Як руйнуюцца ідалы

Хто-небудзь з нашых чытачоў хаця б у дзяцінстве верыў у існаванне Дзеда Мароза? Калі хто і верыў то, відаць, не толькі таму, што разлічваў на падарункі ад гэтага выдуманага персанажа. Заўсёды добра, калі ёсць нейкая цудоўная сіла, у якую верыш. Спачатку і я шчыра верыў у існаванне Дзеда Мароза, які ўмее лётаць і завітвае да паслухмяных дзяцей у фортачкі. Верыў толькі таму, што пад каляднай ялінкай мы з сястрой заўсёды знаходзілі 1 студзеня падарункі. Калі не ён, то хто іх туды клаў? Да таго ж з’яўлялася звычайна тое, што мы напярэдадні ў яго і прасілі.

Не памятаю, колькі мне было гадкоў, калі бацькі ўпершыню прывялі мяне на навагодняе прадстаўленне – тры-пяць? Вялізная жывая елка ў тэатральным фае, лямпавыя гірлянды, сцяжкі, шарыкі, дзяўчаткі апранутыя ў сняжынак і мятлушак, хлопчыкі — у маракоў і касманаўтаў. Ну, і Дзед Мароз адпаведна прапаноўваў дзецям выходзіць да яго, чытаць вершы, загадкі, удзельнічаць у конкурсе карнавальных строяў. А ў якасці падарункаў частаваў удзельнікаў цукеркамі. Пакуль я наважыўся выйсці да ялінкі з вершыкам, то цукеркі ў яго закончыліся. Каб аддзячыць мне, Дзед Мароз вырашыў праспяваць песеньку, сеў на крэсла, начапіў баян і шырэй раскінуў ногі. Я стаяў зусім побач, а таму добра разгледзеў, што белыя барада з бровамі ў яго з ваты, прыклееныя, шчокі густа памазаныя чырвоным, дый твар у “дзеда” быў зусім юначы. Ну, а пад чырвоным бутафорскім кажухом праглядаліся вайсковыя галіфэ з кірзавымі ботамі, якія густа пахлі гуталінам. Карацей, да мяне нарэшце прыйшло разуменне, што забаўляў нас не казачны персанаж, а пераапрануты салдат з самадзейнасці. Праўда, і пасля азарэння па свае падарункі я штогод хадзіў на навагоднія ранішнікі ў той тэатр, атрымліваў спраўна, выдавала іх запрошаным дзецям прафсаюзная цётка, звяраючыся са спісам, трэба было толькі назваць свае імя і прозвішча. Ну, і не так важна, верыш ты ў Дзеда Мароза, пра гэта ніхто не пытаўся, галоўнае – ці твае бацькі заслужылі на працы для сваіх дзяцей падарунак.

Дом наш стаяў так, што нярэдка даводзілася праходзіць не каля параднага, а каля службовага ўваходу ў той самы тэатр. І на адзін з наступных навагодніх ранішнікаў я ўбачыў тое, што канчаткова дабіла ў нуль мае дзіцячыя казачныя настроі. На ганку службовага ўваходу стаяла Снягурка, відавочна сумавала паміж двума навагоднімі выступленнямі і паліла цыгарэту. Яна пераняла мой насцярожаны дзіцячы позірк, схавала цыгарэту ў кулаку, сарамяжліва пасміхнулася, выпусціла дым, падышла да мяне, прысела на кукішкі, зазірнула ў вочы. “Хлопчык, — сказала яна, — я толькі на святы, на сцэне раблюся Снягуркай. А ў іншы час жыву звычайным жыццём, хаджу на працу, у крамы. Даруй, што пабачыў мяне такой”. Памятаю, што ў мяне літаральна пераклініла свядомасць, я не мог вырашыць як звярнуцца да яе. Як да Снягуркі, то трэба было прамаўляць “ТЫ”, як да кожнага казачнага героя, а, як да жывой дарослай дзяўчыны мусіў бы сказаць “ВЫ”. І тады я прамармытаў нешта няўцямнае без ніякіх “ТЫ” і “ВЫ”, бо мне стала сорамна, нібыта я спецыяльна падгледзеў тое, чаго мне нельга было бачыць. Нібыта, гэта я знарок разбурыў казку, з якой прыйшла да дзяцей з заснежанага лесу Снягурка. Я не стрымаўся, слёзы з’явіліся ў вачах. Снягурка сцягнула з галавы сваю блакітную шапку з белай апушкай разам з прышытымі да яе тоўстымі бутафорскімі косамі. Страсянула галавой. Яе сапраўдныя каштанавыя валасы рассыпаліся па плячах. Яна паспрабавала мяне абняць, суцешыць. Я вырваўся, пабег у глыбіню парка не па натаптанай сцежцы, а па глыбокім навагоднім снезе.

Максім КЛІМКОВІЧ