбардаваў Амерыку. У час заўважыў суседку, яна бегла ад сваёй хаты з мяцёлкай у руках. Хлопчык зразумеў, што не паспее яе пераканаць, нібыта займаецца карыснай, патрыятычнай справай, і ўцёк. Відаць, суседка не пазнала яго з адлегласці, бо скардзіцца да бацькоў не прыйшла.
Назаўтра будучы паэт вырашыў паўтарыць акт помсты і зноў пачаў закідаць амерыканцаў камянямі. Гэтым разам суседка падкралася незаўважна і схапіла хлапчука за вуха на гарачым учынку. Праз боль і крыўду ён адчуў, што яму зноў бракуе простых словаў, каб растлумачыць сітуацыю, апраўдацца. І таму сам сабой да галавы прыйшоў кароткі верш, які ён выгукнуў на адным дыханні раз’юшанай суседцы. Тая чакала чаго заўгодна, толькі не гэтага, а таму ад здзіўлення адпусціла народнага мсціўцу.
Вось з таго часу мой знаёмы і стаў складаць вершы, а калі даведаўся, што малому Янку Купалу, калі ён паказаў бацьку свой першы верш, той даў рубель, стаў пісаць яшчэ больш імпэтна. Цяпер ён вядомы паэт, працуе ў сталіцы галоўным рэдактарам буйнога кніжнага выдавецтва.